Вулiцы герояў-вызвалiцеляў

737

На франтах Вялікай Айчыннай вайны змагаліся з ворагам больш 1,3 млн. беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі, з іх ліку звыш 300 тыс. салдат і афіцэраў атрымалі ордэны і медалі, 441 чалавек быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза

Сярод іх былі і ўраджэнцы Мазыршчыны: Міхаіл Паўлавіч Катлавец, гвардыі капітан, камандзір танкавага батальёну (званне Героя Савецкага Саюза яму было прысвоена пасмяротна); Міхаіл Уладзіміравіч Барысаў, лётчык, лейтэнант, намеснік камандзіра палка; Міхаіл Васільевіч Мураўёў, малодшы лейтэнант, камандзір батарэі.

Вуліца Катлаўца была ўтворана ў 1971 г. (мікрараён Дружба), яна цягнецца ад Страканіцкага бульвара да вул. Міра, на ёй працуе шэраг крамаў, знаходзіцца адзін са знакавых аб’ектаў горада – басейн, што дзейнічае ўжо 37 гадоў.

Мазырскі гарсавет у 2007 г. прыняў рашэнне аб прысваенні імя Барысава праекціруемай вул. №4 у раёне мікрараёна №40.

Вуліца Мураўёва знаходзіцца ў в. Козенкі Мазырскага раёна.

Вызвалены Мазыр у студзені.

 «Мы за цаной не пастаім…»

Шэраг вуліц нашага горада носіць імёны тых людзей, што ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Контрнаступленне савецкіх войск пад Курскам стварыла спрыяльныя ўмовы для пераходу Чырвонай Арміі ў агульнае стратэгічнае контрнаступленне восенню 1943 г. ад Вялікіх Лук да Чорнага мора. У гэты час пачалося і вызваленне Беларусі, якое доўжылася з верасня 1943 г. па ліпень 1944 г.

На першым этапе вызвалення Беларусі (восень 1943 г.– зіма 1944 г .) войскамі левага крыла Беларускага фронту (камандуючы генерал арміі К.К.Ракасоўскі) была праве-дзена Калінкавіцка-Мазырская аперацыя (8 студзеня – 8 лютага 1944 г.). У ёй удзельнічалі 61-я (генерал-лейтэнант П.А.Бялоў) і 65-я (генерал-лейтэнант П.І.Батаў), 16 паветраная (генерал-палкоўнік С.І.Рудэнка) арміі. Планам  аперацыі прадугледжвалася авалодаць горадам Калінкавічы 10 студзеня, а 11 студзеня 1944 г. вызваліць Мазыр.

Калінкавіцкаму чыгуначнаму вузлу, абласному цэнтру Мазыру гітлераўскае камандаванне надавала выключнае значэнне. Тут знаходзіліся 9 пяхотных і 2 танкавыя дывізіi, 3 дывізіёны штурмавых гармат, кавалерыйскі полк і іншыя часці. Гітлераўцы стварылі ў Мазыры і на подступах да яго сістэму абароны з міннымі палямі, драцянымі загародамі, вялікай колькасцю дотаў, дзотаў і траншэй.

Савецкія войскi не змаглi стварыць перавагi ў жывой сiле, не хапала боепрыпасаў, гаручага. У складзе 61-й apмii на мазырскiм напрамку не было танкавых часцей. Злучэннi войск, якiя ўдзельнічалі ў Калiнкавiцка-Мазырскай аперацыi, атрымалi папаўненне з мабiлiзаваных у армiю жыхароў Чарнiгаўшчыны i першых вызваленых раёнаў Гомельскай і Палескай абласцей. Навабранцы не мелі вайсковай падрыхтоўкі, і шмат хто з іх загінуў у першай сутычцы з ворагам.

8 студзеня войскі 65-й арміі пачалі наступленне, перарэзалі чыгунку і шашу Калінкаві-чы–Жлобін, вызвалілі Даманавічы, абышлі варожую групоўку з поўначы. У гэты ж дзень у 18.00 2-і і 7-ы кавалерыйскія корпусы, якія знаходзіліся ў аператыўным падпарадкаванні 61-й арміі, з праваднікамі-партызанамі выступілі з раёна в. Новая Рудня па двух маршрутах. Да вечара 9 студзеня войскі, незаўважаныя праціўнікам, дасягнулі зыходняга становішча – раёна вёсак Астражанка, Казіміраўка, Раманаўка.

Вораг кiнyў супраць наступаючых часцей Чырвонай Армii значныя рэзервы. Баі за вызваленне Мазыра працягваліся некалькі дзён.

13 студзеня па загадзе камандзіра 7-га кавалерыйскага корпусу 1-ы партызанскі атрад Мазырскай брыгады фарсіраваў раку Прыпяць і ўзарваў на рацэ Іпа чыгуначны мост на ўчастку дарогі Калінкавічы–Капцэвічы.

13 студзеня вораг працягваў контратакi ў раёне Мазыра. 415-я стралковая дывiзiя на працягу дня адбiла 9 атак пяхоты i танкаў. Раніцай у 4.00, сабраўшы рэшткi разбiтых часцей, вораг контр-атакаваў нашы войскi ў раёне вёскi Бабры, у выніку чаго 3-і батальён 1321-га стралковага палка вымушаны быў пакінуць вёску i замацавацца на новым рубяжы.

У данясенні 7-га гвардзейскага кавалерыйскага корпусу адзначалася, што к зыходу 13 студзеня 1944 г. праціўнік паспешна праводзіў эвакуацыю гарнізона г. Мазыра, карыстаючыся тым, што шлях на поўнач і паўночны захад быў адкрыты. Немцы ўзарвалі склады ў ваенным гарадку і Мазыры, усімі сіламі імкнуліся ўтрымаць за сабой пера-правы.

Часцi 415-й стралковай дывiзii, якiя вызвалiлi Козенкi, Дразды, Булаўкi, Бабры, разам з кавалерыстамi 15-й дывiзii ўвайшлi ў Мазыр у 23 гадзіны 13 студзеня.

У 0.30 14 студзеня 15-я гвардзейская кавалерыйская дывізія двума палкамі ва ўзаемадзеянні з 415-й стралковай дывізіяй пасля кароткага бою ўварвалася на паўднёва-усходнюю ўскраіну Мазыра, да 3.10 выйшла на паўночную ўскраіну Мазыра і р. Прыпяць.

У данясенні камандуючаму Беларускім фронтам генералу арміі К.К.Ракасоўскаму камандуючы 61-й арміяй генерал-лейтэнант П.А.Бялоў паведамляў: «Войскі арміі, зламаўшы супраціўленне праціўніка, авалодалі 14 сту-дзеня 1944 г. да 2.00 абласным цэнтрам Мазыром…» Але гэта не зусім адпавядала рэчаіснасці. Баі на вуліцах Мазыра працягваліся да paнiцы 14 студзеня.

14-я гвардзейская кавалерыйская дывізія ў 2.30 14 студзеня рашучай атакай 54-га і 52-га кавалерыйскіх палкоў з захаду і паўднёвага захаду, маючы наперадзе баявых парадкаў самаходныя гарматы з дэcантамі аўтаматчыкаў, пасля 3-гадзіннага бою ўварвалася на ст. Мазыр і ў  в. Лапці і да 6.00 замацавалася ў іх.

У авалоданні горадам асабліва вызначыліся 415-я і 55-я стралковыя дывізіі.

Разам з войскамі Чырвонай Арміі актыўны ўдзел у правядзенні Калінкавіцка-Мазырскай наступальнай аперацыі прымалі партызаны Гомельскага, Палескага і Мінскага партызанскіх злучэнняў. Як пісаў у сваіх успамінах камандзір Мазырскай партызанскай брыгады А.Жыльскі, «нашы разведчыкі ўзялі некалькі «языкоў», даставілі іх у армейскі штаб. Звесткі, якія яны далі перед Калінкавіцка-Мазырскай аперацыяй, былі надзвычай каштоўнымі.»

У Загадзе Вярхоўнага Галоўнакамандуючага маршала І. Сталіна ад 14 студзеня 1944 г. адзначалася, што «войскі Беларускага фронту… штурмам авалодалі абласным цэнтрам Беларусі горадам Мазыр і вялікім чыгуначным вузлом і горадам Калінкавічы – важнымі апорнымі пунктамі абароны немцаў на палескім напрамку… Сёння, 14 студзеня, у 21 гадзіну сталіца нашай Радзімы Масква ад імя Радзімы салютуе нашым доблесным войскам, якія вызвалілі гарады Мазыр і Калінкавічы – 20 артылерыйскімі залпамі з 224 гармат».

За вызваленне Мазыра ў ходзе Калінкавіцка-Мазырскай аперацыі 1944 г. ганаровае найменне «Мазырскіх» атрымалі 18 злучэнняў і часцей 61-й арміі і 16-й паветранай арміі Беларускага фронту.

У баях за Мазыр былі забіты 1500 нямецкіх салдат і афіцэраў.

Значныя страты панесла і Чырвоная Армія. У бітве за Мазыр часці 61-й арміі згубілі 5000 салдат і афіцэраў забітымі і 12000 параненымі.

На Мазыршчыне шануюць памяць аб героях вайны. На тэрыторыі раёна існуе шмат помнікаў, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Самым велічным з якіх з’яўляецца Курган Славы, дзе пахаваны 254 чалавека, што ўдзельнічалі ў вызваленні Палесся. Сярод іх сем Герояў Савецкага Саюза, з якіх 6 вайскоўцаў атрымалі гэта званне 15 студзеня 1944 г. за фарсіраванне Дняпра.

«Хто загінуў  за Днепр, будзе жыць стагоддзi…»

«…калі ён змагаўся, як герой». Дняпроўская бітва адбывалася з 26 жніўня па 23 снежня 1943 г., лінія фронту працягнулася на 750 км, з абодвух бакоў у ёй прымалі ўдзел каля 4 млн. чалавек. Падчас фарсіравання Дня-пра на правым беразе ракі савецкімі войскамі была захоплена 23 плацдарма, якія мелі вялізарнае аператыўнае значэнне для пяці франтоў, што ўдзельнічалі ў гэтай аперацыі. Аб значнасці, якую надавала савецкае кіраўніцтва прарыву так званага «Усходняга вала», сведчыць той факт, што 2438 вайскоўцаў адтрымалі званне Героя Савецкага Саюза за фарсіраванне Дняпра. Гэта складае 20% ад агульнай колькасці асоб, якія атрымалі гэта званне ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Спынімся на подзвігу тых Герояў Савецкага Саюза, што ўдзельнічалі ў бітве за Дняпро і знайшлі свой апошні прытулак на мазырскім Кургане Славы:

» пад кіраўніцтвам старшага лейтэнанта Рыгора Матвеевіча Ціханава сабельны эскадрон 28 верасня 1943 г. на плытах фарсіраваў Днепр і суткі вёў бой на захопленым плацдарме, што садзейнічала паспяховаму наступленню палка;

«камандзір узвода сувязі старшы лейтэнант Валянцін Сцяпанавіч Няжноў фарсіраваў Днепр 28 верасня 1943 г., устанавіў тэлефонную сувязь з палком цераз раку, замяніў выбыўшага са строю парторга, асабістым прыкладам неаднаразова паднімаў байцоў у атаку;

» гвардыі радавы Джумагалы Калдыкараеў быў бранябойшчыкам знішчальнай супрацьтанкавай дывізіі. 27 верасня 1943 г. з групай вайскоўцаў пераправіўся на правы бераг Дняпра. Пад пакровам цемры са звязкамі гранат падпоўз да варожых траншэй і захапіў апорны пункт праціўніка, што са-дзейнічала паспяховаму фарсіраванню Дняпра ўсёй ротай. Дж. Калдыкараеў за-гінуў 14 студзеня 1944 г. пры вызваленні Мазыра;

» гвардыі радавы Мікалай Іванавіч Шмаргун у ноч на 27 верасня 1943 г. з 3 разлiкамi супрацьтанкавых гармат на плыту перапраўляўся цераз Дняпро, пасля таго, як плыт быў разбіты ворагам, уплаў дабраўся да берага і закiдаў гранатамі варожыя траншэі;

» пад кіраўніцтвам старшага лейтэнанта Антона Андрэевіча Рыжкова рота 28 верасня 1943 г. захапіла плацдарм на правым беразе Дняпра, умацавалася там, чым забяспечыла паспяховую пераправу ўсяго батальёна;

» наводчык супрацьтанкавай гарматы гвардыі старшына Міхаіл Максімавіч Катаеў у ноч з 26 на 27 верасня 1943 г. у складзе свайго вайсковага злучэння пераправіўся на правы бераг ракі, дзе ўступіў у няроўны бой з перавышаючымі сіламі ворага, закiдаў гранатамі варожыя траншэі, што спрыяла паспяховай пераправе іншых вайсковых злучэнняў.

Сёмы Герой Савецкага Саюза, які назаўсёды застаўся ляжаць у мазырскай зямлі на Кургане Славы, гэта лётчык-знічальнік камандзір эскадрыллі капітан Канстанцін Фёдаравіч Захараў. Ён здзейсніў 190 баявых вылетаў, асабіста збіў 15 самалётаў праціўніка. Загінуў 13 студзеня 1944 г., калі вёў у бой чацвёрку «ЯК-9» . У самалёт Захарава трапіў варожы снарад, самалёт загарэўся, і тады ён разам са сваім экіпажам прыняў рашэнне і накіраваў палаючы самалёт на скапленне варожых машын, самалёт узарваўся, і разам з ім загінула шмат варожай тэхнікі і вайскоўцаў. Гэта адбылося недалёка ад Мазыра. За гэты подзвіг К.Ф.Захараву было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза пасмяротна.

Большасць вуліц, што носяць імёны Герояў Савецкага Саюза, з’явіліся ў Мазыры ў выніку перайменавання. Так, у 1965 г. вуліца Маставая стала насіць імя Рыжкова, якая з’яўляецца адной з галоўных магістралей горада. У мікрараёне Пралетарскі ў 1965 г. вуліца Калгасная стала вуліцай Няжнова, а ў мікрараёне Кастрычніцкі ў 1969 г. з’явілася вуліца Ціханава (былая назва Пасялковая).

У мікрараёне Зарэчны ёсць вуліца Катаева і яшчэ 6 завулкаў, што носяць яго імя.

У мікрараёне Паўднёвы будуецца вуліца Захарава.

Вуліц, якія б насілі імёны Герояў Савецкага Саюза Шмаргуна М.І. і Калдыкараева Дж., пакуль у Мазыры няма.

 

Ніхто не забыты

У вызваленні Мазыра ў 1944 г. прымалі ўдзел яшчэ асобы, імёны якіх таксама знайшлі адлюстраванне ў назвах гарадскіх вуліц. Кавалерыст палкоўнік Фёдар Гаўрылавіч Нялідаў загінуў пры фарсіраванні р. Одэр. Вуліца Нялідава з’явілася ў Мазыры ў 1964 г. у выніку перайменавання 1-й Экскаватарнай ў мікрараёне Зарэчны. Маёр камандзір лыжнага батальона Арсеній Сяргеевіч Іваненка быў смяротна паранены ў час Калінкавіцка-Мазырскай аперацыі, пахаваны ў брацкай магіле ў в. Агароднікі Калінкавіцкага раёна. Вуліца Іваненкі ў горадзе з’явілася замест вул. Пясчанай у 1971 г. у мікрараёне Зарэчны. Генерал-маёр Рыгор Пятровіч Коблаў (28.09.1898-1988): у студзені 1944 г. 14-я гвардзейская кавалерыйская дывізія пад яго кіраўніцтвам «блестяще выполнила рейд в тыл противника и овладела гор. Мозырь, за что дивизия получила название «Мозырской», што ўзгадвалася ў яго наградным лісце. Вуліца, што носіць імя Коблава, будуецца ў мікрараёне Паўднёвы.

У мікрараёне Чыгуначны з 1972 г. існуе вуліца, што носіць імя Трусевіча Івана Данілавіча, удзельніка Кастрычніцкай рэвалюцыі і Вялікай Айчыннай вайны, якую ён скончыў палкоўнікам, камандзірам танкавага корпусу. Мазырскім гарсаветам ў чэрвені 2007 г. было прынята рашэнне аб наданні вул. №5 у раёне мікрараёна №40 імя Вікенцьева Казіміра Францавіча – ураджэнца Мазыра, удзельніка савецка-фінскай і Вялікай Айчыннай вайны. У Мазыры акрамя вуліц, якія носяць персанальныя імёны герояў Вялікай Айчыннай вайны, ёсць яшчэ вуліцы, што таксама звязаны з ваеннымі падзеямі: Зя-нітчыкаў у мікрараёне   Зарэчны, Герояў падполля, Партызанская, Мазырскіх дывізій, Афіцэрская ў мікрараёне Нараўчызна, 14 сту-дзеня і Вызваліцеляў у мікрараёне Паўднёвы, завулак Чырвонаармейскі ў мікрараёне Чыгуначны.

Таццяна НІКІЦІНА, Аляксандр БОБР.

 


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: