У сваім краю, як у раю!

Шлях да лозапляцення ў родзе майстрыхі  Алены Белавусавай распачынаўся недзе на пачатку 90-х, а глыбіня любові да гэтага рамяства захоўваецца мусіць на адным узроўні з іўняком, густа акаляючым прыбярэжжа прыгажуні-Прыпяці…

Мазыранка Алена Валер’еўна расказвае, што кошыкі з вярбы плёў некалісьці на пачатку 90-х яе дзед – Міхайла Дзямідавіч Тарарэнка. Сакрэты майстэрства лозапляцення пераняў потым яе бацька – Валерый Міхайлавіч. З ранняга дзяцінства яна памятае, як дома заўсёды пахла свежай лазой. І дзесьці ў 11-12-гадовым узросце паспрабавала сплесці свой першы выраб. Назірала, як спрытна перапляталіся дубчыкі лазы ў бацькавых руках і крок  за крокам асвойвала на першы погляд мудрагелістую, а ўвогуле – зусім простую методыку пляцення. Дзеля ўдасканалення навыкаў  пасля школы паступіла ў Бабруйскае мастацкае вучылішча (зараз – каледж), дзе атрымала спецыяльнасць “Зборшчык-афарміцель, вытворца цацак”. 

Пасля заканчэння гэтай установы адукацыі некаторы час працавала майстрам на Мазырскай фабрыцы мастацкіх вырабаў, а потым цэлых 22 гады займалася вытворчасцю мастацкіх вырабаў з лазы.

– Рукі, здаецца, самі цягнуліся да гэтай справы, – расказвае жанчына. І праз лічаныя хвіліны “букецік дубчыкаў” станавіўся нейкім прыгожым вырабам, што хацелася ўдасканальваць, прыдумваць нейкія новыя павароты…

Не дзіва, што Алена Белавусава знайшла сваю асабістую нішу і свой аўтарскі почырк менавіта ў гэтым рамястве. Ёй жа было ў каго браць майстар-класы і вучыцца авалодваць самымі складанымі элементамі лозапляцення. Тут на фабрыцы ад школьнай парты і да выхаду на пенсію працавалі дзве яе цёткі (матуліны сёстры) – Галіна і Алена. Таму і майстэрства, і навыкі, і любоў да прыроднага матэрыялу і сваёй справы – усё ад іх.

У працоўнай кніжцы Алены Белавусавай больш 25 гадоў стажу на фабрыцы мастацкіх вырабаў. А потым яна вырашыла паспрабаць свае сілы ў індывідыальным рамесніцтве. І не памылілася. Зараз самастойна выношвае свае творчыя планы, абдумвае новыя сюжэты і методыкі для вырабаў, робіць сезонныя нарыхтоўкі матэрыялу, каб забяспечыць сваю штучную вытворчасць на працягу календарнага года.  Зараз любімай справе прысвячае ўвесь свой час, які ўмее планаваць. Напрыклад, канец ліпеня і жнівень – гарачая пара для нарыхтоўкі лазы, якую не трэба варыць пры вытворчасці. А вось восеньска-зімовая нарыхтоўка – з лістапада па красавік – патрабуе гарачай апрацоўкі, на што iдуць дадатковы час і сілы.  Да сакрэтаў, перададзеных бацькамi, цёткамі (асабліва Галінай Рыгораўнай) Алена Валер’еўна распрацавала і прыбавіла свае асабістыя методыкі пляцення, асвоіла прылады, якія актыўна прымяняе ў  штодзённай працы.

Кожны яе новы дзень напоўнены пляценнем вырабаў. Глядзіш на яе кошыкі, цукерачніцы, вазы, хлебніцы і не можаш не здзіўляцца, як жа ёй падуладна рабіць такую прыгажосць. На пляценне кожнага вырабу, па словах майстрыхі, адводзіцца ад некалькіх часоў да некалькіх дзён. Усё залежыць ад складанасці, формы і велічыні. У кожны свой выраб, незалежна ад пералічаных параметраў, Алена Белавусава ўкладвае не толькі нейкую адметную ізюмінку, а і часцінку сваёй цеплыні. Менавіта пагэтаму на святах, дзе працуе горад майстроў, яе  вырабы расходзяцца як “гарачыя піражкі”.

– Удзел у розных святах, фестывалях, – гаворыць Алена Валер,еўна, – дазваляе ўбачыць, наколькі вырабы рамеснікаў прыцягваюць сучаснікаў і  гасцей. І тое, якая ўвага сёння надаецца народнай спадчыне, аднаўленню і захаванню нацыянальных традыцый, нясе пазітыўныя эмоцыі, што спрыяе творчым пошукам. Трэба моцна любіць справу, якой займаешся, не супакойвацца на дасягненнях, ісці ўперад, каб знайсці і асіліць нешта новае. Безумоўна, крапатлівая праца прыносіць поспех, вынікі і натхненне…

А яшчэ, відавочна, што лозапляценне Алене Белавусавай нясе асалоду для душы і задавальненне для сэрца. Гэтай справе, дзякуючы сваім родным і блізкім, яна прысвяціла амаль усё свае жыццё. За гэты час на яе ліку шмат дыпломаў і грамат за прафесіяналізм і захаванне народных традыцый, за самабытнасць і папулярызацыю мастацкіх рамёстваў роднага краю, дзе яна з,явілася на свет і любіць усімі фібрамі душы. Каб не страцілася любоў да лозапляцення, жанчына дзеліцца сакрэтамі майстэрства з дачкой Галей і пляменнікам. Яе прыгожыя вырабы з лазы, асабліва кошыкі, прывабліваюць сёння нават і двухгадовую ўнучку Евіту.  Хто ведае, можа некалісь дзяўчынцы прыйдзецца стаць прадстаўніцай знакамітай сямейнай дынастыі па лозапляценні на Мазыршчыне?  Разам з вярбою, карані якой жывяцца вільгаццю зямлі, а пруцікі растуць і набіраюцца моцы, да яе, перш за ўсё, пяройдзе і любоў да роднага краю, да малой радзімы. Як кажуць у народзе: “Не ўсё лепшае тое, што далёка”. І каб гэта адчуць, зусім не трэба імкнуцца з,ехаць некудысь у свет ад родных каранёў. Трэба больш дасканала вывучаць і захоўваць сваё, роднае! Магчыма  толькі тады стануць больш зразумелымі і словы гэтай народнай прыказкі: “Няма лепш за той куток, дзе вязалі пупок!”

Наталля КАНОПЛІЧ. Фота аўтара.

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *