Мазыршчына – яго Парнас!

1427

З нагоды 80-годдзя выдатніка народнай адукацыі БССР, паэта  Анатоля Казіміравіча Малюка. 

Усё пакінуць след павінна, бо, як пачаўся белы свет,
Прамень, пясчынка і расіна нязменна пакідаюць след.
I птушка песняю сваёю, і кропля, што імкне да рэк…
А колькі, колькі за табою слядоў на свеце, чалавек!..
Пятрусь Броўка

Безумоўна, гэта так. Але ж кожны з нас, як і наш герой, зрабіў свае крокі на зямлі ў далёкім маленстве…

Ёсць на Воранаўшчыне ( у мінулым – Радунскі раён, Гродзенскай вобласці) вёска Кудаюнцы, размешчаная ў маляўнічым краі, авеяным сівой даўніной і гісторыяй, багатай на падзеі. Згодна вікіпедыі, першыя ўспаміны пра некаторыя паселішчы Воранаўскага раёна датуюцца 1217 годам, а паселішчы  Радунь і Жырмуны згадваюцца ў летапісе «Манумента Германіка». У 1557 годзе Радунская воласць была прыпісана  да каралеўскіх уладанняў караля Польшчы Жыгімонта Аўгуста, а ў XV ст. Воранаўшчына ўваходзіла ў склад Віленскага і Троцкага ваяводстваў Вялікага княства Літоўскага. Акрамя дзяржаўных земляў тут былі маёнткі Гаштольдаў, Глінскіх, Тышкевічаў і Сапегаў. Падчас Расійскай імперыі воранаўская зямля знахо-дзілася ў складзе Лідскага павета. У 1915-1918 гадах тэрыторыя была акупавана войскамі кайзераўскай Германіі, з 1919 па1939  год – занята польскімі, а ў 1939-м адваёвана савецкімі  і ўвайшла ў склад БССР. Якраз вось у гэты пераломны момант для Гродзеншчыны 21 сакавіка 1938 года ў простай сялянскай сям’і нарадзіўся хлопчык – будучы вядомы педагог і таленавіты паэт – Анатоль Казіміравіч Малюк.

Ці ж патрэбна гаварыць пра той час, абставіны і ўмовы, якія прыйшліся на лёс гэтага дзіцяці?  Але ж менавіта цяжкасці сталі тым моцным падмуркам, неабходным для фарміравання лепшых рыс яго чалавечага характару і адметнасцяў яго асобы ўвогуле. У далейшым моцная любоў да радзімы, сваіх бацькоў і роднай мовы, вялізная прага да ведаў (пешшу кожны дзень пераадольваў да 10 кіламетраў) праз год пасля заканчэння Радунскай сярэдняй школы (у 1958 годзе) сцежка лёсу прывяла Анатоля Малюка ў Гродзенскі педага-гічны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Атрымаўшы статус студэнта гісторыка-філалагічнага факультэта хлопец адчуў сябе як рыба ў ва-дзе, таму што здзейснілася  мара. Але ж праз некаторы час жыццёвыя абставіны (служба ў войску, жаніцьба)  вымусілі яго перавесціся на Мазыршчыну. Тут ў 1963 го-дзе ён закончыў Мазырскі педінстытут і атрымаў дыплом выкладчыка беларускай і рускай мовы і літаратуры. Педагагічную дзейнасць пачынаў на пасадзе дырэктара Глініцкай васьмігадовай школы. Далей лёс распарадзіўся так, што ў верасні 1965 года ён зноў вяртаецца ў педінстытут, але ўжо ў якасці выкладчыка на кафедру беларускай і рускай мовы. Без адрыву ад вытворчасці заканчвае аспірантуру Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 1980 годзе абараняе дысертацыю, а ў 1987-м – становіцца дацэнтам. Яго пяру належыць шмат навуковых прац, сааўтарства па падрыхтоўцы і выхаду ў свет некалькіх кніг і шэрагу метадычных дапаможнікаў для студэнтаў. Увогуле сваёй  справе ў Мазырскім педагагічным універсітэце Анатоль Казіміравіч Малюк аддаў больш як паўстагоддзя. Цяжка нават уявіць, колькі за гэты час было прачытана цікавых лекцый, праведзена практычных і семінарскіх заняткаў для будучых філолагаў! На працягу дзесяці гадоў ён узначальваў кафедру беларускай мовы, а будучы ў складзе савета па абароне кандыдацкіх дысертацый у Гомельскім універсітэце імя Ф. Скарыны, неаднаразова выступаў у якасці эксперта і рэцэнзента кандыдацкіх дысертацый, вучэбных і метадычных дапаможнікаў.  Да яго прамоў заўсёды прыслухоў-валіся шматлікія ўдзельнікі міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцый па актуальных пытаннях мовазнаўства. Безумоўна, безліч і тых, хто з яго дапамогай атрымаў пуцёўку ў жыццё, каб працягваць педагагічную справу, часта з цеплынёй і ўдзячнасцю ўспамінаюць добрае, лагоднае слова свайго разважлівага, мудрага і таленавітага настаўніка. Для многіх выпуск-нікоў МДПУ, якія сёння займаюць пасады дырэктараў устаноў адукацыі не толькі нашага горада Мазыра, а і на бязмежжы Беларусі, Анатоль Малюк застаецца нязменным кумірам, які прывіваў студэнтам любоў да высакароднай прафесіі, а таксама накіроўваў свае сілы на падрыхтоўку высакаякасных педагагічных кадраў. Дарэчы, многія з тых, як і Ларыса Папкова – загадчык сектара вучэбнай i выхаваўчай работы аддзела адукацыі, спорту i турызму Мазырскага райвыканкама, а таксама Міхаіл Ранчынскі – дырэктар гімназіі імя Янкі Купалы і сёння лічаць МДПУ сваёй альмаматэр, а Анатоля Малюка – Педагогам з вялікай літары, які не проста даваў веды, а ўкладваў цеплыню душы ў беларускае слова. Нездарма ж за шматгадовую і добрасумленную працу ён узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства асветы Беларускай ССР, медалём «Ветэран працы» і знакам «Выдатнік народнай адукацыі БССР».

У біяграфіі А. К. Малюка акрамя старонак, напоўненых педагагічнай дзейнасцю ёсць яшчэ і душэўныя – паэтычныя, якія суправаджаюць  яго на працягу ўсяго жыцця. Яго вершы адрозніваюцца ад творчасці іншых паэтаў сваёй глыбінёй, мілагучнасцю, шчырасцю і непаўторнасцю. Яны друкаваліся на старонках шматлікіх рэспубліканскіх газет, раёнкі, вядомых часопісаў, такіх як «Маладосць», «Беларусь», «Бярозка», «Вясёлка», а таксама ў калектыўных зборніках: «Дзень паэзіі», «Палескія перазвоны», «Ты, Мазыр, – мой Парнас», «Сонца над буслянкай», «Прыпяцкія хвалі». Яго творы неаднаразова выкарыстоў-валіся ў фотаальбомах, буклетах «Край непаўторны. Мазырскія замалёўкі», «Мазыра прывабная краса». У 2014 годзе  выйшаў з друку  яго зборнік вершаў «Дабравесце». На словы Малюка мясцовыя кампазітары пішуць музыку, а спевакі выконваюць шэраг песень…

Анатоль Казіміравіч, будучы на заслужаным адпачынку, і зараз не пакідае сяброўства з паэтычным словам – рыхтуе да друку зборнікі вершаў «Чаромхавыя зімы» і «Снегавічок», цесна супрацоўнічае і з раённай газетай «Жыццё Палесся», якая знаёміць чытачоў з яго новымі вершамі, з’яўляецца пачэсным госцем у бібліятэках і ва ўстановах адукацыі, дзе выступае перад школьні-камі і моладдзю. На думку паэта, гэта робіцца дзеля таго, каб моладзь шанавала сваю радзіму, таму што «родная мова – матчына слова».  Па словах удзельнікаў такіх мерапрыемстваў, дзе вершы чытаюць самі аўтары, застаецца незабыўнае ўражанне, а душа і сэрца наталяюць смагу сакавітым беларускім словам і паэтычным радком. Трэба падкрэсліць, што вершы Малюка не толькі  пакідаюць прыемнае ўражанне, а неяк адразу бяруць чытача ў палон сваёй чысцінёй, высокай вобразнасцю, энергетычным патэнцыялам экспрэсіі, глыбінёй падтэксту, эмацыянальным ужываннем некаторых лексічных адзінак у спалучэнні з рацыянальнай асновай, што робіць яго творы  сэнсавазначальнымі і значымымі ў ідэйна-тэматычным і мастацка-эстэтычным плане. Як сцвярджае аўтар, разнастайныя жыццёвыя рэаліі могуць спаўна рэалізавацца толькі ў цеснай узаемасувязі і ўзаемаабуслоўленасці.  На яго думку, усё, што акружае чалавека і сам чалавек, касмічная прастора, складаюць каштоўнасць і важнасць пры ўмове адзінага  і гарманічнага развіцця – разумнага, дзейснага, дынамічнага: «у дрэвах, травах, у чмялі…», «у нябеснай існасці зорак», «у прыча-шчэнні месяца», «як да святыні, да вады…» і інш. Разам з гэтым, адчуваючы гэтую «сусветную залежнасць, кожны павінен цвёрда ведаць сваё месца на зямлі і памятаць, «што ты  на свеце не адзін». Таму паэт у некаторых сваіх вершах заклікае быць беражлівым гаспадаром, ахоўнікам прыроды, памнажаючы яе багацці: «сам убачыў – другому пакажы, зберажы», «памнож у сотні разоў»…

Анатоль Малюк, ужываючы нярэдка ў сваіх вершах каларыстычныя прыкметнікі, такім чынам  надаючы важнае значэнне для стварэння мастацкага вобраза: чысты, светлы, сакавіты, залаты, малады і інш., якія адлюстроўваюць эстэтычны густ, ствараюць добры настрой, выклікаюць асацыяцыі, надаюць эмацыянальную танальнасць кантэксту: «светлыя прыцемкі», «цёплае неба лугоў», «краіна маладога сонца» і інш.

Так, на прыкладзе вершаў, якія ўвайшлі ў склад зборніка «Дабравесце»,  можна прасачыць, як аўтар удала выкарыстоўвае гукапіс: «недзе бразгае ў студні вядром першы гром» , альбо – «студзень сцюжны сее снег»…Творы, разнастайныя па форме і зместу, падзелены ў зборніку на пяць раздзелаў: ад філасофскіх, ваенных, прырода-апісальных, інтымных да кароткіх рознатэмных вершаў – імгненняў. Чытаючы вершы, адчуваецца, што многія з іх гучаць нават павучальна. Паэт творча падыходзіць да жыцця, раіць чытачу бачыць у звычайным прыгожае, светлае, надзвычайнае, у малым знаходзіць важнае і вялікае: «Я шчасце знайшоў на свеце», «Жывуць нашы людзі», «Рамонак мілыя ўсмешкі», «Блакітная зорка», «Чэрвеньскія ночы», «Стагі», «Вецер над Прыпяццю зоркі развесіў» і інш.

Не гледзячы на тое, што Анатоль Казіміравіч Малюк нарадзіўся і вырас на Гродзеншчыне, большая частка яго жыцця прайшла тут – у  горадзе над Прыпяццю. У Мазыры выраслі яго дзеці, нарадзіліся ўнукі і праўнукі.  Як кажуць, сэрцам і душой прырос чалавек да гэтага краю, ухапіўся моцна карэннем за яго зямлю, таму Мазыршчыну лічыць сваёй другой радзімай. Менавіта палескай зямлі і непасрэдна Мазыру, палескім краявідам і ўнікальнай прыродзе, прысвячае ён нізкі сваіх паэтычных радкоў. Клопатам і  трывогай пра сённяшні і заўтрашні дзень Палесся, а таксама пачуццём гонару  напоўнены яго шматлікія творы, дзе гучаць словы ўдзячнасці і падзякі жыхарам, як вось і ў гэтым вершы:

…Кутком непаўторным слывеш ва ўсім свеце
І славаю сціплых, сардэчных людзей.
Палескае сонца шчасліва ўсім свеціць
І шлях асвятляе да новых падзей.
Нізкі паклон табе, любы мой краю,
Хай будуць заручаны шчасце і мір.
Люблю я цябе і цябе абдымаю,
Сталіца палескага краю – Мазыр!

Нізка вершаў са зборніка «Дабравесце»

Рамонкавы край беластрунных бяроз,
Сялянскія мілыя хаты:
Зямля маіх продкаў –
Мой гонар і лёс,
І звонкая мова, якой я багаты.

* * *

Роднае слова –
Маланак аснова
І сіняга лёну
Някідкі ўток.
Яно, як крыніца,
Што вечна бруіцца,
Бярэ з нашых сэрцаў
Свой чысты выток.
Яно ашчаслівіць,
Калі нешчаслівы,
І раны загоіць,
Пазбавіць ад мук…
О роднае слова –
Званочак радзімы,
Зямлі беларускай
Мой спеўны жаўрук.

* * *

Высокае неба, як слова Радзіма,
Палескіх прастораў бясконцы прасцяг.
І белыя вішні, як снежныя зімы,
Чагосьці пачатак, чагосьці працяг…

* * *

Горад наш ветлы,
Горад наш светлы
На беразе прыпяцкіх вод…
Ты маладзееш,
Ты прыгажэеш
Пад сонцам палескім штогод…
Ты крылы магутныя ўзняў велічава,
Нацэліў увысь свой арліны палёт.
Ты – казка і ява,
Ты – гонар і слава,
Палескай зямлі
Залатая дзяржава,
Жывеш і дужэеш
Больш тысячы год!
Ні буры-віхуры цябе не скарылі,
Ты выстаяў мужна
І зло перамог…
Наш горад любімы,
Чароўны і слынны,
На ўсіх скрыжаваннях
Сусветных дарог.

* * *

Узлессе, вёска і бальшак –
Мая зямля – мой дом любімы.
Снягі. Абветраныя зімы.
Дымоў вясковых горкі смак.
Цяпло агню. Дарожка ў садзе.
Спакой заснежаных палёў.
Ружовы дзень на даляглядзе,
Святло бярозавых гаёў.

* * *

Сядзеў ля рэчкі я, бывала,
Глядзеў на плынь рачной вады.
Прыходзіў да мяне Купала –
Прарок «Жалейкі» малады…
Раз прачытаў: «Яго не стала…»
Не верце гэтаму! Заўжды
Прыходзіць да мяне Купала,
Жывы, бунтарскі, малады.
У час імклівы, хуткацечны
Ва ўсім відаць яго хада.
Купала будзе з намі вечна,
Як хлеб, як сонца, як вада.

Наталля КАНОПЛІЧ, фота Аляксандра САЛАДКОВА.

 


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: