Зямлі нізка пакланюся: будзе лес у Беларусі!

1320

На Мазыршчыне, як і па ўсёй краіне, стартавала традыцыйная дабрачынная акцыя «Тыдзень лесу-2018», арганізатарам якой вось ужо ў 11 раз выступіла Міністэрства лясной гаспадаркі

Акцыя, прысвечаная Году малой радзімы і аднаўленню лясоў, пашкоджаных у выніку масавага распаўсюджвання насякомых-шкоднікаў, распачатая 14-га, будзе доўжыцца па 21 красавіка. Галоўная мэта мерапрыемства — прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблем ляснога фонду, папулярызацыя беражлівых адносін да аднаго з галоўных прыродных рэсурсаў краіны, узмацненне экалагічнай, эканамічнай і сацыяльнай ролі лясоў. У ДДЛГУ «Мазырскі доследны лясгас» да гэтай веснавой кампаніі добра падрыхтаваліся, каб усе дабраахвотнікі былі забяспечаны неабходным інвентаром, пасадачным матэрыялам і мелі спрыяльныя ўмовы для пасадкі дрэў.

З пазітыўным настроем у цесным тандэме працуюць на дзялянцы Ляшнянскага лясніцтва старэйшы інспектар Мазырскай міжраённай інспекцыі жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Пятро Кудрыцкі і спецыяліст аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Мазырскага райвыканкама Яўгенія Скібар.

У мінулую суботу дзяржаўная доследная лесагаспадарчая ўстанова (ДДЛГУ) “Мазырскі доследны лясгас” Гомельскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь запрасіла мазыран прыняць удзел у пасадцы лясных культур на дзелянках, ачышчаных ад хворых дрэў, распрацаваных у выніку барацьбы з нашэсцем жука-караеда.

Закладваць новы лес разам з працаўнікамі лясгаса прыехалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, прадстаўнікі Мазырскага райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў, а таксама кіраўнікі землеўпарадкавальнай і архітэктурнай служб райвыканкама, супрацоўнікі эколага-культурнага цэнтра і падатковай інспекцыі, вучэбнага цэнтра Мінлясгаса і дзіцячай дашкольнай установы, раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, кіраўніцтва і супрацоўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў і Мазырскага пагранічнага атрада, ваеннага камісарыята і ААТ “Мазырпрамбуд”, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь” і “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, актывісты прафсаюзных і ветэранскіх арганізацый. 

Трэба адзначыць, што дабраахвотнікаў у параўнанні з мінулымі гадамі на старце “Тыдня лесу-2018” сабралася зашмат. І гэта вельмі добра, таму што ў веснавую страду кожная пара рук – вялікая каштоўнасць. Дзеля гэтага, як зазначыў у прывітальным слове да ўдзельнікаў акцыі кіраўнік лясгаса  Андрэй Марачкоўскі, на прадпрыемствы і ў арганізацыі горада былі накіраваны пісьмы з заклікам падтрымаць лесаводаў у такую гарачую пару па аднаўленню лясоў рэгіёна.

Пасля пераклічкі высветлілася, што сярод дабраахвотнікаў былі не толькі ўжо правераныя байцы, але і тыя, хто ўпершыню вырашыў дакрануцца да такой благой справы. Калі аўтобусы, узяўшыя накірунак у бок Ляшнянскага лясніцтва, нарэшце спыніліся ў прызначаным месцы, там усіх па-гаспадарску сустрэў кіраўнік гэтага падраздзялення Юрый Шоба. Падзяліўшы “атрад” на дзве часткі, так як пасадка планавалася на дзвюх дзялянках, ляснічы растлумачыў задачу на гэты дзень, азнаёміў з тэхналогіяй пасадкі культур, выпрацаванай некалькімі пакаленнямі лесаводаў, а  потым даў майстар-клас па закладцы сеянцаў у глебу. Гісторыя, паведаная ляснічым, кранула прысутных і здзівіла, што галоўнай прыладай працы ў дадзеным працэсе з’яўляецца меч Колесава, такі просты і незамянімы, якому больш 100 гадоў! Калі ўсе зразумелі, як у лунку, зробленую мячом, падобным на лапату з доўгім наканечнікам, патрэбна апускаць сеянец і заціскаць яго з абоіх бакоў, удзельнікі акцыі размеркаваліся па парах і прыступілі да вытворчасці. Людзі працавалі старанна і рупліва, пераходзячы з адной баразны на другую, павялічваючы плошчу, запланаваную для пасадкі сеянцаў.

Было відавочным, што калектыўная праца ў рамках дабрачыннай акцыі, галоўнай мэтай якой было аднаўленне лесу роднага краю, зблізіла людзей розных пакаленняў, заняткаў і сфер дзейнасці. Так, не здрадзіўшы сваім традыцыям і любові да роднай зямлі, на поўную моц у  адным радзе працавалі парламентарый Леанід Пісанік і яго памочнік Сяргей Каробкін. Адказную грамадзянскую пазіцыю і асабістае жаданне праявіла старшыня райсавета дэпутатаў Валянціна Назаранка. Сваім доўгам і чэсцю ўнесці лепту ў аднаўленне лясоў Мазыршчыны, безумоўна, лічаць першы намеснік старшыні райвыканкама Алена Каленік, намеснікі старшыні Сяргей Дылюк, Уладзімір Быстрэнка і ўпраўляючы справамі Мазырскага райвыканкама Аляксандр Чыгер. Каманду райвыканкама дапоўнілі начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Яўген Рыхцікаў і начальнік землеўпарадкавальнай службы Максім Кісялёў, а таксама спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі  Яўгенія Скібар. Штогод “Тыдзень лесу” актыўна падтрымліваюць супрацоўнікі Мазырскай раённай інспекцыі па ахове жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Аляксандр Красюк, Пётр Кудрыцкі, Сяргей Чырыч, Дзяніс Амяльчук, Уладзімір Кулявец на чале са сваім начальнікам Мікалаем Лагімахавым. Не засталася ў баку ад грамадзянскіх спраў на карысць сваёй Радзіме і каманда Мазырскага РАУС пад кіраўніцтвам намесніка начальніка аддзела Аляксандра Ільюка, у складзе якой разам з ім дружна працавалі старшы інспектар групы кадраў Дзмітрый Лясько і курсанты Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь  Аляксандр Канопліч, Яўген Пархоменка і Канстанцін Карповіч. А вось каманда падатковай інспекцыі, у склад якой увайшлі Аксана Трафімава, Наталля Сянько, Людмiла Цiмошына, Алена Федасеева, Валянцiна Яшкіна, Святлана Дамасевіч, Сяргей Ястрэмскі і Цiмафей Бачароў, пасадку лясных культур адкрыла для сябе як новую справу. Не ўпершыню побач з лесаводамі лясгаса рупліва працавалі афіцэры ваеннага камісарыята Ігар Чайко, Віталь Грамовіч і Канстанцін Ляхаў. Каманда мазырскіх пагранічнікаў на чале з палкоўнікам Алегам Эйбатавым, а таксама цэлым падраздзяленнем вайскоўцаў тэрміновай службы выглядала моцнай і самай мнагалікай. Свае сосны і бярозкі ў гэты дзень таксама пасадзілі начальнік Мазырскага аддзела раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Юрый Збароўскі і яго намеснік Іван Маскалёў, першы намеснік генеральнага дырэктара ААТ “Мазырпрамбуд” Аляксандр Гарыст, ветэран Мазырскага доследнага лясгаса, заслужаны лесавод Рэспублікі Беларусь Мікалай Дадзько і шмат іншых удзельнікаў.

Напрыканцы выканання плана на тварах удзельнікаў акцыі разам са стомленасцю адлюстроўвалася яскравая радасць ад вынікаў працы, зробленай на карысць грамадства і сабе асабіста. Так бывае толькі тады, калі ў тваёй душы ад самага нараджэння жыве моцная любоў да роднай зямлі, нерукатворнай прыгажосці прыроды, яе дароў, чыстага гаючага паветра, без чаго пражыць чалавеку ўвогуле немагчыма. Менавіта такое заключэнне зрабілі амаль усе, як і тыя, з кім давялося пагутарыць аўтару гэтых радкоў.

Кампетэнтна

Андрэй МАРАЧКОЎСКІ, дырэктар Мазырскага доследнага лясгаса:

– У веснавую страду гэтага года калектыву трэба добра папрацаваць, каб выканаць усе пастаўленыя задачы. Дарэчы, нам патрэбна аднавіць лясныя культуры на тэрыторыі амаль 600 га. Адметна, што да гэтай справы актыўна далучыліся мясцовыя жыхары ва ўсіх лясніцтвах, кіраўнікі i работнiкi падраздзяленняў з сем’ямі. Толькі ў стартавы дзень акцыі на розных участках дзейнасці занята больш 500 чалавек. Хто жадае, можна далучыцца да такой благой справы, патэлефанаваўшы ў прыёмную гаспадаркі да апошняга дня акцыі – 21 красавіка.

 Мікалай ШАРЫГА, галоўны ляснічы лясгаса:

– Імгненнае пацяпленне прымусіла нас спяшацца, асабліва ў накірунку ўзнаўлення лясных культур на падрыхтаваных тэрыторыях. Улічваючы запланаваны аб’ём – каля 600 га, у кожным лясніцтве вядуцца інтэнсіўна работы ў гэтым накірунку. На тэрыторыі каля 490 га мы аднавілі лясы восенню. Высадзілі сеянцы сасны, бярозы, альхі, дуба, ясеня. Увесь пасадачны матэрыял, акрамя ясеня, вырашчаны лесакультурніцамі Слабадскога доследнага лясніцтва. Нам хапае сеянцаў, каб не толькі забяспечыць свае патрэбы, але і прадаць лясгасам вобласці і рэспублікі. Акрамя лясных культур, у доследным гадавальніку лясгаса вырошчваюцца дэкаратыўны пасадачны матэрыял і кветкі, якія карыстаюцца вялікім попытам у арганізацый і насельніцтва рэгіёна. Асобую ўвагу калектыў лясгаса зараз надае рабоце ў пажарабяспечны перыяд. Трэба падкрэсліць, што ў дадзеным накірунку мы прайшлі этап сур’ёзнай падрыхтоўкі. Тэхнічны парк папоўніўся 2 адзінкамі спецыяльнай тэхнікі.

 Юрый ШОБА, ляснічы Ляшнянскага лясніцтва:

– На дзвюх запланаваных дзялянках (каля 30 га) у межах “Тыдня лесу” запланавана пасадзіць сеянцы сасны і бярозы. У нас ёсць усё неабходнае: спецыялісты, жадаючыя працаваць, прылады працы і пасадачны матэрыял. Улічваючы, што тэмпература  паветра з кожным днём павялічваецца, нам патрэбна спяшацца, каб не перасохла глеба. Не толькі на працягу тыдня, а і ўвогуле ў веснавы перыяд мы інтэнсіўна вядзем работы па ўборцы тэрыторый абапал прыдарожных палос, дачных кааператываў, мясцовых могілак. Дзякуючы намаганням калектыву з асноўным аб’ёмам работ мы ўжо справіліся паспяхова.

З першых вуснаў

Леанід ПІСАНІК, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:

– На працягу гадоў, працуючы ў раёне на іншых пасадах, я ніводнага разу не прапусціў такую дабрачынную акцыю па аднаўленню лясоў свайго рэгіёна. Мазыршчына – гэта мая малая радзіма, і зрабіць нешта на яе карысць лічу сваім асабістым і грамадзянскім абавязкам. Калі кожны з нас пасадзіць хаця б некалькі дрэў, безумоўна, гэта будзе яго ўкладам у захаванне прыродных багаццяў краю. Няхай мы не ўбачым вынікаў сваёй працы, таму што патрабуецца некалькі дзясяткаў гадоў, каб дрэвы сталі спелымі, але ж адноўленыя лясы будуць шумець густымі вяршынямі для нашых нашчадкаў, радаваць іх сваімі шчодрымі дарамі, зелянінай дубраў, разнастайнасцю жывёльнага і расліннага свету…

 Валянціна НАЗАРАНКА, старшыня Мазырскага раённага Савета дэпутатаў:

– У такой раённай акцыі, як сёлетняя, я прымаю ўдзел упершыню. Але ж днямі разам з дэпутамі вобласці садзіла лес на дзялянцы Гомельскага лясгаса. І тады, і зараз атрымала максімум задавальнення нават ад самога дачынення да такой  карыснай справы. Трэба адзначыць, што калектыўная праца і разуменне таго, што ты робіш, асабліва натхняе, напаўняе душу добрым настроем, радасцю. І такая акцыя, як “Тыдзень лесу”, дазваляе кожнаму з нас рэалізаваць таемныя магчымасці, каб пасадзіць сваё дрэва ў жыцці. Лес – гэта лёгкія нашай планеты, яе багацце, кладзезь лекавых зёлак, ягад, грыбоў, цудоўных мясцін для адпачынку, драўніны як эканамічнай складаючай прамысловай вытворчасці. Мусіць, кожны, хто прыняў удел у акцыі разам з намі, доб-ра разумее, якая гэта патрэбная справа.

 Алег ЭЙБАТАЎ, начальнік Мазырскага пагранічнага атрада:

– Пагранічнікі па сваёй сутнасці прызваны садзейнічаць захаванню прыродных і лясных багаццяў рэгіёна, і таму на запрашэнне кіраўніцтва Мазырскага доследнага лясгаса  аказаць дапамогу ў пасадцы лясных культур мы  адрэагавалі пазітыўна. Пазіцыя пагранічнікаў не замыкаецца толькі на ахове дзяржаўных рубяжоў, яна заключаецца ў цесным узаемадзеянні з інспекцыямі па ахове лясных угоддзяў ад браканьераў. Удзел у сённяшнім мерапрыемстве па  аднаўленню лясных тэрыторый, пацярпелых ад жука-караеда, мае глыбокі філасофскі сэнс наконт таго, што Мазыршчына, не гледзячы на страты, будзе заставацца такім жа прыгожым краем з багатай гісторыяй, дыхаючай даўніной. Пасадзіць дрэва – абавязак кожнага!

Эпілог

Вялікая Радзіма складаецца з мноства маленькіх куткоў і куточкаў, якія для кагосьці з’яўляюцца самымі лепшымі ў свеце, самымі дарагімі і адзінымі. Але ж немагчыма ведаць Радзіму, калі не будзеш ведаць свой малы родны кут, сваё акружэнне. Якое месца ты займаеш у свеце, дзе знаходзіцца твой кавалачак зямлі? Адказ на гэта пытанне пачынаецца з далучэння сэрцам да роднага краю. Хіба ж можна не любіць свой родны кут? Кут, дзе нарадзіліся твае бацькі, дзе свой век пражылі дзяды, дзе спрадвеку твае карані?  Таму кожны з нас таксама павінен пакінуць свой след на зямлі: менавіта дрэва, пасаджанае на ўсеагульную карысць, якраз і будзе тым самым лепшым і моцным прыкладам для пераемнасці пакаленняў…

Наталля КАНОПЛІЧ, фота аўтара.

 

 


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: