Падарожжа па мазырскiм раёне: в. Раманаўка

1424

Прыгожай сакавіцкай раніцай мы адправіліся ў наша чарговае падарожжа. На гэты раз канчатковым пунктам для нас стала невялікая вёсачка Раманаўка, размешчаная на тэрыторыі Слабадскога сельсавета.

Наўрад ці назавеш гэты населены пункт паміраючым: і дзяцей на вуліцах вёскі сустрэлі, і моладзь. Але ўсё роўна, гуляючы па заснежаных дарогах Раманаўкi, разумееш: гэтая вёска ўжо не вырасце. Шмат ёсць прычын… Не будзем пра гэта. Галоўнае, што людзі тут жывуць жыццярадасныя і таварыскія. Такім чынам, нашы карцінкі з глыбінкі ў чарговым фотарэпартажы…

У Раманаўскім дзіцячым садзе ўсяго 12 малышоў. Сёння і таго менш, таму што некаторыя дзеткі пайшлі праходзіць лагапедычную камісію – у Слабадскую школу прыехаў лагапед. У дзіцячай установе ціха і спакойна. Па калідорах разносіцца апетытны пах абедзенных смачнасцяў.

Малышы хорам паведамляюць нам, што кормяць іх вельмі смачна. Самая гавар-лівая дзяўчынка прапаноўвае: «І вы па-спрабуйце. Я нават ляльку сваю кармлю… » Цацак тут сапраўды шмат. Памяшканне дзіцячай спальні і асноўнай групы аформлены ўтульна і прыгожа: свежапафарбаваныя сцены, сучасныя шафы для адзення, дзіцячыя ложкi-трансформеры.


Тамара Дашкевіч шмат гадоў працуе ў дзіцячым садзе. Памочнік выхавальніка, упэўнена жанчына, павінен любіць дзяцей. Гэта галоўнае. І толькі потым можна казаць пра іншае: старанне, любоў да чысціні і парадку, адказнасць. «Я не мясцовая», – кажа жанчына. Але тут жа вы-святляецца, што жыве яна ў Раманаўцы ўжо амаль 30 гадоў. «Тры статкi кароў на вёску даводзілася, зараз усё па-іншаму. Жывём, не скардзімся. Хіба толькі перажываем, што паштовае аддзяленне зачынілі. Пры-        язджае, вядома, паштовая машына, але цяпер нам трэба падладжвацца пад яе графік. А людзям, якія працуюць, гэта няпроста. Зняць грошы з карткі ў нас няма дзе. Але ў краме працуе тэрмінал, так што можна разлічвацца за пакупкі па картцы», – працягвае яна нашу гутарку.


У мясцовай краме пакупнікоў няма. Будзёная сакавіцкая раніца не падыходзіць да паходаў па пакупкі: маладыя жыхары вёскі працуюць, пенсіянеры займаюцца гаспадаркай, дзеці – на вучобе. Між тым, у мясцовай гандлёвай кропцы ўсё гатова да прыходу пакупнікоў. Тут можна купіць не толькі прадукты і напоі, але і розныя дробязі, без якіх жыццё сучаснага чалавека немагчыма: сшыткі, шампуні, кубкі, калготкі, мыла.

У краме ўтульна і чыста – прадавец пастаралася. А вось ад каментарыя адмаўляецца. Кажа толькі, марыцца аб тым, каб спіртнога менш куплялі, а розных карысных прадуктаў – больш. Тады і вёска жыць будзе – упэўнена жанчына.


Уладзімір Хілько ахвотна распавядае пра сваё жыццё ў вёсцы. Пасля доўгіх гадоў, пражытых у горадзе, разам з жонкай вярнуліся ў бацькоўскі дом, зрабілі  рамонт, наладзілі быт, паступова абзавяліся гаспадаркай. З гонарам кажа, што займаецца жывёлагадоўляй.

У гаспадарцы ёсць свінні, трусы, куры. Асвойвае пчалярства. «Так што мне не сумна, ёсць чым сябе заняць. Улетку людзей на нашай вуліцы становіцца больш – прыязджаюць дачнікі. А зімой ходзім у клуб. Там цікавыя людзі працуюць – муж і жонка, са Слабады прыязджаюць. Напярэдадні мерапрыемстваў вывешваюць аб’явы, і мы збіраемся ў клубе. Мяне ўсё задавальняе. Але мы – пажылыя людзі. А вось моладзь у вёску любіць прыязджаць толькі для таго, каб адпачыць. Працаваць, а тым больш жыць тут ніхто не хоча. І гэта не таму, што ў вёсцы нешта не так. Проста сучасны свет такі «, – разважае наш выпадковы знаёмы. З настальгіяй успамінае час, калі мясцовая школа працавала ў дзве змены: «У класах тады па 30 чалавек было …»


Андрэй Ліс – адзін з самых паважаных жыхароў вёскі. Сёння па стане здароўя Андрэй Паўлавіч практычна не выходзіць з дому. А быў час, калі ён, малады і здаровы, працаваў старшынёй калгаса, ляснічым, дырэктарам сельскага клуба.

«Прыехаў я ў вёску вельмі даўно – накіравалі на працу ў мясцовы калгас, які цяпер далучылі да КСУП «Слабадское імя Леніна». Тады яшчэ толькі-толькі пачалі святло ў вёску праводзіць. Гэта быў вялікі населены пункт, дзе жылі маладыя сем’і, было шмат дзяцей. Мне хочацца верыць, што вёска будзе жыць і сёння. Ёсць неабыякавыя людзі, якія шчыра любяць гэтыя месцы. А  ў вёсцы багатая гісторыя. Падчас вайны вёску выратавала пажылая жанчына, сын якой па заданні нашых працаваў на немцаў. Ён паведаміў пра тое, што вёску плануюць спаліць разам з мірнымі жыхарамі. Так яна ноччу пешшу прыйшла з Мазыра, каб папярэдзіць вяскоўцаў. Да раніцы яны сышлі ў лес – гэта іх і выратавала. Чаго не скажаш пра жыхароў суседняй Казіміраўкі…» –  успамінае дзядуля.


Маленькі Яраслаў разам са сваёй мамай Зояй спяшаецца ў дзіцячы сад. «Яму там падабаецца», – усміхаецца маладая жанчына. Кажа, што да сельскага жыцця прывыкла. Мерны тэмп, цішыня, але ёсць моманты, якія засмучаюць.

Напрыклад, нязручна, што крама ў нядзелю працуе толькі да абеду, а ў панядзелак у гандлёвым пункце наогул выхадны. «Даводзіцца падла-джвацца. Часта ездзім у горад. Звычайна за рэчамі на рынак. Там добры выбар, ды і прыцаніцца можна. Вядома, калі чалавек усё жыццё пражыў у горадзе, а потым з’язджае жыць у вёску, яму будзе складана. А я – сельскі жыхар. Таму да ўсяго прывыкла. Ды і не адрэзаныя мы ад буйных населеных пунктаў. Старэйшая дачка, напрыклад, ездзіць на школьным аўтобусе ў Слабаду – у нас жа школу зачынілі. Дарогі добрыя, транспарт ездзіць рэгулярна, клуб працуе, у дзіцячым садзе ўсё добра. Чаго скардзіцца?» – адзначае Зоя.

Юлія ПРАШКОВIЧ. Фота Сяргея БАРАВIКА.

 


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: