Саломапляценне – неўміручая спадчына

На Беларусі пляценнем з саломкі займаліся здаўна. За плячамі гэтага рамяства не адно тысячагоддзе

 Гісторыя саломапляцення ад старажытных абрадаў, звязаных з культамі хлеба і саломы, да сённяшніх дзён вядзецца таксама і на Мазыршчыне.

Мэтанакіраваная работа па захаванню і развіццю традыцыйных рамёстваў тут пачалася ў 90-х гадах XX стагоддзя. Менавіта пагэтаму 1 верасня 1998 года на базе краязнаўчага музея “Палеская веда” быў створаны раённы цэнтр рамёстваў, у якім з самага пачатку адводзілася грамадская роля пераемнасці традыцый народных мастацкіх рамёстваў у засваенні новымі пакаленнямі назапашанага скарбу народнай творчасці. У 2000 годзе Мазырскім гарадскім выканаўчым камітэтам цэнтр рамёстваў быў  вылучаны са складу Мазырскага краязнаўчага музея ў самастойную структурную адзінку аддзела культуры (зараз — аддзел рамёстваў дзяржаўнай установы культуры “Мазырскі раённы цэнтр культуры  і народнай творчасці”). Першым яго дырэктарам была Валянціна Ганчарова — народны майстар Рэспублікі Беларусь па саломапляценні. Больш за 40 гадоў яна займалася гэтым старадаўнім відам рамяства і дасягнула высокага ўзроўню. Менавіта яна з,яўляецца  заснавальнікам адраджэння і развіцця народных промыслаў і рамёстваў на Мазыршчыне, багатай на народных умельцаў, таленавітых рамеснікаў, творчасць якіх заўсёды прываблівае гасцей і знатакоў з блізкага і далёкага замежжа. Зараз тут налічваецца каля 7 відаў традыцыйных народных промыслаў і рамёстваў. На базе цэнтра з поспехам развіваюцца  саломапляценне, ткацтва рушнікоў і габелена, аплікацыя і інкрустацыя саломкай, а Аксана Ганчарэнка (на фота) – адна з тых, хто робіць гэта з густам, каларытам, любоўю да роднага краю, зберагаючы традыцыi продкаў…

— Нашы продкі, — расказвае майстар-метадыст па саломапляценні аддзела рамёстваў Мазырскага раённага цэнтра культуры  і народнай творчасці,  —  верылі ў боскую сілу саломы і збожжа, зберагальную жыватворную  сілу прыроды, назапашаную не толькі ў сцяблінах ці каласах  новага ўраджаю, але і перадаваемую  ўсім, хто так ці інакш, датыкаўся з імі. Таму, так па-гаспадарску шанаваўся апошні сноп, прыбраны сялянамі з поля, які захоўваўся потым у хаце да новага ўраджаю. З саломай сяляне звязвалі сваё будучае жыццё, надаючы ёй ролю прадказальніцы ў шматлікіх калядных варожбах і не толькі. Напрыклад, зернем абсыпалі маладых на вяселлі, а маладую саджалі на салому, каб сіла раслін перадалася маладой сям’і і іх будучым дзецям. Незлічоныя павер’і і абрады былі звязаны з саломай і хлебам. Нягледзячы на зменлівасць свету, многія абрады прыйшлі да нас з далёкіх язычніцкіх часоў і працягваюць жыць побач з намі ў выглядзе твораў майстроў. Такім чынам, саламяныя «павукі», коні, птушкі, лялькі — гэта не проста вобразы, кожны з іх звязаны з чалавекам, стварыўшым яго, цесна знітаваўшыся з ім нябачнымі ніткамі надзей і спадзяванняў, якія яны сімвалізуюць…

Такім цікавым аповедам пра гісторыю саломапляцення і сваім асабістым захапленнем гэтым рамяством распачалася наша гаворка з Аксанай Ганчарэнка, чалавекам апантаным сваёй справай да глыбіні душы, што сцвярджаюць і шматлікія вырабы, зробленыя яе рукамі.

У цэнтры рамёстваў жанчына працуе ўжо амаль каля 15 гадоў. Яна не толькі майстар-метадыст, а яшчэ і кіраўнік аматарскага аб’яднання “Праменьчык”, і сапраўдны прафесіянал сваёй справы. Нездарма пра такіх людзей кажуць: «У яе залатыя рукі». Са школьнай лавы дзяўчыне падабалася маляваць. Але ж вучоба ў Гомельскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы на аддзяленні “Народна-мастацкія промыслы” па спецыяльнасці “Інкрустатар” акрамя малявання ўзмацніла захапленне і саломай. Па яе словах, у пляценні саломай ёсць нейкая магічная і прыцягальная сіла. Гэты сонечны і цёплы прыродны матэрыял мае нейкую асаблівасць і прыгажосць, уплываючых на душу майстра. І той, хто аднойчы паспрабаваў працаваць з саломай, становіцца гарачым прыхільнікам гэтага рамяства назаўсёды. Аксане Барысаўне за гэты час удалося зрабіць шмат: выхаваць не адно пакаленне вучняў; стварыць мноства выдатных, чароўных і непаўторных сувеніраў, якія ўпрыгожваюць выставы, прыватныя калекцыі. За ўдзел у фестывалях і творчых форумах рознага ўзроўню яна ўзнагароджана шматлікімі дыпломамі і граматамі.

Вельмі ўдзячна лёсу, што на яе шляху сустрэліся таленавітыя настаўнікі, як Галіна Хілько, паспрыяўшая правільнаму выбару прафесіі, пра што яна не забываецца ўпамянуць пры занятках з вучнямі. Як пра свой першы выраб, які атрымаўся ўвогуле напружанай працы.  Але ж гэта стала тым добрым стымулам, каб рухацца ўперад, асвойваючы прыступак за прыступкам на шляху да дасканаласці.

Безумоўна, не ўсё адразу атрымоўвалася ў Аксаны Барысаўны, але ж кожнае выпрабаванне яна прымала, як належнае. Затое зараз ніводнае свята ў горадзе, фестываль этнакультур ці яшчэ  нейкі рэспубліканскі форум не абыходзяцца без удзелу мазырскіх майстрых і асабіста Аксаны Ганчарэнка ў гэтым ліку. Вось і да гэтага нацыянальнага свята “Кліч Палесся”, якое мае адбыцца на прыканцы верасня ў Ляскавічах, яна разам з калегамі рыхтуе шмат новых распрацовак, якія зацікавяць удзельнікаў фестывалю і яго гасцей, абавязкова пакінуць добрае ўражанне аб тым, наколькі багата народнымі традыцыямі і рамёствамі Мазыршчына. А ў яе як ураджэнкі гэтага непаўторнага па прыгажосці і геаграфічнаму ландшафту горада душа будзе поўніцца гонарам за свой край, прыгажосць якога, як і яго дабрабыт, ствараюць працавітыя мазыране, захоўваючы і працягваючы лепшыя традыцыі продкаў. Асабістая скарбонка майстрыхі папаўняецца шматлікімі ўзнагародамі, у ліку якіх і дыплом з фестывалю “Берагіня”, атрыманы “За самабытнаць  і папулярызацыю мастацкіх рамёстваў роднага краю”. Па словах Аксаны Барысаўны, сучасныя людзі шмат у чым страцілі веру ў боскасць ствараемых імі вобразаў, але ж не страцілі свайго каларыту і адметнасці, што перасягнулі праз стагоддзі і працягваюць сваё існаванне зараз.

Наталля КАНОПЛІЧ. Фота аўтара.