Вулiцы Мазыра: беларусы i рэвалюцыя

У гэтым годзе спаўняецца 100 гадоў падзеям, што адбыліся ў Расійскай дзяржаве ў 1917 г.

У выніку Лютаўскай рэвалюцыі перастала існаваць самадзяржаўе. 2 сакавіка ад трону адмовіўся апошні з дынастыі Раманавых – Мікалай ІІ. А Кастрычніцкая рэвалюцыя завяршылася перамогай бальшавікоў і ўсталяваннем савецкай улады. Першыя дэкрэты новай улады – «Аб міры», «Аб зямлі» – грамадства доўга чакала, і дзякуючы ім большасць насельніцтва Расійскай дзяржавы прызнала савецкую ўладу.

Героi грамадзянскай вайны

Але падзеі кастрычніка 1917 г. на доўгі час падзялілі грамадства былой Расійскай імперыі на два супрацьлеглых лагеры – «белых» і «чырвоных», што па-рознаму бачылі будучыню краіны, паміж якімі ішла безлітасная барацьба. У яе ўмяшаліся і замежныя дзяржавы, і перш за ўсё – краіны Антанты, што былі незадаволены выхадам Расіі з Першай сусветнай вайны. Дзеля барацьбы з савецкімі рэспублікамі апошнія выкарысталі і Польшчу, якая напрыканцы 1918 г. аднавіла сваю дзяржаўнасць.

Польшча пачала інтэрвенцыю ў канцы лютага 1919 г. Пад націскам пераважаючых сіл савецкія войскі вымушаны былі адступіць. На захопленай тэрыторыі польскія інтэрвенты ўсталявалі жорсткі акупацыйны рэжым, аднавілі ўладу памешчыкаў і капіталістаў. На акупіраванай тэрыторыі разгортвалася ўзброеная барацьба супраць захопнікаў. Партызаны разбуралі камунікацыі, рабілі налёты на польскія гарнізоны, праводзілі разведку па заданню камандавання Чырвонай Арміі.

Гэтыя падзеі закранулі і Мазыр, які на працягу некалькіх месяцаў быў прыфрантавым горадам. Савецкае кіраўніцтва надавала яму значную ролю па разгортванню партызанскага і падпольнага руху на тых беларускіх землях, што ўжо былі захоплены палякамі. Уявіць падзеі 1919 г. на Мазыршчыне дапамагаюць успаміны бальшавіка  Андрэева, што захоўваюцца ў занальным дзяржаўным архіве г. Мазыра. Ён пісаў, што заходняя частка Мазырскага павета была захоплена войскамі Пілсудскага, а потым на працяглы час на фронце ўсталявалася «зацішша», якое парушалася «только частыми набегами передовых белопольских частей и разведывательной деятельностью… Однако в бой белополяки не вступали и не пытались захватить сам Мозырь».

У ліпені 1919 г. Цэнтральным камітэтам камуністычнай партыі Літвы і Беларусі ў Мазыры была створана падпольная арганізацыя. У горад «было завезено и спрятано в надежное место полное оборудование подпольной типографии с большим количеством шрифта; на нелегальный склад организации были завезены десятки пудов коммунистической литературы (воззвания, листовки, плакаты, брошюры) на русском, белорусском, польском, литовском и еврейском языках».

Эдуар Кавальскі, адзін з кіраўнікоў абароны горада, паведамляў у Маскву: «Много помогаем партизанам. Через прифронтовых крестьян пересылаем в тыл поляков литературу… Агитаторы из крестьян действуют более удачно, чем присылающиеся из частей комиссары. Они умело используют крестьянских мальчишек и с их помощью расклеивают листовки на польском языке за линией фронта…»

У жніўні 1919 г. Цэнтральным камітэтам Літбел у Мазыры быў сфарміраваны камітэт падпольнай арганізацыі, старшынёй якога быў Іосіф Казі-міравіч Апанскі (1897-1927), які пад псеўданімам Міхайлаў уладкаваўся працаваць настаўнікам рускай мовы і арыфметыкі ў сярэднюю школу горада (былую гімназію).

Прайшло некалькі месяцаў, «зацішша» зацягнулася. І тады па рашэнню ЦК КП Літбел Іосіф Казіміравіч быў легалізаваны. З настаўніка Міхайлава ён            стаў ужо як Апанскі старшынёй Мазырскага павятовага рэўкама. Аднак яшчэ да прыходу польскіх войскаў Іосіф Казіміравіч і быў адазваны з Мазыра на іншую работу. Пасля заканчэння грамадзянскай вайны ён працаваў на кіруючых пасадах у Петраградзе, Маскве, Беларусі, у тым ліку быў намеснікам паўнамоцнага прадстаўніка Аб’яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення па Беларускай ваеннай акрузе і адначасова з’яўляўся начальнікам Беларускага аддзялення Галоўнага таможнага ўпраўлення СССР.

У 1958 г. адной з мазырскіх вуліц было прысвоена імя І.К. Апанскага. Вуліца знаходзіцца ў мікрараёне Пралетарскі і мае складаную канфігурацыю, што ўзгадвае сабой лацінскую літару S.

Мазыр быў захоплены польскімі войскамі напачатку сакавіка 1920 г. З падзеямі, што адбываліся тады ў горадзе, звязана назва і вуліцы Данілеўскага, якая месціцца на ўскраіне «старога города», паміж вуліцамі Фрунзэ і 17 Верасня.

Вуліца атрымала сваё імя ва ўшанаванне памяці ўдзельніка грамадзянскай вайны Мікалая Сцяпанавіча Данілеўскага (1892-1920), які ў пачатку сакавіка 1920 г. быў камісарам 139-й брыгады 47-й стралковай дывізіі, што вяла жорсткія баі супраць буржуазнай Польшчы на Мазыршчыне. Сілы былі няроўнымі, польскія войскі прарвалі абарону горада і захапілі яго.

Тут прыняў апошні бой камісар Данілеўскі…

М.С.Данілеўскі з невялікай групай чырвонаармейцаў за-стаўся ў будынку, дзе месціўся штаб дзеля таго, каб знішчыць дакументы. На працягу 10 гадзін яны трымалі абарону, знішчылі больш за 40 салдат праціўніка. Чырвонаармейцам абяцалі захаваць жыццё, калі яны здадуцца, але Данілеўскі з паплечнікамі на гэта не згадзіліся. Вечарам , калі аніводнага з абаронцаў не засталося ў жывых, акупанты ўварваліся ў штаб.

Польскі генерал, аддаючы дань павагі да іх мужнасці, загадаў пахаваць іх з воінскімі ўшанаваннямі. Напачатку яны былі пахаваны ў раёне вул. Данілеўскага, у больш позні час – у раёне стадыёна «Спартак». У 1957 г. на будынку дома па вул. Ленінскай, дзе знаходзіўся штаб брыгады, была ўстаноўлена мемарыяльная дошка, якая да нашых дзён, на жаль, не захавалася.

Ёсць месца подзвiгу

Напачатку 1920-х гадоў на Мазыршчыне пачалася і рэвалюцыйная дзейнасць Веры Захараўны Харужай (1903-1942).

Яна нарадзілася ў Бабруйску, але, калі дзяўчынцы было 6 гадоў, яна разам з бацькамі пераехала ў Мазыр, дзе прайшлі яе дзіцячыя і юнацкія гады. Сям’я Харужых жыла ў доме недалёка ад ракі, і аб гэтым сведчыць мемарыяльная дошка па вул. Савецкай, 180: «Здесь стоял дом, в котором с 1909 по 1921 гг. жила Герой Советского Союза Вера Захаровна Хоружая». Яна вучылася ў Мазырскай жаночай гімназіі, якую скончыла ў 1919 г. ужо як адзіную працоўную школу другой ступені, пасля чаго пачала настаўнічаць на Палессі.

У 1920 г. удзельнічала ў барацьбе супраць антысавецкіх фарміраванняў Булак-Булаховіча. Вера Харужая была цудоўным прапагандыстам і агітатарам. Сведкі тагачасных падзей узгадвалі, што, калі гэтая дзяўчына ў чырвонай хустачцы выступала перад людзьмі, яна заўсёды магла пераканаць прысутных у пра-вільнасці сваіх ідэй. Працавала ў Мазырскім і Бабруйскім павятовых камітэтах камсамола, маладзёжных газетах.

В.З.Харужая ў 1924 г. была накіравана на падпольную работу ў Заходнюю Беларусь, якая пасля Рыжскага дагавору была ўключана ў склад Польскай дзяржавы. Тут Вера Харужая арганізоўвала кансператыўныя нарады і сходы па згуртаванні моладзі вакол КСМЗБ, выступала на мітынгах, пісала адозвы, артыкулы для падпольнага друку. За сваю рэвалюцыйную дзейнасць неаднаразова арыштоў-валася польскімі ўладамі. У 1932 г. у ліку 40 абмененых палітвязняў прыехала ў Мінск.

У 1935 г. Харужая была арыштавана АДПУ БССР і  выслана на «Балхашбуд» (Сярэдняя Азія). Калі восенню 1939 г. адбылося ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР, тады Вера Захараўна як чалавек, які ведаў спецыфіку гэтага беларускага краю, была накіравана ўладнымі структурамі на работу спачатку ў Целяханы, потым у Пінск.

У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны разам з Васілём Захаравічам Каржом удзель-нічала ў стварэнні аднаго з першых партызанскіх атрадаў на тэрыторыі Беларусі. У жніўні 1941 г. па загаду В.Каржа як звязная была паслана за лінію фронта. Вяртацца ў атрад В.Харужай было забаронена, таму што яна чакала дзіця.

5 кастрычніка В.Харужая нарадзіла сына, а ужо ў снежні 1941 г. звяртаецца ў ЦК КП(б)Б з просьбай аб накіраванні яе на падпольную работу на захопленную ворагам тэрыторыю. Яна пісала, што «в такие грозные дни, когда фашист-ские изверги терзают и топчут мою родную Белоруссию… Я должна вернуться. Я буду полезной. У меня большой опыт работы. Я знаю белорусский, польский, еврейский и немецкий языки. Я готова выполнять любую работу на фронте или в тылу… Сынок мой подрос немножко, и скоро я смогу его оставить с сестрой и бабушкой».

У верасні 1942 г. Вера Захараўна на чале групы была накіравана ў Віцебск для арганізацыі і ўмацавання патрыятычнага падполля. Збірала і перадавала камандаванню Чырвонай Арміі і партызанам каштоўныя звесткі пра ворага. 13 лістапада 1942 г. была арыштавана фашыстамі і пасля жорсткіх катаванняў расстраляна. У 1960 г. ёй было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Ва ўшанаванне памяці В.З. Харужай у 1962 г. ў Мазыры пастаўлены помнік, аўтарам якого з’яўляецца выдатны беларускі скульптар Заір Азгур. Помнік спачатку быў усталяваны ў гарадскім парку, потым месціўся ў раёне сённяшняга кінатэатра «Мір», а цяпер знаходзіцца ў мікрараёне Зарэчны, дзе знаходзіцца і сама вуліца, якая носіць імя гэтай мужнай жанчыны.

Помнік В.Харужай .

Вуліца Прытыцкага з’яўляецца адной з галоўных магістралей Мазыра, яна цягнецца ад вуліцы Міра амаль да чыгуначнай станцыі Козенкі. На ёй знаходзіцца шмат гандлёвых прадпрыемстваў, некалькі аптэк і аддзяленняў банкаў… Вуліца носіць імя Сяргея Восіпавіча Прытыцкага (1913-1971), савецкага партыйнага і дзяржаўнага дзеяча, дзеяча рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі.

Пад уплывам старэйшага брата Аляксандра, які знаёміў яго з камуністычнай літаратурай, даваў яму розныя даручэнні, Сяргей яшчэ ў маладосці далучыўся да рэвалюцыйнай дзейнасці, за што польскімі ўладамі быў арыштаваны першы раз ужо ў 20-гадовым узросце. Калі выйшаў на волю, то працягваў займацца рэвалюцыйнай дзейнасцю. У сту-дзені 1936 г. у Віленскім акружным судзе адбываўся працэс над 17 рэвалюцыянерамі, дзе асноўным сведкам абвінавачвання выступаў правакатар Стральчук, што быў завербаваны дзефензівай. Ад яго паказанняў залежыў лёс падсудных, і тады было прынята рашэнне ліквідаваць здрадніка.

Выканаць прысуд узяўся С.Прытыцкі, які страляў у правакатара ў зале суда. Пры гэтым сам быў паранены, у яго трапіла 4 кулі. Па ўказанні пракуратуры яму была зроблена складаная аперацыя. Як пісаў Сяргей Восіпавіч у сваіх успамінах, «рабілася гэтая аперацыя не таму, што польскія ўлады мяне шкадавалі і хацелі захаваць мне жыццё. Мэта ў іх была зусім іншая. Яны спадзяваліся праз мяне знайсці шлях да партыі. Ім таксама вельмі важна было вылечыць мяне з тым, каб затым павесіць на ўстрашэнне другім…»

30 чэрвеня 1936 г. Віленскі акруговы суд прысудзіў Сяргея Прытыцкага за прыналежнасць да КПЗБ да 15 гадоў турэмнага заняволення, а за замах на правакатара Стральчука – да павешання. Але ў абарону жыцця Прытыцкага падняўся магутны пратэст грамадскасці ў Польшчы. Да гэтага змагання далучыліся працоўныя Савецкага Саюза, Францыі, Чэхаславакіі, ЗША і іншых краін. У выніку гэтага ў лютым 1937 г. смяротны прысуд быў заменены пажыццёвым турэмным зняволеннем. Пра гэтыя падзеі распавядае мастацкі фільм «Чырвонае лісце» (Беларусьфільм, 1958).

С.В.Прытыцкі ў Вялікую Айчынную вайну быў адным з арганізатараў патрыятычнага падполля і партызанскага руху на Беларусі. Са жніўня 1941 г. на фронце удзельнічаў у стварэнні абарончых збудаванняў вакол Магілёва і фарміраванні народнага апалчэння ў Гомелі, у 1942-1944 гг. быў другім сакратаром ЦК ЛКСМБ. У пасляваенны час займаў адказныя дзяржаўныя пасады, з 1968 г. з’яўляўся старшынёй Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР.

Так выглядала вуліца Прытыцкага некалькі дзесяцігоддзяў таму.

Вулiца падпольшчыкау

Вуліца, якая носіць імя Калініна (ранейшая назва Калінік), з’яўляецца адной са старэйшых па ўзросту. Яна атрымала сваё сучаснае імя ў гонар Калі-ніна Міхаіла Іванавіча (1875-1946) – дзеяча камуністычнай партыі і савецкай дзяржавы.

Вуліца месціцца ў нізіне паміж вуліцамі Інтэрнацыянальнай і Фрунзэ, што знахо-дзяцца на даволі высокіх узгорках, і з-за гэтага, асабліва ў ранейшыя часы, моцна цярпела падчас дажджоў. Так, ад ліўня ў 1924 г., які працягваўся каля 2 гадзін, на вуліцы быў размыты раўчаг глыбінёю 6-8 сажняў. Адбываліся выпадкі, калі патокі вады падмывалі фундаменты дамоў. Камунальным службам горада прыхо-дзілася прыкладаць шмат намаганняў, каб ліквідаваць вынікі дажджоў. На пачатку ХХ стагоддзя два бакі вуліцы, якая тады называлася Жытомір-скай, звязваў мосцік.

Мемарыяльныя дошкі па вуліцы і завулку Калініна ўзгадваюць пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Адна з іх (вул. Калініна, 16) паведамляе, што ў гэтым доме з мая 1939 г. па жнівень 1941 г. жыў М.І.Макаранка, сакратар Мазырскага райкама КП(б)Б, камандзір першага Мазырскага партызанскага атрада, які загінуў у 1942 г.

Мемарыяльная дошка па завулаку Калініна, 6 распавядае, што ў гэтым будынку ў 1941-1942 гг. пад выглядам шаўца жыў удзельнік Мазырскага падполля, былы інструктар Палескага абкама КП(б)Б М.С.Казарэз. На кватэры падпольшчыкі абмяркоўвалі пытанні барацьбы з акупантамі, прымалі па радыё зводкі Саўінфармбюро і размнажалі іх, пісалі лістоўкі. У сакавіку 1942 г. Казарэз быў арыштаваны і закатаваны нацыстамі. У 1964 г. на будынку была ўсталявана мемарыяльная дошка.

Таццяна Нікіціна, Аляксандр Бобр.

(Працяг будзе).

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *