Каменскай сярэдняй школе — 50 гадоў

Дарога даўжынёю ў паўстагоддзе

У гэтым годзе споўнілася 50 гадоў з моманту адкрыцця Каменскай сярэдняй школы. Зробім экскурс у мінулае…

У дарэвалюцыйнай Беларусі не было ні адной вышэйшай навучальнай установы. На ўсю Беларусь прыходзілася толькі 90 сярэдніх школ-гімназій і рэальных вучылішч. У пачатковых школах вучылася толькі сёмая частка дзяцей школьнага ўзросту. К пачатку ХХ ст. 77% насельніцтва Беларусі было няграматным.

У вёсках Каменка і Вялікі Бокаў да Кастрычніцкай рэвалюцыі школ не было, таму дзеці сялян не мелі магчымасці вучыцца грамаце. Яны з ранняга дзяцінства працавалі на палях і сенакосах мясцовага памешчыка Андрэя Урсіна («пана Бенгера»).

Па ўспамінах старажылаў в. Каменка граматных сярод жыхароў амаль не было. У вёсцы налічвалася толькі двое адукаваных сяльчан – Антон Герасімавіч Кузьменка і Павел Міхайлавіч Кузьменка. У той жа час яны і былі хатнімі настаўнікамі. Школьнага памяшкання не было, таму навучанне грамаце праводзілі ў сваіх хатах. Навучанне было платным. Кожны селянін, які адпраўляў сваіх дзяцей да гэтых настаўнікаў, павінен быў сам асабіста плаціць ім. Але толькі некаторыя сяляне маглі адправіць сваіх дзяцей вучыцца.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі на тэрыторыі рэспублікі паўстала пытанне аб ліквідацыі непісьменнасці на сяле. У 20-х гг. пачалася сістэматычная арганізацыя навучання насельніцтва. За адсутнасцю спецыяльных школьных устаноў школы ў той час размя-шчаліся ў наёмных памяшканнях.

Так, у в. Вялікі Бокаў першая школа была арганізавана ў хаце селяніна Арцёма Уладзіміравіча Гадлеўскага. У 1928 г. была пабудавана першая пачатковая школа ў в. Вялікі Бокаў, якая размяшчалася ў наёмнай кватэры жыхара вёскі Стэфана Калацэя. Школа арандавалася за 35 пудоў жыта за навучальны год. Сам гаспадар дома працаваў у школе вартаўніком. Школу ўзначальваў Віктар Канстанцінавіч Паўловіч, які сам вёў выкладанне з вучнямі чатырох класаў.

У в. Каменка першая пачатковая школа была адкрыта ў 1931 годзе. Школа размяшчалася ў памяшканні заможнага селяніна Дзмітрыя Паўлавіча Кузьменкі, які быў сасланы ў час калектывізацыі. Першым настаўнікам Каменскай пачатковай школы была Ніна     Ігнацьеўна Чуб, жыхарка в. Слабада Мазырскага раёна.

У 1933 г. у в. Вялікі Бокаў быў адкрыты 5 клас і пачатковая школа была ператворана ў няпоўную сярэднюю школу, якую наведвалі дзеці, што закончылі пачатковыя школы вёсак Каменка, Васькаўка, Бярозаўка, Антонаўка, Свірынаўка, Гостаў і Рудня. Першым дырэктарам Вяліка-Бокаўскай няпоўнай сярэдняй школы быў Іван Прохаравіч Чымірка. Школа размяшчалася ў 2-х дзяржаўных памяшканнях, дзе было 5 класных пакояў, кабінет дырэктара і настаўніцкая.

Да 1941 г. на Беларусі ўжо налічвалася больш 12 тыс. агульнаадукацыйных школ і 128 тэхнікумаў. Савецкая Беларусь у 1941 г. мела 25 вышэйшых навучальных устаноў, дзе навучалася больш 20 тыс. студэнтаў.

У 30-я г. у г. Мазыры было адкрыта педагагічнае вучы-лішча. З даваенных выпускаў Вяліка-Бокаўскай сярэдняй школы ў Мазырскім педага-гічным вучылішчы навучаліся Антон Пракопавіч Царэнка, які потым працаваў у Каменскай сярэдняй школе настаўнікам матэматыкі,  Сяргей Мацвеевіч Ліс, які працаваў сакратаром Гомельскага прафесійнага Савета. Дзмітрый Мацвеевіч Ліс і Міхаіл Купрыянавіч Браткоўскі доўгі час працавалі настаўнікамі ў Каменскай сярэдняй школе.

Першы выпуск Вяліка-Бокаўскай няпоўнай сярэдняй школы быў у 1935 г., а ўсяго на пачатку Вялікай Айчыннай вайны было 7 выпускаў. За 7 даваенных выпускаў Вяліка-Бокаўскую няпоўную сярэднюю школу закончылі прыкладна 140-150 вучняў.

На тэрыторыі Каменскага сельскага Савета працавала адна няпоўная сярэдняя школа (Вяліка-Бокаўская) з колькасцю вучняў 170-180, шэсць пачатковых школ, якія знахо-дзіліся ў вёсках Каменка, Васькаўка, Рудня, Бярозаўка, Антонаўка, Гостаў. Гэтыя пачатковыя школы і былі базай для Вяліка-Бокаўскай няпоўнай сярэдняй школы.

У час Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай тэрыторыі Беларусі школы, бібліятэкі, клубы і іншыя культурныя ўстановы былі знішчаны ці пераўтвораны ў канюшні. Так, у адным з будынкаў Вя-ліка-Бокаўскай школы была размешчана канюшня, а ў другім – знаходзіліся нямецкія салдаты. Школа ў час вайны не працавала, заняткі з дзецьмі не праводзіліся. Многія настаўнікі і былыя вучні школы пайшлі на фронт і ў партызанскія атрады. На франтах Вялікай Айчыннай вайны змагаліся былыя настаўнікі школы: Іван Прохаравіч Чымірка, Леанід Іванавіч Лявонаў, Вольга Фёдараўна Нягрэй, Дзмітрый Мацвеевіч Ліс, Міхаіл Купрыянавіч Браткоўскі, Антон Пракопавіч і інш. Некаторыя з іх не вярнуліся.

Вялікіх поспехаў дасягнула народная адукацыя Беларусі ў пасляваенны перыяд. У БССР налічвалася больш 200 тыс. школ, 100 тэхнікумаў, 28 вышэйшых навучальных устаноў.

Яскравым прыкладам росту народнай адукацыі ў Беларусі з’яўляўся Мазырскі раён, у якім налічвалася 10 сярэдніх, 19 васьмігадовых і 34 пачатковыя школы, дзе па стану на 1 студзеня 1969 г. навучалі 7 тыс. 205 вучняў. У школах раёна працавала 500 настаўнікаў, з іх 310 мела вышэйшую ці няпоўную вышэйшую адукацыю. У раёне мелася 25 сельскіх клубаў, 38 сельскіх клубных бібліятэк, 18 бібліятэк-перасовак.

Вяліка-Бокаўская школа ў пасляваенны перыяд пачала працаваць адразу пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944 г. У гэтым годзе яна працавала як пачатковая школа, а з 1947/1948 навучальнага года стала самай вялікай сямігадовай школай раёна. Першы выпуск Вяліка-Бокаўскай сямігадовай школы быў ў  1950 г., які склаў 26 вучняў пры 8 працуючых настаўніках.

Да 1953 г. адбылося 3 выпускі сямігадовай школы, а з 1953 г. Вяліка-Бокаўская школа становіцца сярэдняй. У 1956 г. адбыўся першы вупуск дзясятага класа Вяліка-Бокаўскай сярэдняй школы. Усяго з моманту адкрыцця сярэдняй школы выйшла 14 выпускаў вучняў.

У 1967 г. пабудавана новае школьнае памяшканне ў в. Каменка і школа перайменавана з Вяліка-Бокаўскай у Каменскую сярэднюю школу.

Урачыстае адкрыццё школы.

У розныя часы ўстанову адукацыі ўзначальвалі наступныя дырэктары школы: 1920-1927 – В.К.Паўловіч; 1927-1933 – А.Р.Брылёў; 1933-1941 – І.П.Чымірка; 1945-1949 – М.А.Дорах; 1949-1955 – А.П.Царэнка; 1955-1957 – Я.М.Шэйкман; 1957-1985 – Х.А.Пейсаховіч; 1985-1989 – У.А.Ткач; 1989-1997 – А.М.Бордак; 1997-2016 – С.А. Чваркова; 2016 – М.А.Гурына.

Першы выпуск Каменскай СШ.

