Антыфашысцкае падполле ў Мазыры (1941–1943 гг.)

327

Значны ўнёсак у перамогу савецкага народа над фашызмам унеслі партызаны і падпольшчыкі, якія дзейнічалі на акупіраванай тэрыторыі Беларусі. Яны сваёй дзейнасцю ў гады вайны нанеслі нямецкім акупантам значныя страты ў жывой сіле і тэхніцы, дэмаралізавалі дзейнасць варожага тылу, чым істотна паспрыялі поспеху Чырвонай Арміі на франтах Вялікай Айчыннай вайны.

Людзям, якія змагаліся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў складзе падпольных арганізацый, па нашым меркаванні, было значна складаней, чым тым, хто здзейсніў свой ратны подзвіг у Чырвонай Арміі або ў партызанскіх атрадах. Для таго, каб змагацца з ворагам, ім было нельга адрознівацца ад іншых. Абставінамі яны былі пастаўлены ва ўмовы, калі былі «сваімі» сярод чужых і «чужымі» сярод сваіх. І таму падпольшчыкі, як і іншыя мазыране, каб пазбегнуць арышту, адпраўкі на прымусовыя работы ў Германію і мець нейкія сродкі для існавання, вымушаны былі недзе працаваць, і «тем самым показать свою мнимую лояльность к оккупантам».

Мазыр быў захоплены ворагам 23 жніўня 1941 г. Яшчэ ў перадакупацыйны перыяд (летам 1941 г.) у горадзе, у той час цэнтры Палескай вобласці БССР, праводзілася работа па стварэнні падпольных груп. Весці падпольную работу ў Мазыры прыходзілася ў складаных умовах. У горадзе існавалі акупацыйныя ўлады: гебітскамісарыят, контрразведвальныя і карныя органы – паліцыя бяспекі і СД, абвергрупа 115. Аднак, нягледзячы на ўсе складанасці, ужо ў верасні 1941 г. пачынаецца дзейнасць першай мазырскай падпольнай групы. Яе ўзначальваў былы бухгалтар аблздраўаддзела Васіль Крыцкі. Сярод удзельнікаў групы былі лю-дзі, якія былі пакінуты партыйнымі і савецкімі органамі для арганізацыі супраціўлення ў тыле ворага. Група дзейнічала з верасня 1941 г. па жнівень 1942 г. Яе ўдзельнікі сабатавалі мерапрыемствы акупацыйных улад, падтрымлівалі сувязь з партызанамі, дапамагалі ім прадуктамі харчавання, медыкаментамі.

З кастрычніка 1941 г. па чэрвень 1942 г. дзейнічала група Дзмітрыя Казлоўскага, аснову якой складалі савецкія ваеннаслужачыя, што трапілі ў Мазыр, хто з акружэння, хто здолеўшы збегчы з нямецкага палону. Групай была праведзена работа па стварэнні партызанскага атрада і збору зброі для партызан.

У студзені 1942 г. мазырскія падпольшчыкі папярэдзілі партызан Кастрычніцкага раёна, што супраць іх рыхтуецца карная аперацыя.

У пачатку 1942 г. удзельнікі падполля арганізавалі пажар у Мазырскім тэатры, дзе павінна была адбыцца нарада афіцэраў СС і гестапа, з-за чаго нарада была сарвана.

У хуткім часе падпольшчыкамі быў спалены двухпавярховы дом па вул. Камсамольскай, дзе размяшчаліся харчовыя і рэчавыя склады нямецкага гарнізона.

У пачатку жніўня 1942 г., на дарозе Мазыр–Міхалкі была падарвана на міне машына з нямецкімі жандармамі.

Нацысты прымалі ўсе меры для таго, каб выйсці на след падпольшчыкаў. Першыя арышты сярод іх адбыліся на пачатку 1942 г. Для барацьбы з падпольшчыкамі і партызанамі ў чэрвені 1942 г. у Мазыры была створана цэнтральная жандармерыя. Масавыя арышты пачаліся ў жніўні 1942 г., адбываліся яны і напрыканцы года. У «Паведамленні паліцыі бяспекі і СД з усходніх абласцей» ад 4 снежня 1942 г.
паведамлялася наступнае: «27.10.1942 года в городе Мозыре начались аресты членов подпольной коммунистической организации. До сих пор арестовано 43 человека. Руководителем организации был учитель». На вялікі жаль, імёны гэтых людзей нам пакуль невядомы.

Нягледзячы на правалы, страту сяброў па барацьбе, мазырскія падпольшчыкі працягвалі барацьбу з ворагам. Іх дзейнасць актывізавалася вясной 1943 г., калі ўцалелыя падпольшчыкі ўвайшлі ў групу Аверьяна Мураўёва, які ў даваенны час быў выкладчыкам Мазырскага педтэхнікума. Дзякуючы Таццяне Есьман – удзельніцы гэтай групы, былой настаўніцы адной з мазырскіх школ, праз партызанскі атрад К. Бакуна была ўсталявана сувязь з Анатолем Быстровым (Афанасіем Яфімавым) – начальнікам разведвальнай групы Цэнтральнага фронту, які вясной 1943 г. быў закінуты ў тыл ворага для збору інфармацыі. Па заданні Быстрова падпольшчыкі групы Мураўёва павінны былі забяспечыць утрыманне ў Мазыры рацыі і радысткі. Т. Есьман прывяла ў горад радыстку З. Кулікову, якой падпольшчыкі зрабілі адпаведныя дакументы. Больш складана было пераправіць з калінкавіцкіх лясоў у Мазыр рацыю. Быстроў прапанаваў Есьман, каб яна дастаўляла рацыю часткамі, але Таццяна з гэтым не згадзілася і прыдумала свой план па яе дастаўцы ў горад. Вось як узгадваў пра гэтыя падзеі А. Мураўёў: «В конце июня 1943 г. учительница Т. Е. Есьман снарядила в д. Сырод (дзе жылі яе бацькі – Т. Н.) подводу, поставила на дно телеги рацию и питание, а поверх положила сено и затем – маленького своего сына в качестве больного, чтобы доставить его в Мозырь к доктору» (хлопчыку ў той час было 7 гадоў). Быстроў раіў не рызыкаваць жыццём дзіцяці, на што Есьман адказала: «Если я попадусь, то немцы все равно не пощадят ни меня, ни моих детей. Ведь они заживо сожгут всю мою семью». Рацыя была  паспяхова дастаўлена ў Мазыр.

Радыстка Зоя Кулікова (падпольшчыкі называлі яе «Вольга») пачала працаваць у доме па вул. Пралетарскай Набярэжнай, 10, гаспадыняй якога была Г. Траццякова. Дом знаходзіўся каля пераправы цераз раку Прыпяць. Сама радыстка мела магчымасць назіраць з акна за пераправай варожых часцей. Успамінаючы аб рабоце ў Мазыры, Кулікова пісала: «На квартире у Кости (Котлинского) и Гали (Третьяковой) я работала на рации. Рацию раскрывала в их комнате, антенну разбрасывала по комнате, а противовес был всегда разбросан на чердаке». Працаваць прыходзілася ў складаных умовах: «Наверху, над рекой, на возвышенных местах работали немецкие рации, установленные на машинах…» Акрамя таго, на кватэры ў Галі пасяліліся сем немцаў – ахова пантоннага маста. І таму ў той час, як у адным з пакояў З. Кулікова працавала на рацыі, гаспадыня Г. Траццякова вяла размовы з немцамі на кухні. Працаваць у такіх умовах было небяспечна, таму праз некаторы час падпольшчыкі вырашылі перабрацца з рацыяй у хату дзеда Мірона (М. Чышчэні), што пуставала і знаходзілася на 440 м вышэй па р. Прыпяць. Вечарам, калі салдаты пайшлі вячэраць, К. Катлінскі разам з Г. Траццяковай і радысткай «Оляй» перанеслі ўсю апаратуру ў дом дзеда Мірона. У канцы верасня 1943 г. падпольшчыкам стала вядома, што на станцыі Калінкавічы знаходзіцца многа воінскіх саставаў. Гэта адбылося дзякуючы таму, што ў раёне станцыі Пціч партызаны разабралі на вялікім участку палатно чыгункі. Звесткі пра гэта былі перададзены ў Цэнтр. І той жа ноччу савецкая авіяцыя нанесла магутны бомбавы ўдар па станцыі Калінкавічы.

У канцы лістапада 1943 г. у падпольнай групы не стала сілкавання для радыёстанцыі і «па загадзе Масквы» падпольшчыкам патрэбна было «прабірацца ў лес». 26 лістапада ў партызанскі атрад была дастаўлена «Вольга». Пасля гэтага частка падпольшчыкаў з сем’ямі «пайшлі ў лес», дзе ўліліся ў Мазырскі партызанскі атрад.

Адным з галоўных накірункаў барацьбы паміж акупацыйнай уладай і падпольшчыкамі была ідэалагічная барацьба сярод насельніцтва. П. Панамарэнка, які у 1942–1944 гг. узначальваў Цэнтральны штаб партызанскага руху пры Стаўцы Вярхоўнага Глаўнакамандавання, пісаў: «Наша палітычная прапаганда і агітацыя набылі велізарнае значэнне ў часова акупіраваных абласцях: яны няспынна выкрываюць крывавыя замыслы і подлыя справы ворага, умацоўваюць у народзе веру ў аднаўленне савецкай улады».

У Мазыр засылалася агітацыйная літаратура. З Вялікай зямлі дастаўляліся на Мазыршчыну цэнтральныя і рэспубліканскія выданні, кнігі і брашуры. А. Мураўёў распавядаў пра тое, як «в феврале 1942 г. приносят мне газету «Правда», где был напечатан доклад И. В. Сталина «О 24-й годовщине Октябрьской революции». С какой жадностью и трепетом, вниманием и надеждой прочитали вслух этот доклад все члены моей семьи… Трудно переоценить какое внимание произвела эта газета на советских людей оккупированного, но неповерженного города Мозыря». Шмат экзэмпляраў гэтай газеты падпольшчыкамі было распаўсю-
джана сярод насельніцтва.

Падпольшчыкі і партызаны Мазыршчыны імкнуліся расказаць насельніцтву праўду аб падзеях на фронце, заклікалі людзей да барацьбы з ворагам. На пачатку 1942 г. на кватэры Андрэя Суркова па вул. Фрунзэ быў усталяваны радыёпрыёмнік. Падпольшчыкі запісвалі зводкі Саўінфармбюро і распаўсюджвалі іх сярод насельніцтва. Частка лістовак падпольшчыкамі выдавалася ў друкарні па вул. Кіеўскай, дзе немцы друкавалі сваю газету «Мозырские известия». На свята Вадохрышча, 19 студзеня 1942 г., падпольшчыкі параскідалі лістоўкі на рынку і каля царквы.

На тэрыторыі Палескай вобласці выдаваліся падпольныя газеты «Бальшавік Палесся» – друкаваны орган падпольнага абкама КП(б)Б (рэдактар – Г. Каплан), «За Радзіму» – орган Мазырскага падпольнага райкама КП(б)Б (рэдактар – У. Басак). За верасень–кастрычнік 1943 г. Палескай абласной падпольнай партыйнай арганізацыяй было выдадзена 15 нумароў абласной газеты «Бальшавік Палесся» агульным тыражом 9 тыс. экзэмпляраў, 51 нумар раённых газет тыражом 11,2 экз., 14 назваў лістовак – 9 тыс. экз.

Рыхтуецца чарговы нумар газеты «Бальшавік Палесся». 1943 г.

У лістоўцы-звароце Мазырскага падпольнага райкама КП(б)Б «Да мазыран!» ад 5 кастрычніка 1943 г. быў заклік да барацьбы з ворагам: «Таварышы мазыране! Не застанемся ў даўгу перад воінамі вялікай Радзімы. Спаўна разлічымся з гітлераўскімі разбойнікамі за кроў і слёзы нашых матак, бацькоў, братоў, жонак і сясцёр, за спаленыя вёскі Казіміраўку, Раманаўку, Шчакатова, Каменку, Зімовішчы і іншыя. За акрываўлены, разбураны, такі блізкі нам старажытны горад Мазыр. Знішчайце фашыстаў усімі сродкамі ў полі, у лесе, на чыгунцы, у самім горадзе!»

У адной з апошніх лістовак Палескага падпольнага абкама КП(б)Б, надрукаванай 10 кастрычніка 1943 г., было спадзяванне на хуткае вызваленне горада ад акупантаў: «Прыйшоў фашыст. Усё разбурыў. Сотні чалавек замучылі гестапаўцы. Няма таго дня, каб у Мазыры не расстралялі 20 – 30 чалавек… Жудасныя дні перажывае Мазыр! Але хутка гэты двухгадовы кашмар знікне. Воіны доблеснай Чырвонай Арміі ідуць да нас, і над родным Мазыром зноў запалымнее Чырвоны сцяг – сцяг жыцця, шчасця, радасці і свабоды…»

Доўгі час аб дзейнасці мазырскага падполля было вядома не шмат. І толькі ў сярэдзіне 60-х гадоў ХХ ст. яно было прызнана афіцыйна. 24 ліпеня 1965 г. выйшла Пастанова прэзідыума ЦК КПБ
№ 80 п. 2 «Аб устанаўленні падполля, якое дзейнічала ў 1941–1944 гг. у г. Калінкавічы і г. Мазыры». Членамі Мазырскага падполля былі прызнаны 27 челавек і 17 чалавек – связнымі.

Сярод 27 падпольшчыкаў былі людзі розных нацыянальнасцей і ўзросту. Сярэдні ўзрост удзельнікаў Мазырскага падполля на пачатку вайны складаў 33 гады. Малодшаму было 17, старэйшаму – 48. 9 чалавек былі камуністамі, 4 – камсамольцамі, 14 – беспартыйнымі. Загінулі ў барацьбе з ворагам на працягу 1942–1943 гг. 12 чалавек: Антон Крукоўскі, Мікалай Казарэз, Сяргей Раднеўскі, Андрэй Суркоў, Яўген Талкачоў, Рыгор Чавус, Мікалай Уласенка, Васіль Крыцкі, Аляксандр Кузьміч, Іван Міцура, Міхаіл Майсееў, Аўгуста Папрацінская.

Не ўсе ўдзельнікі падполля былі адзначаны ў гэтай пастанове. Сярод няўлічаных быў і Ц. Абрамаў, які напярэдадні вайны быў супрацоўнікам Палескага абласнога ўпраўлення Народнага Камісарыята Унутраных Спраў. Ён быў «по линии НКВД КП(б)Б был оставлен в тылу врага». Калі на пачатку 1942 г., пачаліся першыя арышты, Цімафею прапанавалі пайсці ў партызанскі атрад. Але Абрамаў вырашыў, што яго дзейнасць будзе больш карыснай у Мазыры, дзе ён працаваў экспедытарам у сталовай і меў магчымасць бесперашкодна ездзіць па горадзе, збіраць звесткі, якія былі патрэбны партызанам і падпольшчыкам, частку прадуктаў харчавання адпраўляць «у лес». Цімафея Абрамава арыштавалі ліпеньскай ноччу 1942 г. На наступны дзень была арыштавана і яго жонка Саф’я разам з дачкой і сынам, апошняму не было і года. У турме дзяцей забралі, Саф’ю катавалі, паказалі знявечанага мужчыну, хацелі даведацца пра дзейнасць мужа. Але яна ўвесь час паўтарала, што муж яе працаваў у сталовай і больш яна нічога не ведае. Пасля допыту С. Абрамавай вярнулі дзяцей і адпусцілі дадому. Толькі потым стала вядома аб лёсе 27-гадовага Цімафея Яўсеевіча, які пасля арышту і васьмі дзён катаванняў нацыстамі быў закапаны ў зямлю яшчэ жывым.

Мазыр быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 14 студзеня 1944 г. падчас Калінкавіцка-Мазырскай аперацыі, якая праводзілася войскамі левага крыла Беларускага фронту (камандуючы генерал арміі К. К. Ракасоўскі). У ёй удзельнічалі 61-я (генерал-лейтэнант П. А. Бялоў) і 65-я (генерал-лейтэнант П. І. Батаў), 16 паветраная (генерал-палкоўнік С. І. Рудэнка) арміі. У жыцці Мазыршчыны пачалося такое доўгачаканае мірнае жыццё.

Мазыране шануюць памяць пра герояў Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку і падпольшчыкаў.

У будынку па адрасе: пл. Леніна, 15, дзе ў даваенны час працавала сярэдняя школа № 2, у 1964 г. была ўсталявана мемарыяльная дошка ў гонар Яўгена Талкачова, удзельніка мазырскага подполля, які ў чэрвені 1942 г. пайшоў у партызаны і праз тры месяцы загінуў у баі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яўгену было ў той час 18 гадоў. 

У 1964 г. па завулку Калініна, 6 была ўсталявана мемарыяльная дошка, якая распавядае, што ў гэтым будынку ў 1941–1942 гг. пад выглядам шаўца жыў удзельнік Мазырскага падполля, былы інструктар Палескага абкама КП(б)Б М. Казарэз. На яго кватэры падпольшчыкі абмяркоўвалі пытанні барацьбы з акупантамі, прымалі па радыё зводкі Саўінфармбюро, запісвалі іх і распаўсюджвалі сярод насельніцтва. У сакавіку 1942 г. Казарэз быў арыштаваны і закатаваны нацыстамі.

У мікрараёне Нараўшчызна, дзе сёння хуткімі тэмпамі ідзе будаўніцтва, ёсць вуліца, якая носіць імя Цімафея Абрамава. А ў снежні 2017 г. у гонар гэтага чалавека была адкрыта мемарыяльная
дошка на будынку Мазырскага гарадскога аддзела ўпраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь па Гомельскай вобласці па вул. Ленінскай.

У мікрараёне Нараўшчызна адна з новых вуліц атрымала найменне Герояў падполля.

Таццяна Нікіціна,
член прэзідыума Мазырскага раённага савета ветэранаў, старшыня камісіі па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны.

 


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: