Козенская дзіцячая школа мастацтваў адзначыла 25-годдзе з моманту ўтварэння

402

Ад чыстага вытока

Калі зазірнуць у гісторыю, пагартаць старонкі развіцця раёна  ці нават вобласці за апошнія гады, то можна адзначыць, што не кожны аграгарадок можа сёння пахваліцца наяўнасцю ўстановы культуры і мастацтва такога высокага статусу, як Козенская ДШМ, дзе ёсць належныя ўмовы для развіцця і рэалізацыі прыродных задаткаў сельскім дзецям.

Дарэчы, вёска Козенкі, улічваючы яе суседства з горадам, ва ўсе часы ставілася да ліку самых густанаселеных у Мазырскім раёне. А з прысваеннем статусу аграгарадка папулярнасць да яе павялічылася ў разы. Тут нядрэнна развіта неабходная інфраструктура, вялікая ўвага надаецца добраўпарадкаванню. Лічу, што гэта асноўныя з фактараў, якія ўплываюць на выбар месца жыхарства і замацавання моладзі на сяле. Не дзіва, што ў сярэдняй школе аграгарадка сёння каля 800 навучэнцаў! І зразумелая справа, што сярод іх нямала таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія мрояць не толькі атрымаць адукацыю, але і хочуць танцаваць, спяваць… Менавіта ж тут на мазырскай зямлі на прыканцы 60-х прарасло некалісь і зерне таленту вядомага дзеяча беларускай культуры, этнографа і педагога Міколы Аляксеевіча Козенкі (нарадзіўся ў в. Целепуны).

І вельмі добра, што патаемную нішу на культурнай прасторы Мазыршчыны ў свой час, а дакладней у 1993 годзе, удала запоўніла дзіцячая музычная школа, адкрыццём якой цяперашні калектыў абавязаны першаму дырэктару Сяргею Аляксеевічу Забелаву. Дзякуючы яго прафесіяналізму, незвычайнай працаздольнасці і імкненню да развіцця ў школе за гады ягонага  кіраўніцтва  атрымалася рэалізаваць  многія культурныя пачынанні. Былі адкрыты народнае, фартэпіяннае і тэарэтычнае аддзяленні. І ў прамым, і ў пераносным сэнсе слова жыццё тут завіравала ва ўсіх напрамках. Велізарную ролю тут адыграў той факт, што першаму дырэктару ўдалося згуртаваць вакол сябе педагогаў-аднадумцаў, такiх, як і ён сам, закаханых у песню, музыку, танец. У ліку гэтых людзей, якія і сёння працягваюць добрыя культурныя традыцыі, выкладчыкі В. У. Дзенісюк, Т. М. Даніленка, К. А. Пуш, Л. Ф. Гусева, Н. Г. Капішынская, Н. М. Рамановіч, Е. В. Гарбачова. Добрыя пачынанні папярэдніка на пасадзе кіраўніка на працягу 15 гадоў працягваў Аляксандр Міхайлавіч Лаўроў. Дзякуючы яго арганізатарскім здольнасцям маштабы Козенскай дзіцячай музычнай школы значна пашырыліся, павялічыўся  кантынгент навучэнцаў, адкрыліся новыя класы. На такія дасягненні накіроўваць намаганні калектыву і свае асабістыя мог толькі чалавек, закаханы ў сваю справу.

На долю Святланы Віктараўны Палын, якая ўзначаліла школу ў 2010 годзе, выпала рэарганізацыя сеткі дзіцячых школ мастацтваў Мазырскага раёна: да ўстановы былі далучаны класы ў н.п. Зімовішчы, Каменка, Махнавічы, Сасновы. Такі працэс запатрабаваў і пашырэнне штата супрацоўнікаў, якія б забяспечылі на прафесійным узроўні працу ў новых аддзяленнях, такіх, як «Народная творчасць», «Харэаграфія». У гэты час быў створаны ансамбль народных інструментаў «Гасцінец». Актывізавалася пазабюджэтная дзейнасць: былі створаны групы эстэтычнага выхавання, падрыхтоўчая група, аматарскае аб’яднанне «Гармонія», утворана дзіцячая філармонія «Сугучча».  Актыўная канцэртная дзейнасць пашырыла  кола дзіцячай і дарослай аўдыторыі.

 Працягваючы традыцыі

Пад кіраўніцтвам Ірыны Мікалаеўны Дарашук, якая ўзначальвае школу ў цяперашні час, працуюць 33 настаўнікі. На розных аддзяленнях навучаюцца 255 вучняў. Акрамя  бюджэтных, тут функцыянуюць таксама і групы на платнай аснове: падрыхтоўчая – «Да-Мі-Солька» і эстэтычнага развіцця, аматарскае аб’яднанне «Гармонія» (44 вучні). У апошні час у школе намецілася добрая тэндэнцыя да павелічэння колькасці дзяцей дашкольнага ўзросту. Гэта сведчыць аб тым, што тут дбаюць пра стварэнне зоны поспеху для сельскага  дзіцяці. Навучальны працэс прадуманы так, каб любы вучань змог паспрабаваць свае сілы ў розных напрамках, як у музычным (фартэпіяна, скрыпка, флейта, баян, акардэон, цымбалы, гітара, домра, харавое дырыжыраванне), так у выяўленчым, харэаграфічным і народным. Такі падыход дае магчымасць кожнаму адчуць сябе часткай вялізнага свету мастацтва і знайсці ў сабе патрэбную іскру.  Некаторыя навучэнцы з задавальненнем атрымліваюць музычную адукацыю на двух аддзяленнях. Жыццё школы насычана яркімі творчымі падзеямі, ад якіх не застаюцца ў баку педагогі са шматлікімі ідэямі. Так, напрыклад, у 2011 годзе тут з’явіўся новы перспектыўны напрамак – дзіцячая філармонія «Сугучча», узначальвае якую выдатны педагог і кіраўнік Валянцін Міхайлавіч Ракіцкі (працуе ў школе больш 15 гадоў), канцэртнай дзейнасцю ён ахоплівае не толькі вучняў, але і педагогаў. Выступленні дазваляюць кожнаму ўдзельніку рэалізаваць свае артыстычныя магчымасці, а слухачам – пашырыць сваю культурную прастору. Адным з важных крытэрыяў  працы калектыву з’яўляецца дабрачынная дзейнасць – выступленні ў дзіцячых садках сельскіх населеных пунктах, школах, сацыяльных цэнтрах і інш. Разам з гэтым навучэнцы дадзенага аддзялення вядуць актыўную выставачную дзейнасць, удзельнічаюць у конкурсах рознага ўзроўню, прымеркаваных да значных дат з жыцця раёна, вобласці, краіны.

 Гонар школы – вучні!

За 25 гадоў існавання пачатковую музычную адукацыю ў сценах школы атрымалі больш за 300 выхаванцаў. І важна, што многія з іх працягваюць сяброўства з музыкай, нягледзячы на тое, што заняты ў іншых сферах. А некаторыя, атрымаўшы музычную адукацыю на прафесійным узроўні, вярнуліся сюды ў статусе педагогаў. Цяпер побач са сваімі настаўнікамі, якiя далi iм пуцёўку ў жыццё, паспяхова працуюць Алена Лазарэнка, Рыма Кірыленка, Дыяна Берднік, Крысціна Ермакавец. Яшчэ адна  таленавітая выпускніца Козенскай ДШМ па класе фартэпіяна Лілія Сузько працуе канцэртмайстрам у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Гонарам школы з’яўляецца і Настасся Пятрова (выпускніца БДАМ) – кіраўнік ансамбля народных інструментаў «Гасцінец». Прыемна, што ў 2014 годзе  за папулярызацыю нацыянальнай культуры, актыўную канцэртную дзейнасць, удзел у абласных конкурсах ансамбль быў удастоены звання «Народны аматарскі калектыў». У гэтым навучальным годзе ў калектыве ўстановы асвоілі новыя формы работы: майстар-класы настаўнікаў выяўленчага мастацтва, правядзенне мерапрыемстваў па духоўнаму адраджэнню з удзелам прадстаўніка царквы – айца Паўла.  Узорны вакальны ансамбль «Чыпаліна», створаны ў 1996 годзе настаўнікам харавога класа Клаўдзіяй Алегаўнай Пуш, пасля (у 2003 годзе) мае званне «Узорны самадзейны калектыў». Дзякуючы цеснаму тандэму таленавітага кіраўніка К. А. Пуш і балетмайстра Любові Мікалаеўны Пашкоўскай ансамбль дасягнуў многіх творчых вяршынь. Ён з’яўляецца лаўрэатам і дыпламантам  многіх міжнародных конкурсаў і фестываляў Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы, Туркменіі, Балгарыі. Творчыя перамогі і поспехі калектыву неаднаразова былі адзначаны заахвочвальнымі прэміямі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Па замове Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь артыкул пра ўзорны ансамбль «Чыпаліна» Козенскай дзіцячай школы мастацтваў унесены ў энцыклапедыю «Культура Беларусі». У калектыве займаюцца дзеці ад 6-ці да 15-ці гадоў.

Не толькі ў рамках Рэспублікі Беларусь, але і па-за яе межамі вядомы і ўзорны ансамбль фальклорнай песні «Мазырскія весялушкі», створаны ў 2002 годзе таленавітым кіраўніком С. В. Палын.За час свайго існавання «Мазырскія весялушкі» сталі лаўрэатамі шматлікіх міжнародных конкурсаў, і ў цяперашні час на яго ўскладзена ганаровая і адказная місія па адраджэнні і захаванні беларускіх народных традыцый. У 2017 годзе ансамбль стаў дыпламантам I ступені на рэспубліканскім фестывалі-конкурсе дзіцячага народнага песеннага мастацтва «Жывая крыніца». У такім жа накірунку актывізуе сваю працу і выпускніца БДУ культуры і Кацярына Белаусава – кіраўнік ансамбля народнай песні «Пралескі». Калектыў з’яўляецца лаўрэатам і дыпламантам конкурсаў і фестываляў рознага ўзроўню. Новы подых у працу харэаграфічнага аддзялення школы прыйшоў разам з маладым таленавітым педагогам Настассяй Музыка – стваральнікам і кіраўніком ансамбля «Golden». Дзякуючы моцнай энергетыцы і ўменню натхніць выхаванцаў на плённую працу скарбонка школы штогод папаўняецца шматлікімі ўзнагародамі рознага  ўзроўню. Развіццё школы – вынік вялікай працы таленавітых музыкаў, харэографаў, мастакоў.

 У асяроддзi сяброў

Юбілей школы – гэта не проста свята, а той асаблівы рубеж, пераадоленне якога дазваляе азірнуцца назад і ўспомніць пройдзены шлях, падзякаваць добрым словам усіх, хто ўнёс свой значны ўклад у агульную справу, ну і, вядома ж, прыняць падарункі і віншаванні. Так, у святочным мерапрыемстве з нагоды 25-годдзя Козенскай дзіцячай школы мастацтваў прынялі ўдзел шматлікія госці, педагогі, выхаванцы ўстановы i iх бацькі. У адрас калектыву і навучэнцаў прагучала шмат шчырых слоў падзякі і ўдзячнасці за адраджэнне народных традыцый, за прафесіяналізм і вялікі ўклад у культурнае выхаванне падрастаючага пакалення. Прывітальны адрас дырэктару школы мастацтваў І. М. Дарашук ад аддзела культуры, ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мазырскага райвыканкама ўручыў Д. М. Бондараў, шчырыя словы віншавання з нагоды юбілею прагучалі таксама і ад былых дырэктараў  гэтай установы, і ад кіраўнікоў школ мастацтваў горада і Козенскай СШ, прадстаўнікоў адміністрацыі і прафкама Мазырскай ЦЭЦ, прафкама ААТ «Беларускабель», протаіерэя Паўла і многіх іншых. Выхаванцы школы разам са сваімі педагогамі, у сваю чаргу, падарылі гасцям і гледачам велізарную феерыю музычных, песенных і танцавальных падарункаў. Безумоўна, у кожнага, хто ў гэты вечар знаходзіўся ў зале Козенскага палаца культуры, сэрца напоўнілася шчодрай порцыяй пазітыўнага настрою, а душа атрымала асалоду, параўнальную хіба толькі з самым найсмачнейшым дэсертам, якi могуць  падараваць дзеці.

Наталля КАНОПЛІЧ, фота аўтара.

 


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: