Гучыць праз стагоддзi купалаускае слова

Сёлета мы адзначаем 135-годдзе з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы. Са школьных падручнікаў нам знаёмы творы гэтага паэта. Хто не ведае вершы «Хлопчык і лётчык», «Юрачка», «Алеся»?! Але аб жыцці і творчасці Купалы хочацца ведаць больш. І тыя, хто ставіць перад сабой такую мэту, могуць звярнуцца ў літаратурны музей Янкі Купалы, які дзейнічае пры гімназіі г. Мазыра з 1984 года.

У 2017 годзе ў музеі была праведзена рэканструкцыя. Ён набыў сучасны выгляд, з’явіліся новыя экспанаты, быў абсталяваны этнаграфічны куток «Вясковая хата», пашырылася тэматыка экскурсій.

Сярод найбольш каштоўных экспанатаў – ксеракопія газеты «Северо-Западный край», дзе ў 1905 го-дзе быў змешчаны купалаўскі верш «Мужык». Маецца копія афішы чытацкай канферэнцыі пры ўдзеле Янкі Купалы, якая адбылася ў 1930 годзе ў г. Мазыры. Каштоўнай з’яўляецца фотакопія старонкі з кнігі «Хлопчык і лётчык» з подпісам маці Ю.Гагарына (гэта быў любімы твор касманаўта, які ён браў з сабой у палёт). А ў этнаграфічным кутку «Вясковая хата» можна пагрузіцца ў атмасферу дзяцінства пісьменніка, пазнаёміцца з прадметамі побыту канца XIX-пачатку XX стагоддзя.

Сёння музей – гэта цэнтр развіцця інтэлектуальных і творчых здольнасцей, маральна-патрыятычнага выхавання.

Са студзеня 1988 г. на базе музея дзейнічае літаратурны клуб «Купалінка». Арганізавана сумесная дзейнасць вучняў, настаўнікаў, бібліятэкараў, паэтаў. Вучні прэзентуюць свае навукова-даследчыя работы, спаборнічаюць у конкурсе чытальнікаў, складаюць уласныя паэтычныя і празаічныя творы.

Экспанаты музея выкарыстоўваюцца ў навучальна-выхаваўчым працэсе. Тут праходзяць урокі па творчасці Я.Купалы, выхаваўчыя мерапрыемствы. Намаганнямі членаў савета музея арганізуюцца су-стрэчы з паэтамі, пісьменнікамі, мастакамі, артыстамі.

Музей актыўна супрацоўнічае з Дзяржаўным літаратурным музеем Я.Купалы г. Мінска (на захоўванні знаходзяцца экспанаты з мінскага музея), з МДПУ імя І.Шамякіна.

Падрабязную інфармацыю аб музеі можна знайсці на сайце ДУА «Гімназія імя Я.Купалы».

Ганна ЧАЙКА, кiраўнiк музея, настаўнiк беларускай мовы i лiтаратуры.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *