Патрыятызм – маральная аснова

2780

Той, хто не любіць сваю краіну, нічога любіць не можа.

Джордж Гордан БАЙРАН

Вымушаны канстатаваць: мы, беларусы, у вандроўках-пошуках так званага лепшага жыцця-быцця, пераймаючы модна-заморскае, губляем свае карані, адварочваемся ад бацькоўскай зямлі. Ды і самі бацькі рабілі многае, каб іх дзеці як мага далей збеглі ад старонкі свайго роду. Вось і стаяць сёння паўсюль у вёсачках Бацькаўшчыны пакінутыя хаты з драўлянымі крыжамі-помнікамі на вокнах. Гэтыя хаты, канешне, усё яшчэ чакаюць сваіх родзічаў у госці, але тыя зусім не спяшаюцца туды ехаць, вяртацца… Для многіх паняцце патрыятызм сёння засталося на ростанях, дзесьці блукае пазадворкамі. Многія сучаснікі ў пагоні за доўгім рублём наогул забыліся пра шчырыя пачуцці, сярод нас развялося шмат людзей без сэрца, без душы. Дзеці забываюць сваіх бацькоў, браты і сёстры між сабой не маюць ніякіх адносін. А чалавек без сэрца, зразумела, не здольны нікога кахаць, не здольны любіць, шанаваць і паважаць тыя мясціны, якія яго выхавалі і далі пуцёўку ў жыццёвы свет. Патрыятызм непасрэдна звязаны як з малой радзімай, так і з вялікай. Не сакрэт, што выпрацоўка патрыятычных пачуццяў найперш адбываецца ў сям’і, у бліжэйшым акружэнні, у навучальных установах (дзіцячы сад, школа, каледж, ліцэй, універсітэт), этнакультурным асяроддзі, вытворчым калектыве, рэгіёне пражывання з яго эканамічнымі, сацыяльнымі і культурнымі асаблівасцямі. Па сутнасці, патрыятызм – маральная аснова жыццяздольнасці грамадства, яго псіхалагічнага здароўя. І, канешне, гэтае надзвычай здаровае пачуццё ахоплівае людзей усіх пакаленняў і ўзростаў. Патрыятызм асабліва звязаны з духоўнымі традыцыямі і ідэаламі, без яго не можа быць сапраўднага фарміравання свядомай асобы і адраджэння вялікасці, магутнасці Бацькаўшчыны, яе велічы і славы. Што вельмі істотна, беларускі патрыятызм ніколі не вызначаўся агрэсіўным, варварска-драпежніцкім характарам. Я лічу, што менавіта далейшае ўвішна-эфектыўнае, якаснае патрыятычнае выхаванне будзе ў многім садзейнічаць росквіту Беларусі як магутнай і цывілізаванай дзяржавы. Тым больш, што мы знаходзімся ў цэнтры Еўропы, у нас і іншым нацыям ёсць чаму павучыцца.

У ХХІ стагоддзі асаблівую актуальнасць набылі і такія рысы асобы, як цярпімасць і павага да меркаванняў іншых людзей, уменне пераконваць ці, наадварот, прымаць іншыя пункты гледжання, што з’яўляецца яркім паказчыкам эфектыўнасці ў фарміраванні грамадзянскіх каштоўнасцей.

Як педагог усведамляю, што ў сучасным грамадстве неабходна сапраўднае, а не папулісцкае адраджэнне духоўнасці, выхаванне маладога пакалення ў духу патрыятызму, любові да Айчыны. У эру суцэльнай камп’ютэрызацыі і лічбавай віртуальнасці мы згубілі чалавека з яго зямнымі запатрабаваннямі. Неабходна ўсімі сіламі змагацца з насіллем, жорсткасцю. Трэба вяртацца назад да вялікага розуму, да спадчыны нашых надзвычай інтэлектуальных продкаў, да пачуцця ўсеагульнай адказнасці перад Радзімай вялікай і радзімай маленькай, той самай, якая як радзімка на целе ў кожнага.

Выхаванне патрыятычных пачуццяў павінна стаць паўсюдным, усеагульным працэсам, справай усяго грамадства, усіх палітычных і грамадзянскіх інстытутаў, кожнага чалавека ў межах сваёй дзейнасці на карысць грамадства. Упэўнены, без высокаякаснага патрыятызму не можа быць ні добрай дзяржавы, ні цывілізаванага народа. Гэта тая святая і пачэсная повязь, што гарманічна яднае мінулае і сучаснае, сучаснікаў і нашчадкаў. Патрыятызм выпрацоўвае веру і надзею чалавека ў росквіт сваёй Бацькаўшчыны, у яе шчаслівую будучыню. І кожны павінен рабіць свой маленькі ўклад у тое, каб родная старонка мела лепшую долю, а землякі былі здаровай талакой. Нацыянальны гонар – вось той ідэал, да якога мы павінны штодзённа імкнуцца.

Пачуццё патрыятызму ў сучасных дзяцей надзвычай аслабленае, нямоглае, асобасныя клопаты ляжаць у асноўным у галіне ўласнага. Тым не менш выхаванне любові да Бацькаўшчыны, нягледзячы ні на што, можа і павінна ажыццяўляцца пастаянна – бацькамі, педагогамі, пасродкам чытання айчыннай і сусветнай класікі, прагляда інтэлектуальных перадач, перадач пра родную прыроду, акаляючы свет. Сёння на ТБ многа ўсялякага глупства: кулінарныя шоу з удзелам тых, хто сам далёкі ад кухні, перадачы пра здароўе з рэкламай усялякіх дабавак, нават шкодных прэпаратаў. Зоркі шоу-бізнесу на экране паводзяць сябе вульгарна і амаральна, проста тонуць у рознага кшталту скандалах. Каналы ТБ гоняцца за рэйтынгам, папулярнасцю, паказваючы нікчэмныя крымінальныя серыялы, судовыя разборкі. Пры гэтым забываецца псіхалогія душы гледача, яго еднасць з прыродай, з сусветам. Вельмі мала інтэлектуальных перадач пра Чалавека і Зямлю. Рэдка выступаюць пісьменнікі, вучоныя, даследчыкі. ТБ павінна шчодра  расказваць пра падзеі і людзей, якімі мы можам ганарыцца, пра вечныя каштоўнасці: любоў да сваёй зямлі, нацыянальныя карані. Трэба расказваць пра гарады і вёскі Радзімы, прычым распавядаць цікава, а не так, што і глядзець не хочацца. Трэба паказваць нашу магутную прыроду, нашы рэкі, азёры, лясы, прыродныя помнікі, заказнікі.

Сёння дзеці часта чуюць, што светам кіруюць грошы і сувязі. Што можа зрабіць педагог у такой сітуацыі? Што можа супрацьпаставіць той чорнай і негатыўнай інфармацыі, што пахабна і жорстка лезе ва ўсе вокны і дзверы? Як зрабіць вышэйшым элементам нацыянальнай свядомасці святую ідэю служэння Бацькаўшчыне, як навучыць “Отчизне посвятить души прекрасные порывы…”?

Патрыятызм – гэта фундамент грамадскай і дзяржаўнай сістэм, духоўна-маральная аснова іх жыццяздольнасці і эфектыўнага функцыяніравання. Гэта фармаванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі і патрэбы ў самаахвярным служэнні Айчыне. А патрыятычнае выхаванне – гэта сістэматычная і мэтанакіраваная дзейнасць органаў дзяржаўнай улады, арганізацый, кожнага з нас па фарміраванні ў грамадзян высокай грамадзянскай свядомасці, пачуцця вернасці сваёй Айчыне, гатоўнасці да выканання грамадзянскага і канстытуцыйнага абавязкаў па абароне інтарэсаў Радзімы.

Мы павінны вывучаць гісторыю і культуру Айчыны і роднага краю. Дарослыя павінны падтрымліваць і развіваць маладзёжныя ініцыятывы ў справе авалодання ваеннымі прафесіямі, вывучэння ваеннай гісторыі і ваеннай справы. Павінна паўсюдна весціся сур’ёзная падрыхтоўка моладзі да ваенннай службы, уздымацца прэстыж прафесіі абаронцаў Айчыны. І шкада, што пра гэта мы ўзгадваем толькі ў свята 23 лютага!.. Нам трэба аказваць дапамогу ветэранам, сем’ям загінуўшых пры выкананні воінскіх абавязкаў. Трэба пастаянна праводзіць шматлікія мерапрыемствы, звязаныя з памятнымі датамі, днём горада, пасёлка, вёскі, з падзеямі гісторыі роднага краю, воінскай славы, баявымі традыцыямі. Сёння трэба актывізоўваць моладзь на выбар прафесій ратаўніка, сацыяльнага работніка, супрацоўніка праваахоўных органаў, супрацоўніка Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Моладзь павінна лічыць за гонар служыць у Беларускай арміі.

Перакананы, што патрыятычныя пачуцці не ўзнікаюць у людзей самі па сабе. Асяроддзе, уклад жыцця ў сям’і, адносіны ў школьным калектыве – усё гэта шчодра фарміруе патрыятызм. А ў якасным патрыятызме народа – вялікая моц дзяржавы. Нашаму грамадству патрэбны мужныя, ініцыятыўныя, дысцыплінаваныя, граматныя людзі, якія добра вучацца, працуюць, служаць, а ў выпадку неабходнасці гатовы ўзняцца на абарону Бацькаўшчыны.

Скончыць хацелася б словамі беларускага рыцара, вялікага патрыёта, таленавітага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча:

Бог пайшоў. Жыццё ідзе пад кручу.

Але йдзі і не губляй спакой.

Ёсць замест прыватнай неўміручасці

Бессмяротнасць нацыі тваёй.

Ты памрэш. Але ў бязмежным свеце

Будуць працвітаць твой Люд і Край…

Вер, што ў гэтым, вер, што толькі ў гэтым

Шчасце пасмяротнае і рай.

Канстанцін КАРНЯЛЮК, пазаштатны аўтар.

 


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: