Аддзел сатыры і гумару «Жыцця Палесся»: знаёмцеся — Ткачоў Васіль Юр’евіч

255

Сатыра і гумар жанр у літаратуры штучны. Каб працаваць у ім, аўтару трэба і самому не толькі добра валодаць пачуццём гумару, але быць яшчэ назіральным і ўважлівым, умела валодаць словам і мовай, каб перадаць чытачу свае назіранні, адносіны і мараль.  Наш сённяшні госць менавіта такі і ёсць.

Знаёмцеся — ТКАЧОЎ Васіль Юр’евіч — член Саюза пісьменнікаў СССР і Беларусі,  член Саюза тэатральных дзеячаў, аўтар шматлікіх кніг прозы для дзяцей і дарослых, у тым ліку пяці кніг сатыры і гумару: “Смех на прызбе”, “Карасі на пяску”, “Крутыя хлопцы”, “Булачка” (на трох мовах — беларускай, рускай і ўкраінскай) і “На всё село один мужик” (у перакладзе на рускую мову). Член рэдкалегіі часопіса “Вожык”. Лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі, прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, імя Васіля Віткі, Кірылы Тураўскага (двойчы), расійскай прэміі імя Баяна і іншых. Вядомы як драматург. Спектаклі па яго творах пастаўлены ў многіх тэатрах нашай краіны і за яе межамі. У Мазырскім драматычным тэатры імя І. П. Мележа святло рампы ўбачылі спектаклі па ягоных п’есах “Шкірдзюкі займаюць абарону”, “Бліндаж”, “Лялькі” (у сааўтарстве), казкі для дзяцей “Непаслухмяная запалка”, “Заяц-гром” і “Снежная каралева”(інсцэніроўка). Жыве ў Гомелі.

Прапануем вашай увазе некалькі вясёлых гісторый знакамітага пісьменніка.

Гісторыя першая

Некалі я вёў на гомельскім абласным тэлебачанні аўтарскую перадачу “На прызбе з Васілём”, яна карысталася поспехам у гледачоў, а мяне нярэдка пазнавалі там, дзе з’яўляўся. На рынку, да прыкладу, адна жанчынка-прадаўшчыца ледзь не за руку тузанула: “Купіце, калі ласка, у мяне сарочку. Вось гэтую. Ой, як вам цёпла будзе ў ёй на прызбе сядзець! Ніколі не пашкадуеце!” Набыў. І сапраўды не пашкадаваў: цёплай і носкай аказалася тая сарочка, яна і цяпер у мяне ёсць, хоць і прайшло пятнаццаць год.  Насіць, праўда, не нашу, але і выкінуць шкада: а раптам калі  спатрэбіцца? Ці мала што!

У Жлобіне дырэктарка  універсама, куды я завітаў з сябрам журналістам Пятром Шутавым, таксама пазнала і запрасіла папіць кавы. За кавай расказала пра сябе: пераехала з Карэліі, жыццё тут склалася добра, аднак муж сумуе па ранейшым месцы жыхарства, бо ён заядлы паляўнічы і рыбак, а там для такіх аматараў — раздолле. Не параўнаць, як тут…

Але ж больш за ўсё запомнілася адна бабулька, з якой мы ехалі ў дызелі, якім дабіраўся на дачу. Яна таксама пазнала мяне, успляснула рукамі: “Божа! Ці не з целявізара вы?!” А калі кіўнуў, прызналася, што пахваліцца вяскоўцам, хай пазайдросцяць, бо гэта ж ёй, а не ім, пашэнціла ехаць  “з чалавекам з целявізара” . Цікавая бабулька. Ды яшчэ каму і пашэнціла — невядома, бо яе  аповед пра сваю паездку ў горад я ахвотна расказваю на сваіх сустрэчах з чытачамі. Паслухайце.

— Гэта ж пенсію атрымала, то, думаю, паеду куплю новую кухвайку, тая знасілася, і буркі. Зіма ж блізка, трэба ўцяпляцца. Пакуль бегала па рынку — ой, дзетка! — прагаладалася, што і слоў няма. Бачу: маладзічка прадае беляшы. Вазьму, думаю, адзін. Пытаю, колькі каштуе, а яна як назвала цану, то ў мяне і рэч адняло. Не, думаю, не па маёй кішэні. Зноў галёкаю па рынку, прымяраюся, а там ад усяго вочы разбягаюцца. Ужо і кухвайку перахацелася купляць. Можа, думаю, што іншае з верхняй апраткі выберу. Больш моднае. Хопіць, хопіць у кухвайцы швэндаць! Цяпер і бабе пафарсіць можна. Але ж, адчуваю, вымерхалася так, што і ногі не хочуць слухацца. Махнула рукой, падыходжу да гандляркі, і кажу: а давайце ваш бялаш, каб ён спрах! Як успомню, колькі мой мужык прапівае, дык і нядорага!..

Гісторыя другая

Закончылася мая сустрэча з вучнямі адной з сярэдніх вясковых школ. Сядзім у настаўніцкай, размаўляем. І тут уваходзіць нечым усхваляваная настаўніца са стосам сшыткаў у руках, кла-дзе іх на стол, а сама не можа супакоіцца:

— Ну, Кавалёў! Ну, Кавалёў!..

Дырэктар насцярожыўся:

— Што там у вас з Кавалёвым, Вера Паўлаўна?

Настаўніца, крыху супакоіўшыся, кажа:

— Двойку стаўлю, а ён заяўляе: сена не прывязу! Ды катэгарычна так!…

Якое, пытаюся, сена, Кавалёў? “Трактарыстам буду!”

— Дык і што ж вы яму паставілі? — лагодна цікавіцца, хаваючы ўсмешку ў далонь, дырэктар.

— А што я паставіла? Тройку. А то сапраўды стане трактарыстам, тады бегай за ім, каб ён табе тое сена прывёз!..

У настаўніцкай усім робіцца весела.…

…Прайшло некалькі год. Так атрымалася, што я зноў быў запрошаны ў тую ж школу, каб падзяліцца з вучнямі сваімі творчымі планамі, пазнаёміць з новымі творамі. Пазнаў я і тую самую настаўніцу. Цікаўлюся, ці стаў усё ж Кавалёў трактарыстам? Яна мне бойка адказвае: а ведаеце, стаў! Кіруе неяк “Беларусам” па вясковай вуліцы, падае сігнал і шчаслівы такі рукой махае: маўляў, прывітанне, Вера Паўлаўна! Сена, праўда, ён мне ніводнага разу не прывозіў, бо пакуль вывучыўся хлопец на трактарыста, звялі карову: не хапае здароўя на яе…

Гісторыя трэцяя

Некалі часопіс “Вожык” выдаваў у сваёй бібліятэчцы кніжачкі сатыры і гумару найбольш актыўных аўтараў. Сёння ганаруся: маю і я два такія зборнічкі — “Карасі на пяску” і “Крутыя хлопцы”. У адной вясковай школцы  паказваю дзятве вокладку кніжачкі “Карасі на пяску,” пытаюся, што ж тут намаляваў мастак?

Паўза. Нарэшце адзін хлопчык не вельмі каб упэўнена, але ўсё ж вымаўляе:

— Самагонны апарат?

Правільна, кажу. І тут раптам дзяўчынка, якая сядзела на першым радзе, прамовіла гучна і пераканана:

— А ў нас дома не такі!..

Грымнуў, вядома ж, смех. Дзяўчынка запунсавелася. Канешне ж, сцяміла, што не тое сказала…

Каб неяк выправіць станові-
шча, я падтрымаў яе і заявіў, што і ў мяне дома таксама не такі самагонны апарат. Так што не хвалюйся, дарагая. Гэта проста мастакі жывуць ў городзе і не ведаюць, якія бываюць у нашых вёсках гэтыя самыя апараты…

Гляджу, быццам твар у дзяўчынкі палагаднеў, нават усміхнулася. Чаго ў жыцці не бывае!

Падрыхтавала Наталля КАНОПЛІЧ.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: