Мазырскія майстрыхі здзіўляюць каларытам і майстэрствам

368

Ажно два дыпломы прывезлі мазырскія майстрыхі – супрацоўніцы  аддзела рамёстваў дзяржаўнай установы культуры “Мазырскі раённы цэнтр культуры  і народнай творчасці” з Х Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва «Берагіня», які адбыўся ў гарадскім пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласці.

Трэба адзначыць, што ўсе перамогі і падарункі калектыў збірае ў юбілейную скарбонку, зазірнуць у якую стане магчымым восенню, калі ўстанова будзе адзначаць 20-годдзе. На працягу вось ужо амаль двух дзясяткаў гадоў  калектыў накіроўвае ўсе свае сілы і намаганні на захаванне і развіццё традыцыйных рамёстваў свайго краю. І таму не толькі 2018-ы, а яшчэ і 2019, і 2020-ы пройдуць на палескай зямлі пад знакам Года малой радзімы. Дарэчы, тут кожнаму ёсць да чаго прыкласці рукі, каб толькі душа хацела і сэрца імкнулася да чысціні і прыгажосці.

Што тычыцца планаў, то іх заўсёды шмат. Але ж, па вялікаму рахунку, калектыў  імкнецца пашыраць кола аднадумцаў, а любоў да народных звычаяў і традыцый ахвотна перадае моладзі. Дзеля гэтага на базе цэнтра праходзяць шматлікія экскурсіі і майстар-класы, распрацоўваюцца новыя сюжэты і вырабы, абмяркоўваюцца метады і прыёмы апрацоўкі прыродных матэрыялаў, каб потым увасобіць і ажывіць аўтарскія задумкі ў сюжэтах.

Удзел у творчых форумах як абласнога, так і рэспубліканскага значэння, безумоўна, дазваляе, як кажуць у народзе, “не толькі сябе паказаць, але і на людзей паглядзець”, абмяняцца вопытам, атрымаць адзнаку і прызнанне з боку кампетэнтных асоб.

Мазырскія майстрыхі не перастаюць здзіўляць сваім майстэрствам і высокім прафесіяналізмам, таму і на чарговым фестывалі іх экспанаты не засталіся незаўважанымі. Наадварот, на іх падвор’е завітала шмат гасцей і ўдзельнікаў фестывалю, каб не толькі падзівіцца на рукатворныя вырабы, але і ўзяць майстар-клас па саломапляценню, альбо штосьці
прыдбаць сабе на ўспамін. На выставе былі шырока прадстаўлены ўнікальныя творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, ткацтва, палімернай гліны і інш. Трэба адзначыць, што якасць вырабаў атрымала высокую адзнаку журы і экспертаў фестывалю, у ліку якіх былі загадчыца аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Дзяржаўнай навуковай установы «Цэнтр даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» Т. В. Валодзіна, а таксама вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, кіраўнік групы экспертаў па дэкаратыўна-бытавым мастацтве Юрый Піскун.

Гледзячы на добрыя здабыткі, можна з упэўненасцю сказаць, што народныя традыцыі  на Мазыршчыне знаходзяцца ў надзейных руках, якія не дазволяць перарвацца кволай нітцы пераемнасці пакаленняў, а лепшыя народныя традыцыі і далей будуць перадаваць з рук у рукі. Безумоўна, як кожная з майстрых, так і ўвесь калектыў цэнтра, па словах загадчыцы аддзела Наталлі Харашкевіч, заслугоўваюць слоў падзякі за такую карысную і неабходную справу. Слоў удзячнасці і падзякі за майстэрства, за любоў да роднага краю і за прафесіяналізм заслугоўваюць  метадысты-майстры Аксана Барысаўна Ганчарэнка, Валянціна Фёдараўна Бабына, Наталля Міхайлаўна Цюцюнік, якія карпатлівай працай штодня захоўваюць, аберагаюць і развіваюць мясцовыя традыцыі і рамёствы. Добрых слоў удзячнасці за ўклад у захаванне народных традыцый, па словах
 Н. А. Харашкевіч, таксама заслугоўваюць і рамеснікі горада і раёна: сем’і Іванчанка, Белавусавых, Цюцюнік.

На маю думку, фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня» скіраваны на носьбітаў і пераемнікаў народнай культуры ва ўсіх яе традыцыйных праяўленнях. Культурны форум грунтуецца на прынцыпах выяўлення, аднаўлення, пераймання, трансляцыі і папулярызацыі духоўнай і матэрыяльнай спадчыны Бацькаўшчыны.

Наталля КАНОПЛІЧ, фота з архіва.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: