Незагойнаю ранай нам Чарнобыль баліць…

354

33 гады таму назад на 4-м энергаблоку Чарнобыльскай АЭС адбылася найбуйнейшая ў гісторыі чалавецтва тэхнагенная катастрофа.

26 красавіка 1986 года рэактар і будынак 4-га энергаблока былі разбураны серыяй магутных выбухаў, у вогуле якіх на вялікую вышыню вылецелі палаючыя кавалкі графіту, іскры і полымя. Імклівы вясновы вецер разнёс іх і па вялікай тэтыторыі Беларусі. Каля 50 тон радыёактыўнага паліва выпарылася і было выкінута ў атмасферу ў выглядзе часцінак двухвокісі ўрану, радыёнуклідаў ёду-131, плутонію-239, нептунію-139, цезію-137, стронцыю-90 і іншых радыёактыўных ізатопаў. Яшчэ каля 70 тон было выкінута на разваленыя будынкі і калястанцыйную тэрыторыю. Актыўнасць радыёактыўнага паліва дасягала 15-20 тысяч рэнтген у гадзіну. Тады мала хто ўяўляў небяспеку радыяцыі ў такім маштабе. І толькі пазней па заключэнні навукоўцаў стане вядома, якую шкоду прынясуць гэтыя выкінутыя ў атмасферу ізатопы. У ліквідацыі наступстваў аварыі прынялі ўдзел прадстаўнікі рэспублік усяго былога СССР. Тыя, каму было наканавана лёсам “адзін на адзін” выступіць на ўтаймаванне раз,юшанага нябачнага ворага пад назвай “радыяцыя”, цаной сваіх жыццяў зрабілі ўсё магчымае і немагчымае, каб прыпыніць выкіды. Але ж потым трэба было ачысціць дах і тэрыторыю ад шкоднасных парэшткаў. Не думаючы аб тым, што будзе далей, тысячы вайскоўцаў і грамадзянскіх асоб заступалі на змены, каб выканаць не проста задачу, а свой грамадзянскі абавязак. Сярод тых, каму давялося працаваць непасрэдна на ачыстцы 4-га рэактара станцыі ад прадуктаў радыёактыўнага распаду быў і наш зямляк – маёр унутранай службы ў запасе Васіль Сцяпанавіч Ільюк. Нялёгка даюцца ліквідатару ўспаміны, але ж як ні круці, а з біяграфіі гэтых радкоў не выкрэсліш…

Тады, у 1986-м, курсанту Львоўскага пажарна-тэхнічнага вучылішча МУС СССР Васілю Ільюку споўнілася ўсяго 23 гады. Загартаваны службай у войску, а потым трохгадовай працай ў пажарнай частцы па абароне горада Мазыра, ён, як і ўсе маладыя людзі ў такім узросце, быў здольны да рашучага подзвігу. Менавіта ж аварыя на ЧАЭС якраз і стала тым самым жорсткім выпрабаваннем, дзе не адводзілася часу на роздум і не было спадзявання на тое, што ў схватцы з нябачным ворагам тваю спіну прыкрые надзейны таварыш. Спа- дзявацца патрэбна было толькі на свой характар і прафесійныя дзеянні ў складаных абставінах. У Васіля Ільюка ўсё атрымалася, аб чым сведчыць і Падзяка ад ваеннага камандавання ў верасні 1986 года.

Пасля выканання задання Савецкага Урада ў неймаверна цяжкіх абставінах Васіль Ільюк вярнуўся ва Львоў, дзе закончыў вучобу, а потым у новым статусе прыступіў да абранай прафесійнай дзейнасці ў складзе органаў унутраных спраў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Рэспублікі Беларусь. За 25 гадоў службы на розных пасадах ён пераадолеў прыступкі кар,ернага росту ад малодшага сяржанта да маёра.

Завяршыў службу афіцэр на пасадзе інжынера групы арганізацыі функцыянавання дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі НС Мазырскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях. У арсенале яго ўзнагарод – нагрудны знак “Удзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС”, медалі “За адвагу на пажары”, “150 год пажарнай службе Беларусі»; Грамата Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС. Але ж самая галоўная ўзнагарода, як лічыць маёр запасу Ільюк – гэта жыццё, падараванае яму Госпадам, якое мае працяг. Яму пашчасціла знайсці сваю палавінку, каб стварыць моцную сям,ю і ісці побач больш трыццаці гадоў. З Валянцінай Уладзіміраўнай яны выхавалі цудоўных дзяцей – сына Вадзіма і дачку Людмілу. А тыя, у сваю чаргу, ужо парадавалі бацькоў унучкамі. – Маленькія Ева і Ксенія, па словах ветэрана, – гэта іх будучыня і надзея. Але ж больш за ўсё, як адзначыў напаследак Васіль Сцяпанавіч, – каб быць шчаслівым, хочацца быць здаровым. Я ж у свой час зрабіў для дзяржавы ўсё, што змог… Менавіта якраз за асабістае здароўе змагаецца сёння наш ліквідатар, таму новым пакаленням беларусаў ён жадае, каб больш ніякія тэхнагенныя катастрофы, рэха якіх адчуваецца да сённяшніх дзён, ніколі не парушылі жыццядзейнасць, спакой і дабрабыт нашай краіны пад мірным небам.

Наталля КАНОПЛІЧ,
фотаздымак аўтара.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: