Скарб адзін — ствараць

Нішто ў жыцці не даецца без вялікай працы (Гарацый)

Я ўжо даўно ўсвядоміў, што без працавітасці не можа быць шчаслівага, радаснага, бадзёра-аптымістычнага жыцця. А ўсё, што даецца лёгка, без чэснай, натхнёнай  працы, уяўляе сабой сумніўныя каштоўнасці.  Гэта могуць вам пацвердзіць тыя, хто ў пагоні за шалёнымі грашыма апынуўся за кратамі.

 Менавіта праца – найвялікшы выратавальнік ад усялякай немачы, хвароб. Праца – натхняльнік высакароднага жыцця і дзейнасці на карысць іншых. Працу, вядома ж, шанавалі ўсе вялікія людзі, якія дасягнулі значных вышынь у розных галінах чалавечай дзейнасці.   Вялікі беларус, мой любімы паэт Максім Багдановіч заўважыў: «Працавітая пчала ўмее сабраць мёд і з горкіх кветак». Хімік Дзмітрый Мендзялееў казаў: «Без відавочна ўзмоцненай працавітасці няма ні талентаў, ні геніяў». Музыка Пётр Чайкоўскі сцвярджаў: «Натхненне нараджаецца толькі ад працы і ў імя працы». А педагог Антон Макаранка заўважыў: «Праца заўсёды была падставай чалавечага жыцця і культуры».

  Безумоўна, амаль  усё на планеце Зямля, у нашым свеце залежыць ад працы. Праца стварыла самога чалавека, жыццё на зямлі. Праца праяўляецца ў любым – вялікім і самым маленькім —  творчым дзеянні, накіраваным на карысць грамадства. Праца здольна  нараджаць мудрасць і чысціню. Яна  выпрацоўвае нейкія своеасаблівыя   гармоны, якія павышаюць жыццёвы імпульс. Дарэчы, і  стамляюцца, знемагаюць не столькі ад таго, што шмат працуюць, а ад таго, што дрэнна, няякасна, халтурна працуюць. Калі чалавек наогул  не працуе, ён яшчэ пры жыцці можа заплеснявець, а праца, творчасць запавольваюць наступ драхласці і завядання. Людзі становяцца алкаголікамі, забываючы, што менавіта праца – гаючы бальзам.

 Толькі ўпартая, натхнёная  праца дае душэўнае  здароўе. Трэба любіць тое, што робіш, і тады праца – нават самая грубая –  здольна ўзвысіцца да творчасці. Праца – гэта наша жыццёвая функцыя, калі мы не працуем, то не адчуваем у сабе ніякага жыцця. Мы ўдасканальваемся пры дапамозе працы. Фізічная праца дапамагае забываць аб маральных пакутах. Праца лечыць і выпроствае душы людзей. Сама сутнасць чалавека, яго чалавечы стрыжань лепш выяўляецца праз працу і творчасць. Паэт Мікалай Някрасаў адзначаў: «Воля і праца чалавека дзівы дзівосныя робяць». А пісьменнік  Аляксей Талстой быў упэўнены: «Праца абуджае ў чалавеку творчыя сілы». А Леў Талстой казаў: «Праца. Праца. Як я адчуваю сябе шчаслівым, калі працую». І працягваў: «Нішто так, як праца, не надае высакароднасць чалавеку. Без працы не здольны чалавек паказаць сваю чалавечую годнасць».

 Педагогам, бацькам, вядома ж, дзяцей трэба выхоўваць асабістым прыкладам, але і без гутарак, без добрых, спагадлівых слоў  не абысціся. Суседская дзяўчынка Марына жыве ўдваіх з бабуляй, і тая нярэдка мне  скардзілася, што ўнучка ні ў чым ёй не дапамагае, часта грубіяніць. І я пры выпадку пачаў гутарыць з Марынай. Прайшоў нейкі час, і дзяўчынка паведаміла мне з гонарам, што цяпер рэгулярна дапамагае бабулі, пачала клапаціцца пра старога, знямоглага чалавека.

Перакананы, што менавіта працавітасць – самая важная якасць, якае дапамагае сфармаваць суцэльную асобу. Працоўнае выхаванне іграе  немалаважную ролю, бо калі дзіця не прывыкне ў маленстве  працаваць, яго чакаюць наперадзе  сур’ёзныя цяжкасці. Але трэба правільна, ненавязліва прывіваць дзіцяці асноўныя працоўныя навыкі, якія дапамогуць у далейшым сфармаваць ужо ўстойлівыя звычкі. Вялікі француз Рамэн Ралан казаў: «Праца абнаўляе і скуру, і кроў душы». А другі француз Стэндаль заўважыў: «Кожная праца, якая  будзе выконвацца чэсна,  карысная, і, такім чынам, годная павагі». І дадаваў: «Карабель жыцця паддаецца ўсім вятрам і бурам, калі не мае працоўнага баласта».

Першыя працоўныя навыкі павінны быць прывіты дзіцяці ў сям’і. Напрыклад, працоўнае выхаванне дашкольніка павінна спачатку  адбывацца ў займальна-гульнёвай форме. Бацькі могуць ненадакучліва прапанаваць ужо трохгадоваму малому дапамагчы зрабіць нескладаную працу: сабраць разам з мамай, татам, старэйшым братам ці сястрой цацкі, працерці пыл. У дзяцей старэйшага ўзросту ў доме  ўжо могуць быць працоўныя абавязкі:  павесіць акуратна вопратку, прыбраць  працоўнае месца пасля ручной працы, цацкі, пакарміць жывёл і г. д. За ўсе першыя  дасягненні дзіця неабходна заахвочваць,   хваліць. Прычым працоўнае выхаванне павінна праходзіць на пазітыўнай хвалі. І ні ў якім разе нельга зневажаць маленькага чалавека, кажучы, што ў яго не з таго месца рукі растуць. Жонка, што папракае свайго мужа: “Цвіка не можа забіць!”, відавочна, выхоўвалася ў маленстве няправільна.

Ад прыроды гультаяватых дзяцей, абібокаў  няма, у кожным можна выхаваць працавітасць. Якую працу мы выконваем з цікавасцю? Знаёмую і прывабную. Значыць, трэба вучыць дзіця перш за ўсё тым дзеянням, што не толькі  палягчаюць працу, але і  робяць яе  прывабнай  і асэнсаванай. Ставіць мэту працы, выбіраць найбольш рацыянальны спосаб дасягнення вынікаў, ацэньваць зробленае – вось, перш за ўсё, чаму трэба навучыць дзіця.  

Маленькія дзеткі — гэта таямнічы, неабсяжны  свет вялікіх «почамучак». Ім усё цікава ведаць. Але як часта мы, дарослыя,  пытаемся ў іх: «чаму?», «навошта?», «для чаго?». А  менавіта ж  гэтыя пытанні дапамагаюць ім асэнсаваць мэту, даць тлумачэнне дзеянням, выпрацоўваючы звычку дзейнічаць абдумана.

Вось ваша дзіця разабрала цацку. Спытайце ў яго, навошта яно гэта зрабіла. Верагодней за ўсё, пачуеце ў адказ, што цікава было паглядзець, што ўнутры. А цікавасць і мэта заахвоцілі да дзеянняў. А вы пастаўце іншую задачу: «Ці зможаш ты яе сабраць, каб яна рухалася, як раней?» Хай дзіця паспрабуе, а вы дапамажыце. Вядома, адразу не атрымаецца, але дзіця авалодае  не толькі разбуральным азартам, але і стваральным.

Дзеці часцей за ўсё гуляюць у дарослых, капіруючы тое, што ім даводзіцца назіраць. Яны імкнуцца пераймаць, цягнуцца да зносін са старэйшымі. І калі дарослыя пачынаюць актыўна прыцягваць іх да сумеснай дзейнасці – гэта акрыляе даверам.

Ваша дзіця ніяк не прывучылася  прыбіраць цацкі?! Ператварыце ўборку ў гульню. Машыны ў нас будуць, як у дарослым жыцці,  у гаражы, лялькі пойдуць у дзіцячы садок, звяркі будуць спаць у заапарку, алоўкі, фарбы збяруцца ў майстэрні. Навядзенне парадку ў гульнёвай форме ўспрымаецца значна  ахвотней, чым злыя вокрыкі, пастаянныя загады «Прыбяры неадкладна!» Бо гэта фарміруе звычку: у кожнай рэчы — сваё месца і, такім чынам, выпрацоўвае зацікаўленае стаўленне да самаабслугоўвання. Гэта адзін са спосабаў выхавання дзіцяці працавітым, акуратным, сабраным, цярплівым.

У вялікіх сем’ях, дзе некалькі дзяцей, працоўны ўдзел   асабліва вялікі, бо тут можна даглядаць за малодшым братам ці сястрычкай, дапамагчы матулі і г. д.  Тут адразу бачна, што  дзіця адчувае сябе больш дарослым у  адносінах да малодшых,   лічыць, што гэта яго абавязак – дапамагаць,  даглядаць. Вялікую ролю ў выхаванні дзіцяці займае чытанне, а затым абмеркаванне твораў  аб працы людзей розных прафесій, вершаў, казак, у якіх высмейваецца лянота і ўслаўляецца працавітасць, напрыклад, «Марозка», «Гусі-лебедзі» і г. д.

 А самае галоўнае — дарослыя павінны памятаць, што менавіта  яны з’яўляюцца ва ўсім прыкладам сваім дзецям. Дарэчы, дзеці вырастаюць працавітымі толькі ў тых сем’ях, дзе ўсе прывыклі працаваць. Мне хацелася б успомніць выдатныя словы педагога Канстанціна Ушынскага: «Калі вы ўдала знойдзеце сваю працоўную дзейнасць, далучыце ў яе сваю душу, то шчасце само вас адшукае». К. Ушынскі сцвярджаў і наступнае: «Чалавек народжаны для працы; праца складае яго зямное шчасце, праца – лепшы захавальнік чалавечай маральнасці, і праца ж павінна быць выхавальнікам чалавека». Пра гэта ні на хвіліну не павінны забываць сучасныя бацькі і педагогі.

Любоў да фізічнай працы падрастаючае пакаленне  можа  спасцігаць і падчас экалагічных суботнікаў. Трэба абавязкова рэгулярна прыбіраць свой клас, школьны двор, бліжэйшыя вуліцы роднага горада, пасёлка, чысціць берагі рэк, азёр.  Прыбіраць свой дом, кватэру, лесвічныя пляцоўкі. Кожны раз неабходна звяртаць увагу дзяцей на тое, што пасля працы ўсё вакол становіцца больш  прыгожым і ўтульным. Неабходна заклікаць пакідаць пасля сябе прыгажосць і тым самым дастаўляць радасць сабе і іншым людзям. Крытык Вісарыён Бялінскі заўважыў: «Толькі праца можа зрабіць чалавека шчаслівым, прыводзячы яго душу ў яснасць, гармонію і задаволенасць самім сабою».

Вядома, правільнае выхаванне працавітасці дасягаецца не адразу. Вось ідзе па калідоры педагог і бачыць, што на падлозе валяецца паперка. А паблізу стаяць вучні. Яны бачаць, як настаўнік падымае «фанцік». І гэта, упэўнены, падзейнічае больш, чым нудныя, сур’ёзныя гутаркі, заклікі не кідаць смецце.

Дзеці, што яшчэ ў маленстве  ўсвядомілі такія ўрокі чысціні і парадку,  ужо не змогуць абыякава глядзець, калі на парце нядбайна раскіданыя сшыткі, кнігі або на падаконніку валяецца апалае з кветак лісце. Усё гэта ўжо выкліча ў іх жаданне аднавіць гармонію, каб усё радавала вока. У лесе яны  абавязкова не будуць пакідаць пасля сябе смецце, нават могуць прыбраць “сюрпрызы”, пакінутыя іншымі, нявыхаванымі гасцямі лесу. 

Дарэчы, працавітасць выхоўваецца не толькі падчас фізічнай працы. Скажам, урокі матэматыкі вучаць і працавітасці, і  акуратнасці,  і ўважлівасці, і самаправерцы, і адказнасці.

 Сапраўдная каштоўнасць, сапраўдны скарб – гэта праца. Праца на карысць іншых – гэта ўжо Праца з вялікай літары.  Гэта найлепшае лякарства, маральнае і эстэтычнае. Ад усіх непрыемнасцяў, ад усіх бед можна знайсці толькі адно збавенне – у працы. Яна  ўмацоўвае, а бяздзейнасць аслабляе арганізм. Мікалай Чарнышэўскі казаў: «Праца ёсць дзейнасць мозгу і мускулаў, гэта  прыродная, унутраная  патрэбнасць». А Антон Чэхаў сцвярджаў: «Без працы не можа быць чыстага і радаснага жыцця».

Той жа,  хто працуе з сумленнем, творча, абавязкова  ўносіць Паэзію ва ўсялякую працу, ва ўсялякую прафесію.  І гэта вельмі гарманічна, калі чалавек раніцай з задавальненнем спяшаецца на любімую працу, а пасля, натхнёны і радасны, вяртаецца дахаты. Каб адпачыўшы, зноў заўтра вярнуцца да калег.

З павагай, Канстанцін Карнялюк.