РСУП «Эксперыментальная база «Крынічная»: «Плануем атрымаць нядрэнны ўраджай!»

У раёне стартавала пасяўная. Карэспандэнты газеты пазнаёміліся з арганізацыяй адказнай кампаніі ў РСУП «Эксперыментальная база «Крынічная»

Сённяшні дзень для галоўнага агранома гэтай гаспадаркі Сяргея Уладзіміравіча Дзеравянкi будзе такім жа насычаным, як і некалькі папярэдніх: нягле-дзячы на тое, што вясна ў гэтым годзе затрымалася, пасяўную кампанію ніхто не адмяняў.

Урэшце, свае працоўныя будні наш суразмоўца не дзеліць на пэўныя этапы. Кажа, што свае складанасці ёсць у кожным месяцы, і пасяўныя работы, што і казаць, не самыя важныя ў гаспадарцы. Таму як ёсць яшчэ восень – падрыхтоўчы сезон, можна сказаць, шмат у чым вырашальны этап; ёсць лета – уборачная кампанія. Але, тым не менш, перыяд вясновых старанняў напружаны і адказны. «Да такога тэмпу я ўжо прывык, таму нейкіх асаблівых цяжкасцей у гэты перыяд не адчуваю», – усміхаецца Сяргей Уладзіміравіч. Усяго за адну гадзіну яго «Ніву» можна ўбачыць у самых розных кропках гаспадаркі. У цяперашні час, напрыклад, аграном прыехаў ва ўрочышча «Рачное». Тут пачалася сяўба яравога ячменю. Лішняй вільгаці ў полi практычна не засталося, так што для сяўбы час спрыяльны. Мясціны, трэба адзначыць, тут вельмі прыгожыя: доўгія хвалі падрыхтаванага да сяўбы поля дзесьці ўдалечыні ўпадаюць у блакітную роўнядзь, якая выйшла з берагоў Прыпяці. Да прыгажосці мясцовых пейзажаў механізатары ўжо прывыклі. Але, прызнаюцца, часам заміраюць перад веліччу прыроды: настолькі кранаюць сэрца тутэйшыя прыгажосці.

Мікалай Адольфавіч Лісоўскi да ўсяго ў сваім жыцці падыходзіць з гумарам. Нягледзячы на лёгкасць характару, на адкрытасць і радаснае прыняцце жыцця, да працы механізатар заўсёды ставіўся добрасумленна.

Прызнаецца, што манатоннай яму праца аграрыя не падаецца. Наадварот, сумаваць не даводзіцца, таму што дзейнасць у полі пастаянна чаргуецца. Не паспееш азірнуцца, як скончыцца пасяўная, за ёй – работы па догляду, пасля чаго стартуе ўборачная. І зноў напружаная восень. Зімой будзе невялікая перадышка, падчас якой трэба давесці да ладу тэхніку. Так што гэты бясконцы шэраг спраў не перапыняецца, падкупляе сваёй разнастайнасцю. «Сёння вось сею ячмень. Стандартная праца. Сёлетняя пасяўная ў маёй працоўнай біяграфіі 13 па ліку… Дарэчы, лiчба 13 у маім жыцці самая папулярная. Я жыву ў кватэры №13, 13-га нарадзіўся, у гэты ж дзень на свет з’явіўся мой старэйшы сын – ды шмат чаго адбылося ў гэтую дату…» – зноў усміхаецца Мікалай Адольфавіч. Вось так, лёгка і нязмушана, але разам з тым старанна і адказна, засявае ён да 45 га за дзень. Прызнаецца, што на пасяўной, як і на ўборачнай, механізатары могуць нядрэнна зарабіць. Для гэтага толькі трэба не марудзіць, але і не спяшацца, бо ў спешцы можна дапусціць нямала памылак. «Працуй старанна. Думай, што робіш. Не лічы час», – дае парады маладым механізатарам вопытны работнік РСУП «Эксперыментальная база “Крынічная». І тут жа працягвае: «Вясна сёлета затрымалася. Будзем старацца. Ніхто за нас нашу працу не зробіць». Спрытна заскоквае ў кабіну трактара. Разварочвае сваю машыну, і ўжо праз якія-небудзь 2-3 хвіліны вялікі і магутны агрэгат ператвараецца ў маленькую чырвоную кропку на вялікім покрыве вясновага поля.

Тут жа, ва ўрочышчы «Рачным», на падрыхтоўцы глебы да сяўбы i Павел Сяргеевіч Буюк. «З 1985 года працую механізатарам. Вось і лічыце колькі…» – пачынае гутарку.

Мужчына распавядае, што і дзед, і бацька працавалі ў полі. Жартуе: «Мне нічога не заставалася, як пайсці па іх слядах». Пра такіх, як Павел Сяргеевіч, можна сказаць: дзе нарадзіўся, там спатрэбіўся. Родам мужчына з вёскі Бібікi. Тут жыве і сёння. Працуе на роднай зямлі, пра далёкія краіны не марыць. «Што я там не бачыў?! – дзівіцца механізатар. – Тут я ў сябе дома. У мяне І клас механізатара – магу працаваць на ўсіх відах тэхнікі. У напружаны час, калі стартуюць сельскагаспадарчыя кампаніі, імкнуся зарабіць. Калі старацца, то гэта цалкам рэальна зрабіць. Так што сядзець склаўшы рукі мне зараз няма калі. Ды і не прывык я гультаяваць. У крыві, напэўна, ужо любоў да зямлі. Звычка, выпрацаваная гадамі, не дазваляе стамляцца ды на жыццё жаліцца. Так што мы, механізатары, нягледзячы на капрызы надвор’я, працягваем працаваць», – распавядае наш суразмоўца.

А вось Сяргей Аляксандравіч Бандарэнка ў РСУП «Эксперыментальная база “Крынічная» навiчок. Малады чалавек толькі-толькі працаўладкаваўся. Але з упэўненасцю можна сказаць, што гэты механізатар – каштоўны кадр.

Сёлетняя пасяўная для яго 10 па ліку, і ўсе папярэднія гады Сяргей Аляксандравіч працаваў у сельскай гаспадарцы Добрушскага раёна. Практычна заўсёды мужчына быў у ліку лепшых: не аднойчы яго ўзнагароджвалі ў раёне, двойчы ён займаў І месца ў абласным спаборніцтве сярод маладзёжных экіпажаў. Старшы камбайнёр, адказны і мэтанакіраваны… Прызнаецца, што яшчэ ў Добрушскім раёне «стаміўся ад увагі прэсы»: «Мяне пачалі фатаграфаваць, не раз пісалі ў газеце, але я ж чалавек сціплы…» На Мазыршчыну Сяргей Аляксандравіч пераехаў нядаўна. І пакуль не пашкадаваў. «Буду, як і раней, праяўляць упартасць, выразна вызначаць сваю мэту і ісці да яе, нягледзячы ні на што». А ў чалавека, які з 12 гадоў дапамагаў бацьку ў полi, абавязкова ўсё атрымаецца, бо вопыт і ўпэўненасць з’яўляюцца толькі дадатковымі памочнікамі.

Галоўны аграном гаспадаркі падводзіць вынік: «На дадзены момант мы скончылі падкормку азімых збожжавых культур, падкармілi азімы рапс на плошчы 460 га. Пачалі сеяць раннія яравыя культуры. Ранні яравы клін складае 630 га. Вядзецца яшчэ і такая работа, як закрыццё вільгаці, падрыхтоўка глебы пад яравую сяўбу, унясенне арганікі. Займаемся пасевам шматгадовай травы, напрыклад, люцэрны. Плануем пасадзіць 85 га бульбы, 1000 га кукурузы на зерне, якое паступiць на кукурузакалібровачны завод, і 1900 га кукурузы – на зялёны корм. У гэтым годзе будзем высяваць новыя культуры, якімi мы не займалiся гадоў 5. Напрыклад, 30 га лубіну, 15 га грэчкі. Плануем атрымаць нядрэнны ўраджай».

Юлія ПРАШКОВIЧ.

Фота Аляксандра САЛАДКОВА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *