Габелен па-мазырску

1188

Лічыцца, што гэты від мастацтва, прызнаны статуснай рэччу, якая з’яўлялася прадметам палацавай раскошы, зараз знаходзіцца на мяжы знікнення

Пераводзяцца майстры. Не захоўваюцца сакрэты. І характэрна, што на спецыяльнасць «Ткач ручнога ткацтва» у Беларусі нідзе не навучаюць. Затое  ёсць мастакі-габеленшчыкі, якія гэтую тэхніку ведаюць і разумеюць, але не працуюць з вялікімі аб’ёмамі. Таму іх работы лічацца эксклюзіўнымі і непаўторнымі. Мазырскаму раённаму цэнтру  культуры  і народнай творчасці, па вялікім рахунку, пашанцавала, таму што тут у свой час з’явіўся самародак — майстар-метадыст па габелену Валянціна Бабына (на фота), якая працуе ў аддзеле рамёстваў з дня заснавання. Хоць сустрэча з будучай прафесіяй, па яе словах, адбылася зусім выпадкова. Зайшла яна туды аднойчы дзеля цікаўнасці, а знайшла захапленне для душы на ўсё жыццё. Ткацкі станок выклікаў у жанчыны жаданне паспрабаваць і разабрацца ва ўсіх тонкасцях. Авалодаць дзівосным рамяством дапамагла ў свой час вопытная майстрыха Ганна Цюцюнік. Стварэнне габелена (тканы дыван ручной работы) — працэс працаёмкі і працяглы. Але ж, у канечным выніку, атрымоўваецца сапраўдны мастацкі твор, у які майстар укладвае не толькі час, фізічную сілу, а часцінку сваёй душы і сэрца. Сёння габелены Валянціны Бабыны ўпрыгожваюць прыватныя калекцыі. На шматлікіх выставах і творчых форумах гэты рэдкі від рамяства карыстаецца вялікім попытам.

— Але ж, калі азірнуцца назад, — расказвае Валянціна Фёдараўна, — то да гэтай справы, якая захапіла большую частку майго жыцця, я прыйшла не адразу. Магчыма з мяне атрымаўся б добры выкладчык альбо выхавацель. Дзеля ж гэтага я атрымала вышэйшую адукацыю ў МДПІ імя Н. Крупскай на факультэце агульнатэхнічных дысцыплін і фізікі. Якісь час працавала выхавацелькай у групе мангольскіх навучэнцаў у Чачэрскім вучылішчы механізатараў на сваёй малой радзіме. Потым, калі сямейныя абставіны прывялі ў Мазыр, то больш 10 год аддала працы ў дзіцячым садку. Крыху пазней загадчыца выставачнай залы Іна Васількова запрасіла мяне на з,явіўшуюся ў аддзеле вакансію…  

  Дзякуючы такому раскладу падзей В. Ф. Бабына атрымала магчымасць пад час арганізацыі выстаў больш цесна прыблізіцца да культуры, наладзіць стасункі з мастакамі, пазнаёміцца з іх творчасцю. А праз некаторы час, калі свае дзверы адчыніў цэнтр рамёстваў пры музеі “Палеская веда”, то перспектыва будучай дзейнасці для яе  абазначылася сама сабой.

— Ткацкі станок, — расказвае зараз ткачыха, — мне нагадваў нейкі цудны карабель, які рыхтаваўся ў віруючую  бясконцую вандроўку.  Са сваёй настаўніцай Ганнай Цюцюнік мы знаёміліся з рознымі накірункамі ў ткацтве габелена. Навыкі і ўменні, узоры і тэхніка, а таксама майстэрства і прафесіяналізм прыйшлі не адразу. Ткацтва габелена – вельмі складаны і непаўторны від мастацтва. Тут робіцца ўсё ў літаральным сэнсе рукамі, па нітачцы, па вузельчыку. Выткаць туман над возерам або чырвоныя макі? Калі ласка!.. Афарбоўваю пражу сама, падбіраю тэкстуру, бо ў адным габелене могуць выкарыстоўвацца сотні адценняў. Ты павінен адчуваць колер, разумець, дзе якую нітку ўзяць, якое пляценне выкарыстаць…

Эксклюзіўных вырабаў за гады дзейнасці  ў цэнтры  рамёстваў Валянцінай   Бабына выканана нямала. І ўсе яны – індывідуальныя.

Кожная работа – асобны сюжэт са спецыяльным падборам нітак па якасці, структуры, каляровай гаме.

Галоўная задача перад майстрам-метадыстам сёння – перадача сакрэтаў рамяства моладзі. Гэтаму Валянціна Фёдараўна надае асаблівую ўвагу падчас правядзення гуртковых заняткаў са школьнікамі альбо навучэнцамі каледжаў. Дзяўчынкі імкнуцца не толькі пазнаёміцца з тэхналогіяй пляцення габелена, а і авалодаць нейкімі навыкамі.

Па словах Валянціны Бабыны, ёй вельмі хочацца, каб габелен не знік з мазырскай зямлі. Дзеля гэтага  яна праводзіць шматлікія майстар-класы, каб дзеці змаглі адчуць яе перажыванні і адкрывалі ў сабе таленавітыя стрункі. Са свайго боку яна робіць усё належнае, каб мастацтва пляцення габелена не знікла з твару зямлі, а імкненне захаваць яго працягвала  запальваць сэрцы наведвальнікаў выстаў, ўдзельнікаў фестываляў і форумаў рознага ўзроўню сваёй незвычайнасцю, цяплом, любоўю і гонарам за свой край, за сваю радзіму.

На рахунку Валянціны Фёдараўны шмат ўзнагарод, падзяк, дыпломаў. Адна з найбольш яркіх з ліку апошніх, якой яна ганарыцца, – грамата «Майстар-метадыст года». Разам з гэтым, яна як бабуля аж трох унучак  Ганны, Мілены і Інэсы  адчувае пачуцці гонару і надзеі, што ў яе ёсць каму перадаць асабістыя сакрэты майстэрства ручнога ткацтва габелена. Значыць жыць габелену па-мазырску!

Наталля КАНОПЛІЧ. Фота аўтара.

 


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: