Маладосць… Інтэлект… Творчасць

1353

У Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя І. П. Шамякіна адбылася сустрэча выкладчыкаў і студэнтаў філалагічнага факультэта з удзельнікамі Рэспубліканскай алімпіяды школьнікаў па беларускай мове і літаратуры, гісторыі Беларусі, Сусветнай гісторыі.

Конкурс разумных, маладых і таленавітых аматараў роднага слова і гісторыі сабраў прадстаўнікоў з усіх абласцей нашай роднай Беларусі, а таксама Польшчы і Літвы. Студэнты шчыра віталі ўдзельнікаў алімпіяды з усіх абласцей Беларусі і горада Мінска, ліцэя БДУ, Рэспублікі Польшча, Літоўскай Рэспублікі.

З прывітальным словам да гасцей універсітэта звярнуўся прарэктар па навуковай рабоце, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Валерый Мікалаевіч Наўныка, які адзначыў, што сэрцам беларускага Палесся, яго навуковым, культурным і інтэлектуальным цэнтрам з’яўляецца Мазырскі дзяржаўны педуніверсітэт імя І. П. Шамякіна. Студэнты і выкладчыкі нашай навучальнай установы шчыра вітаюць тых, хто выдатна ведае нацыянальную мову і літаратуру, айчынную і Сусветную гісторыю.

Дэкан філалагічнага факультэта, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Таццяна Мікалаеўна Сымановіч падкрэсліла, што ад творчага і навуковага плёну маладога пакалення залежыць будучыня нашай краіны, яе дабрабыт. Яна адзначыла складанасць і высакароднасць настаўніцкай працы і пажадала прысутным поспехаў у вучэбнай і навуковай дзейнасці.

Студэнты факультэта для ўдзельнікаў алімпіяды падрыхтавалі цікавую творчую праграму “Маладосць… Інтэлект… Творчасць”, інтэрактыўны пракет “Перадай іншаму: я люблю Беларусь”, былі паказаны фрагменты літаратурнай гасцёўні “Сузор’е моўных культур”.

Заключным акордам сяброўскай сустрэчы стала песня “Караблі” ў выкананні “Студэнта года” Гомельскай вобласці Яна Кавалёва, якая аб’яднала студэнтаў і ўсіх удзельнікаў алімпіяды і натхніла новымі творчымі перспектывамі.

Ірына СУДЗІБОР,
намеснік дэкана  філалагічнага факультэта МДПУ імя І. П. Шамякіна  па выхаваўчай рабоце.

 


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: