Сёння 99-я гадавіна з дня нараджэння нашага земляка, народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна

155

Днямі давялося праехаць некаторымі мясцінамі Гомельскага раёна, якія звязаны з імем Івана Пятровіча, класіка нашай літаратуры. 

Прамая, бы страла шасейка, у бок мяжы з Украінай, нібы разразае на часткі любімы лес Шамякіна, так званае Качча, дзе любіў прахаджвацца ў адпачынку, згадваць, разважаць. Лес для яго, сына лесніка, заўжды заставаўся жывой істотай… Мінаем крыху прыцярушаную снегам (незвычайны сёлета студзень!) вёску Церуху, дзе былая дача пісьменніка. 

«…Сяляне з павагай адносіліся да вядомага пісьменніка, – згадвае Іван Шамякін у аповесці «Слаўся, Марыя!» сваё жыццё ў Церусе. – Мясцовае начальства лічыла за гонар падтрымліваць сяброўскія адносіны. Вось яны перашкаджалі, бо часта арганізоўвалі рыбалкі на Сожы і… Асабліва прыязныя адносіны ў мяне, сына лесніка, усталяваліся з ляснічым Мікалаем Палявіковым і дырэктарам саўгаса Міхалам Мураўкам».

У «Гомельскую праўду» прыносіў Іван Пятровіч свае першыя літаратурныя спробы-вершы на пасяджэнне літаб’яднання пры рэдакцыі, а ў 1947-м – старонкі з рамана «Глыбокая плынь». Павяртаешся ўспамінамі да яго іншых твораў: што непакоіла пісьменніка ў апошнія гады жыцця, што турбавала, знаходзіш у яго аповесцях «Пошукі прытулку», «У засені палаца», «Губернатар», «Абмен», пра гэта дзяліўся з землякамі на сваёй дачы ў Ждановічах пад Мінскам. Суадносіш з днём сённяшнім, і думаеш, пра што б ён пісаў, калі б лёс адмерыў яшчэ гады творчага жыцця.

Безумоўна, лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы не абмінуў бы ў творчасці тэму сучаснай русафобіі. Удзельнік Вялікай Айчыннай, Іван Шамякін ва ўсіх сваіх творах акцэнт рабіў на братэрства народаў Савецкага Саюза, якія перамаглі фашысцкую Германію ў жудаснай вайне. Упэўнена, што галоўнай тэмай для пісьменніка заставаліся б і ўзаемаадносіны пакаленняў бацькоў і дзяцей, нярэдкая цяпер страта «людскасці» у гэтых стасунках, увогуле, ачарсцвенне грамадства, такія горкія яго праявы як лайдакі, маці-зязюлі… Памятаем вас, Іван Пятровіч, перачытваем вашы кнігі. Спадзяемся, што нашы сучаснікі будуць звяртацца да вашых незабыўных раманаў «Крыніцы», «Сэрца на далоні», «Снежныя зімы», «Атланты і карыятыды», «Вазьму твой боль», «Зеніт», аповесці «Злая зорка» і іншых…

© Правда Гомель


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: