Сабраць, захаваць, паказаць, навучыць

Трэба дома бываць часцей, трэба дома бываць не госцем,  каб душою не ачарствець, каб не страціць святое штосьці.

У час вялікай радасці і ў хвіліны глыбокага смутку мы спяшаемся да сваёй роднай зямлі, да бацькоўскага дома. Там і дыхаецца лягчэй, і спіцца мацней, і спяваецца весялей, і птушкі шчабечуць званчэй. Там наша малая радзіма, дзе блізкія і знаёмыя з маленства мясціны, родныя і дарагія сэрцу людзі. Там, на малой радзіме, у кожнага з нас засталіся рэчы, вырабленыя рукамі дзядулі або вытканыя ці вышытыя рукамі бабулі. Усе яны нагадваюць пра шчаслівае дзяцінства, выклікаюць у душы шчымлівае пачуццё страты, немагчымасці вярнуць мінулае і ў той жа момант пачуццё гонару за вялікі талент сваіх родных. Хочацца зноў і зноў дакранацца да гэтай прыгажосці, любавацца дзівоснымі рэчамі, што захаваліся ад нашых дзядоў і прадзедаў.

Але бывае і так, што розныя жыццёвыя абставіны не даюць магчымасці наведаць родныя мясціны, вярнуцца ў шчаслівае маленства, зноў пабачыць такія мілыя воку рэчы, сярод якіх мы выраслі. Што ж у такім выпадку рабіць? Выйсце вельмі  простае. Каб апынуцца ў свеце даўніны, можна наведаць этнаграфічны музей «Бабуліна скрынка», які знахо-
дзіцца ў сярэдняй школе № 1 г. Мазыра.

 Музей утрымлівае 546 экспанатаў, якія змешчаны ў наступных экспазіцыях: «Узоры вышыўкі крыжыкам», «Узоры вышыўкі гладдзю», «Узоры ткацтва на Палессі», «Вырабы з дрэва», «Элементы ткацкага станка»,  «Прадметы сялянскай гаспадаркі».  Асабліва ўражвае калекцыя ручнікоў: і тканых, і з элементамі карункапляцення, і вышываных гладдзю і крыжыкам. А яшчэ гонарам музея з’яўляецца калекцыя вышытых карцін, якімі і да гэтага часу ўпрыгожваюць сялянскія хаты. Ніводнага наведвальніка музея не пакінула абыякавым выстава чыгунных  прасаў. Кожны імкнецца патрымаць іх у руках, а то і паспрабаваць папрасаваць бялізну. Шмат цікавага пра экспанаты  музея расказваюць яго кіраўнік Людміла Паўлаўна Мірановіч і экскурсаводы Елізавета Палій,  Аляксандра Шчарбакова, Анастасія Неваш, Ксенія Турцэвіч, Дар’я Канановіч. Гледзячы на скарб, сабраны ў музеі, дарэчы нагадаць словы класіка: «Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына». Наша задача – захаваць яе і перадаць нашчадкам.  

Дарья Кононович

Ксения Турцевич

Максим Котяк

Владислав Сущик

Людміла Мірановіч,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй  школы № 1.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *