Людміла Ляскоўская: «Працы ніколі не баялася…»

800

Людміла Мікалаеўна ЛЯСКОЎСКАЯ шмат гадоў працуе на КСУП «Козенкі-Агра» аператарам машыннага даення.

Складаную назву сваёй прафесіі не прымае. Кажа проста: «Я – даярка». Дарэчы, адна з лепшых у раёне, не раз была адзначана ўзнагародамі і на ўзроўні вобласці. «З самага дзяцінства дапамагала мацi на ферме. Яна ў мяне таксама даяркай працавала. Пасля школы вырашыла вывучыцца на кухара. Адвучылася, але нешта з гэтай прафесіяй у мяне не склалася – не маё. Вярнулася да звыклай з дзяцінства працы і ні разу аб гэтым не пашкадавала. Раннія пад’ёмы ніколі не палохалі, я і ў выхадны дзень доўга спаць не люблю. Гэта ўжо звычка, выпрацаваная гадамі», – усміхаецца Людміла Мікалаеўна. Кажа, што сваіх падапечных вельмі любіць, і ніколі не ўспрымала іх абыякава: «У кожнай з іх свой характар, свае звычкі. Хтосьці даярку ўспрымае з насцярожанасцю, хтосьці са здзіўленнем, а хтосьці, наадварот, з радасцю. І як іх можна не любіць?!» На працу жанчына прыходзіць рана. Любіць гэты час: вёска яшчэ толькі-толькі прачынаецца, а на комплексе ўжо кіпіць жыццё. Жывёлы ветліва сустракаюць сваю гаспадыню – менавіта так яны ўспрымаюць Людмілу Мікалаеўну. Уважліва сочаць за ёй, паслухмяна згаджаюцца на ранішнюю дойку.

Жанчына прызнаецца, што многія этапы ў сваёй працы ўжо выконвае аўтаматычна, настолькі моцная шматгадовая звычка. На комплексе ўсё аўтаматызавана, уладкована з клопатам пра працаўнікоў. Тут чыста, светла і цёпла. Заработная плата залежыць ад выніку тваёй працы: зрабіў больш – столькі ж і атрымаў, не атрымалася павялічыць, скажам, надой – знізілася зарплата.

У цяперашні час на жывёлагадоўчым комплексе «Козенкі», дзе працуе наша суразмоўца, каля 500 галоў дойнага статку, агульнае пагалоўе складае 870 галоў. Так што па мерках Мазыршчыны комплекс немаленькі. А, значыць, і працы шмат. Людміла Мікалаеўна запэўнівае нас у тым, што працы ніколі не баялася. Больш за тое, камфортна сябе адчувае, калі дасягае пэўных прафесійных мэтаў. Бо расці заўсёды ёсць куды, было б толькі жаданне рухацца наперад. «Чалавек, які на працу ходзіць пад прымусам, які не шануе свой калектыў, які не імкнецца і да справы падыходзіць абыякава, наўрад ці будзе шчаслівы. Бо шмат гадоў хадзіць на нялюбую працу і ворагу не пажадаеш», – распавядае жанчына.

У месяц вясковая працаўніца надойвае больш за 50 т малака. Але лічбы – гэта не галоўны паказчык паспяховасці. Значна важней уменне пабудаваць цёплыя сяброўскія адносіны ў калектыве, адказна падыходзіць да ўсякай справы, любіць тую прафесію, якой прысвяціў сябе. Вялікае шчасце – знайсці свой жыццёвы шлях. Не той, ісці па якім цябе пераканалі бацькі, не той, на які накіроўвалі настаўнікi. Важна, каб на шляху гэтым было цікава, каб чалавек адчуваў задавальненне і ўпэўненасць у правільнасці свайго выбару. Тады справа будзе спорыцца і душа цешыцца. У гэтым наша суразмоўніца перакананая.

У КСУП «Козенкі-Агра» нямала работнікаў, якімі прадпрыемства можа ганарыцца. Так, напрыклад, сярод аператараў машыннага даення лідзіруе таксама і Вольга Іванаўна Марціновіч, якая любіць сваю справу, з задавальненнем навучае нявопытных даярак, а таксама ў дасканаласці ведае ўсе важныя моманты сваёй працы.

Як вядома, самы моцны падмурак кожнага прадпрыемства – людзі. І ў КСУП «Козенкі-Агра» яны, работнікі, па-сапраўднаму працавітыя і зацікаўленыя ва ўласных перамогах.

Юлія ПРАШКОВІЧ.

Фота Аляксандра САЛАДКОВА.

 


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: