Патрыятычныя нататкі

http://img.tyt.by/620x620s/n/03/0/razd_fash_gad_38.jpgУпэўнены: інтэрнэт ніколі не зможа замяніць друкаваныя выданні. Больш таго, асаблівы гонар адчуваеш, калі ў Нацыянальнай бібліятэцы гартаеш пажоўклыя ад часу газеты Вялікай Айчыннай вайны. Да цябе нібы праз рукі прыходзіць святое пачуццё памяці і ўдзячнасці нашым дзядулям і бацькам, што змагаліся за наш сённяшні шчаслівы дзень.

Адразу заўважу, што ў Айчынную вайну на часова акупіраванай тэрыторыі Беларусі выходзіла больш за 160 газет падпольных партыйных органаў і партызанскіх фарміраванняў. А ў варожы тыл досыць актыўна засылаліся газеты «Савецкая Беларусь», «За Савецкую Беларусь», «За свабодную Беларусь». Асаблівым поспехам карысталіся газета-плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну» і сатырычны лісток «Партызанская дубінка».

Ва ўмовах жорсткага акупацыйнага рэжыму газеты дапамагалі глыбока патрыятычным словам змагацца з ненавіснымі захопнікамі. Ужо з канца 1941 г. падпольшчыкі выпускалі лістоўкі і бюлетэні пераважна на пішучых машынках ці самаробных друкарскіх станках. А ў снежні 1941 г. Мінскі падпольны гарком КП(б)Б стварыў першую ў сталіцы нелегальную друкарню, якая выпускала перыядычны лісток «Вестник Родины». На пішучай машынцы і гектографе з красавіка 1942 г. Магілёўская падпольная арганізацыя «Ка-мітэт садзейнічання Чырвонай Арміі» выдавала газету «За Родину». У маі надзвычай цяжкага 1942 г. выйшаў першы нумар газеты «Звязда» — орган Мінскага падпольнага гаркома КП(б)Б, у якім былі зме-шчаны перадавы артыкул «Шырэй партызанскую барацьбу!», заклік Якуба Коласа да беларускага народа. У прыфрантавой паласе з чэрвеня 1942 г. выдавалася газета «Віцебскі рабочы».

15 снежня 1942 г. ЦК КП(б)Б прыняў рашэнне стварыць у снежні 1942 — студзені 1943 г. 10 абласных і 50 раённых падпольных друкарняў. У Маскве быў наладжаны выпуск партатыўных друкарскіх машын, якія па заданні ЦК сканструяваў механік фабрыкі «Палесдрук» Ф. Пільціенка. І ў ліку першых пачалі выходзіць клічаўскі «Голас партызана», «Бобруйский партизан», «Большевистская правда» — орган партызанскай брыгады «Дзядзькі Колі» Мінскай вобласці. Трэба адзначыць, што ў 1942-43 гг. быў наладжаны выпуск ажно 134 газет.

У тыле ворага выдаваліся газеты «Чырвоная змена», баранавіцкая «Чырвоная звязда», брэсцкая «Заря», «Гомельская праўда», магілёўская «За Радзіму», мазырская «Бальшавік Палесся», пінская «Палеская праўда», сенненская «Бальшавіцкая трыбуна», брэсцкая «За родину», слонімская «Барацьба». У ваенных СМІ змяшчаліся творы Янкі Купалы («Беларускім партызанам», «Зноў будзем шчасце мець і волю»), Якуба Коласа («Адпомсцім», «На абарону», «Душою і сэрцам мы з вамі, героі», «Фашысцкім бандытам»), П.Броўкі, К.Крапівы, А.Куляшова, П.Панчанкі, А.Астрэйкі, П.Глебкі і інш. Цэлы зборнік вершаў А.Астрэйкі «Слуцкі пояс» у 1943 г. быў выдадзены ў друкарні слуцкай газеты «Народны мсцівец». Актыўна змяшчаліся ў газетах ваеннага часу партызанскія песні, прыпеўкі, фельетоны, сцэнарыі партызанскай мастацкай сама-дзейнасці, малюнкі баявых эпізодаў і даваеннага жыцця, партрэты народных мсціўцаў.

А першы беларускі часопіс «Народный мститель» быў выдадзены 208-м партызанскім атрадам імя І.В.Сталіна яшчэ ў лютым 1942 г. Сярод найбольш працяглых выданняў можна адначыць кіраўскі «Кіравец», гомельскі «Альманах партизанского творчества», бешанковіцкую газету «За Савецкую Беларусь», бярэзінскую — «Путь партизана».

Сатырычнае выданне «Раздавім фашысцкую гадзіну» выходзіла на беларускай мове ў Гомелі, Навабе-ліцы, Мінску з сакавіка 1942 г. да мая 1945 г. (да студзеня 1942 г. на рускай мове). Выдавалася і як агітплакат, і як газета-плакат, і як сатырычны часопіс. Рэдактарамі выдання былі М.Чавускі (1941-43) і К.Крапіва (1943-45). І менавіта гэтае сатырычнае выданне стала бацькам рэспубліканскага часопіса «Вожык», які пачаў выдавацца ў Мінску са жніўня 1945 г.

Чытаючы ваенныя СМІ, адчуваеш і напружанае гучанне друкаванага радка, і тонкі сплаў палымянай пуб-ліцыстычнасці, грамадзянскай страснасці і спавядальнасці аўтараў матэрыялаў. Мы яскрава бачым, што ўвесь свой талент аўтары скіроўвалі на тое, каб паказаць жорсткасць і бесчалавечнасць ворага, натхніць салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі, партызан на рашучую барацьбу, уславіць мужнасць, адвагу, самаахвярнасць, асудзіць маладушнасць і здраду. А галоўнае — упэўніць веру людзей у непазбежную перамогу над фашызмам — чумой не толькі ХХ стагоддзя, але і нават сучаснага жыцця.

Канстанцін КАРНЯЛЮК,
педагог, краязнаўца.