За 50 гадоў установа адукацыі благаславіла ў вялікае жыццё 1198 сваіх выхаванцаў, з гэтага лiку 28 чалавек закончылi школу з залатым і сярэбраным медалямі. Выпускнікі школы сталі людзьмі розных прафесій: настаўнікі, урачы, юрысты, будаўнікі, эканамісты, мастакі… Сярод іх – доктар педагагічных навук, прафесар Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны Фёдар Уладзіміравіч Кадол, член Беларускага саюза мастакоў Мікалай Кузьміч Дуброва, член Саюза беларускіх пісьменнікаў Андрэй Міхайлавіч Федарэнка

У школе працавалі 4 заслужаныя настаўнікі школ Беларусі: Антон Пракопавіч Царэнка (1972 г.), Ала Іванаўна Зарэцкая (1974 г.), Ніна Дзмітрыеўна Сачэнка (1978 г.), Мікалай Мікалаевіч Дворак (1983 г.). Доўгі час выкладала ў школе рускую мову і літаратуру настаўнік-метадыст Соф’я Майсееўна Дварэцкая. Знакам «Выдатнік народнай асветы БССР» былі ўзнагароджаны Хаім Аронавіч Пейсаховіч, які ўзначальваў школу больш 27 гадоў, Ала Іванаўна Зарэцкая, намеснік дырэктара школы па вучэбнай рабоце, Мікалай Мікалаевіч Дворак,  настаўнік фізічнай культуры, Ніна Дзмітрыеўна Сачэнка, намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце, Ніна Іванаўна Аўдзей, настаўніца нямецкай мовы, Соф’я Мікалаеўна Мужэнка, настаўніца хіміі, Кіра Канстанцінаўна Шумак, настаўніца пачатковых класаў. Званне «Старшы настаўнік» было прысвоена Аляксандры Пятроўне Турбалавай, настаўніцы рускай мовы і літаратуры, Кіры Канстанцінаўне Шумак, настаўніцы пачатковых класаў, Мікалаю Мікалаевічу Двораку, настаўніку фізічнай культуры.

Больш за 19 гадоў установу адукацыі ўзначальвала выпускніца школы Сафія Арсенцьеўна Чваркова, якая прайшла ўсе прыступкі школьнай іерархіі, пачынаючы з лабаранта, выхавацеля групы падоўжанага дня, настаўніка матэматыкі, намес-ніка дырэктара школы. Тут Сафіі Арсенцьеўне ўсё блізкае і дарагое: дрэвы, пасаджаныя яе рукамі, сцены, якія не раз фарбавала сама, і, безумоўна, калегі па прызванню, па духу, яе выпускнікі.

Ва ўстанове адукацыі працуюць былыя яе выпускнікі: Ганна Мікалаеўна Маспан, намеснік дырэктара школы па вучэбна-выхаваўчай рабоце, Ганна Мікалаеўна Кузьменка, настаўніца пачатковых класаў, Таццяна Пятроўна Грынок, настаўні-ца інфарматыкі і матэматыкі, Уладзімір Валер’евіч Ахрамовіч, настаўнік фізічнай культуры і здароўя.

Другі год школу ўзначальвае Марыя Андрэеўна Гурына, якой удаецца захаваць і працягваць слаўныя традыцыі школы, калі педагогі і навучэнцы ўзаемадзейнічаюць, маюць актыўныя зносіны паміж сабою. У апошні час ў школе склаўся стабільны творчы калектыў. Прафесійны ўзровень педагогаў да-статкова высокі. Так, з 22 педагогаў установы адукацыі 16 чалавек маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі. Належнага ўзроўню ў рабоце па забеспячэнню якасці ведаў навучэнцаў дасягнулі такія настаўнікі, як Зінаіда Міхайлаўна Чача, Алена Іванаўна Акунец, Аляксандр Аркадзьевіч Дземідзенка, Валянціна Аляксееўна Ткачэнок, Жанна Анатольеўна Протас і інш. Школа ўпэўнена крочыць у будучыню. Так, па выніках раённага конкурсу на лепшую арганізацыю работы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі за апошнія тры гады школа застаецца адной з лепшых у раёне: 2014/2015 навучальны год – дыплом ІІІ ступені; 2015/2016 навучальны год – дыплом ІІ ступені; 2016/2017 навучальны год – дыплом І ступені.

14 снежня 2017 года адбу-дзецца сустрэча настаўнікаў розных гадоў, якія працавалі ў сценах школы і выпусцілі не адзін клас. Віншаванні, кветкі… Настаўнікі-ветэраны з настальгіяй будуць успамінаць пра гады работы, вучні выкажуць словы  падзякі… Такi момант падкрэслiць, што настаўнік жыве ў сэрцах кожнага… Жыве, пакуль пра яго памятаюць…

Анатолій РУДЗЬКО,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Каменская сярэдняй школы.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *