На дзяржаўным прадпрыемстве «Саўгас-камбінат «Зара» вяснавыя работы на палях у самым разгары

Паспець своечасова пасеяць, абараніць і падкарміць будучы ўраджай — задача нумар адзін для аграрыяў

На дзяржаўным прадпрыемстве «Саўгас-камбінат «Зара» вяснавыя работы на палях у самым разгары. Кожны работнік выконвае свае абавязкі. Аграном уважліва сочыць за працэсам сяўбы, інструктуе механізатараў, аб’язджае палі для таго, каб на свае вочы пераканацца ў іх правільнай працы. У сваю чаргу механізатары імкнуцца выконваць сваю працу па інструкцыі, своечасова і якасна. Тлумачыць доўга нюансы працы нікому не даводзіцца, таму што большасць работнікаў «Зары» — вопытныя працаўнікі палёў, для якіх пасяўная кампанія цяперашняга года ўжо далёка не першая.

Так, напрыклад, Дзмітрый Канстанцінавіч Пракаповіч (на фота) у гаспадарцы адпрацаваў ужо сваю першую пяцігодку.

Сам родам з сельскай мясцовасці. Кажа, што тэхніку асвоіў яшчэ ў школе, а адразу пасля яе заканчэння афіцыйна працаўладкаваўся ў мясцовай гаспадарцы. Цяжкасцяў у працы ніколі не адчуваў: «Я настолькі ўжо прывык да сваёй справы, настолькі ўцягнуўся, што не ўяўляю сябе ў іншай прафесіі». Сёння ва ўрочышчы «Лядо» недалёка ад Міхалкаўскай Руднi наш суразмоўца ўдзельнічае ў сяўбе кукурузы — у дзень ён апрацоўвае каля 30 га. Сапраўды, воля, праца і старанне са-
дзейнічаюць такой плённай працы. Пасля завяршэння свайго працоўнага дня спяшаецца дадому — у цэнтры Міхалкаўскага сельсавета гаспадарка вы-
дзеліла яму добраўпарадкаваную кватэру. Прызнаецца, што гэта адзін з галоўных матывiруючых на адказны падыход да працы фактараў. Ды і заробак добры, што таксама не менш важна.

Аграном аддзялення № 2 прадпрыемства Васіль Вацлававіч Ашурок таксама прыехаў ва ўрочышча «Лядо». Уважліва назіраючы за працай механізатараў, знаходзіць час для размовы і з намі. Кажа, што ў Мазыр пераехаў з Гродна. Уладкаваўся ў «Зару», пакуль працуе з задавальненнем.

У названым ўрочышчы працуе два агрэгата, якімі кіруюць вопытныя і правераныя часам работнікі. Так што Васіль Вацлававіч за працу спакойны — ёсць на каго спадзявацца.

Фронт работ на дзяржаўным прадпрыемстве «Саўгас-камбінат «Зара» немаленькі: землі Мазыршчыны — усяго толькі частка ўгоддзяў, немаленькая плошча для пасеву і ў Нараўлянскім раёне. Але на вядучым у рэспубліцы прадпрыемстве ўпэўнены: няма невырашальных задач! Галоўнае, што за працу тут бяруцца людзі вопытныя, адказныя і паважаныя. Значыць, справа, без сумненняў, будзе выканана ў тэрмін. Якасна і акуратна.

Юлiя ПРАШКОВIЧ.

Фота Сяргея БАРАВIКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *