Крынiчанька, крынiчанька — святыя б’юць ключы…

Тэрыторыя Мазыршчыны — гэта незвычайны прыродны комплекс Прыпяцкага Палесся, які мае разнастайныя аб’екты гісторыка-культурнай, прыродна-ландшафтнай спадчыны з высокім пазнавальным і эстэтычным патэнцыялам.

На тэрыторыі Мазырскага раёна знаходзяцца розныя адметныя прыродныя аб’екты: заказнікі, урочышчы, азёры, яры і інш., сярод якіх належнае месца займаюць крыніцы, як значныя водныя кампаненты гідраграфічных аб’ектаў. Яны з’яўляюцца не толькі багаццем прыроды, але і набыткам беларускага этнасу. Водныя аб’екты заўсёды займалі важнае месца ў жыцці чалавека. Усё жывое на зямлі, безумоўна, не можа існаваць без вады. Старажытныя людзі абагаўлялі ваду як невычэрпную крыніцу жыцця, якая жывіць зямлю і задавальняе іх патрэбы. Таму азёры, рэкі, крыніцы заўсёды шанаваліся ў народзе. Менавіта крыніцы падтрымліваюць водны баланс розных паверхневых вадаёмаў. Яны сілкуюць сажалкі, балоты, азёры, рэкі, якія, у сваю чаргу, упадаюць у мора альбо акіян. Зараз крыніцы выкарыстоўваюцца больш дзеля адпачынку, бытавых, навуковых, лячэбных і іншых патрэб.

Крыніца ў в. Каменка

Крыніца ў в. Каменка

Крыніцы маюцца на тэрыторыі ўсёй Беларусі, але ж на Мазыршчыне згодна з дадзенымі навукоўцаў іх зафіксавана каля 50. Па словах інжынера па ахове і абароне лесу Аляксея Чарнобыльца, больш 20 з іх зной-дзена і даследавана на тэрыторыі Мазырскага вопытнага лясгаса. Некаторыя з крыніц утвараюць крэнаполе (крынічнае балота — 7), адны маюць свае ўласныя назвы, а іншыя, якія іх не маюць, арыентаваны на пэўны населены пункт, урочышча (9 крыніц). Так, напрыклад, крыніца Жываносная — гэта вёска Санюкі, Глыбокая  — Рудня, Вянгерава  — Каменка, Крынкі — каля вёсак Прагрэс і Перадавая, Прыдарожная  — Дружба, Замлынне  — Надаткі, Крапіўная  — Глініца, Альховіца — каля Каменкі, Каменка — у в. Каменка, Барыска-вічы  — у в. Барыскавічы, Крынічанская — у п. Крынічны, Малютка  — каля п. Крынічны, Сядзельнікі-1 і 2  — каля ДРАЦ «Сядзельнікі», Майсееўка  — у в. Майсееўка, безымянныя крыніцы ёсць каля вёсак Белы Яр, Гарадок, Камароўка , Алёс і Белая.

Крыніца каля в. Лучажэвічы.

Крыніца каля в. Лучажэвічы.

На Мазыршчыне шмат культурных і гістарычных помнікаў, але ж і водныя аб’екты — гэта таксама ўнікальныя помнікі прыроды, якія з’яўляюцца носьбітамі матэрыяльна-духоўнай культуры і важнымі рэсурсамі рэкрэацыйнага турызму. Яны ўяўляюць сабой экалагічную і пазнавальную каштоўнасць прыродазнаўчага характару. Так, даследаванне навукоўцаў у розныя часы паказвала, што лінгвістычныя і культуралагічныя асаблівасці назваў з’яўляюцца важнымі паказчыкамі культурна-геаграфічнага асяроддзя Мазыршчыны. Назвы мікрааб’ектаў — гэта частка гісторыі населенага пункта, кампанент мовы, «люстэрка» прыроды, а яшчэ і сведка мінулых стагоддзяў. Кожная назва — свайго роду гістарычны дакумент альбо помнік, які можна параўнаць з аб’ектамі матэрыяльнай культуры. Назвы крыніц маюць каштоўныя інфармацыйна-пазнавальныя звесткі і складаюць частку агульнай гідранімічнай сістэмы Беларусі. Сутнасць назваў нярэдка вызначаецца асаблівасцямі тэрыторыі, культурай народа, гістарычнымі падзеямі, без ведання гэтага нашы ўяўленні аб геаграфічных назвах аб’ектаў былі б няпоўнымі.

Крыніца на мяжы вёсак Лубня і Пеніца.

Крыніца на мяжы вёсак Лубня і Пеніца.

Крыніца на мяжы вёсак Лубня і Пеніца.

Крыніца на мяжы вёсак Лубня і Пеніца.

Падчас знаёмства з назвамі  аб’ектаў неабходна ўлічваць культуралагічную каштоўнасць і значнасць. Таму што культуралагічныя звесткі даюць першапачатковае паняцце пра аб’ект як турыстычны рэсурс. Такім чынам, мы не можам абысціся без дапамогі геаграфіі, без аналізу розных гістарычных фактаў і сучаснага стану такіх аб’ектаў. Нельга не адзначыць, што на ўзнікненне крыніц непасрэдна аказаў уплыў дняпроўскі ляднік, які праходзіў 250-300 тыс. гадоў таму. Падземныя воды гэтых прыродных аб’ектаў з’яўляюцца чыстымі, аднак некаторыя паверхні вады забруджаны дзейнасцю чалавека. З мэтай аховы крыніц у свой час было распрацавана і зацверджана «Палажэнне аб ахове крыніц Мазырскага раёна Гомельскай вобласці», што дапамагае ў пэўнай меры захаваць гэтыя прыродныя каштоўнасці. Але ж, нягле-дзячы на тое, што гэтыя водныя мікрааб’екты знаходзяцца пад аховай дзяржавы і маюць важнае значэнне для навукі, культуры, экалогіі, прыродазнаўства, не ва ўсіх крыніцах якасць чыстай вады адпавядае санітарнай норме. У некаторых крыніцах адзначаны сляды тэхнагеннага забруджвання. На жаль, не ўсе яны сёння належным чынам добраўпарадкаваны. А вось што тычыцца зоны ландшафта мікрагідронімаў, то яна ў асноўным знаходзіцца ў належным стане. Усё гэта гаворыць аб тым, што чалавецтву неабходна захоўваць гэтыя прыродныя аб’екты, каб яны назаўсёды не зніклі з геаграфічнай карты раёна. Таму што разам з аб’ектам знікне і назва, якая змя-шчае ў сабе гістарычныя і сучасныя звесткі. Гэта значыць, што абяднее наша гісторыя, усохнуць карані і спустошыцца памяць. У захаванні ж гэтага багацця ёсць карысць і неабходнасць для сучаснікаў…

Своеасаблівыя ўзгорыста-раўнінныя ландшафты Мазыршчыны, багатыя прыродна-рэкрэацыйныя рэсурсы крыніц ствараюць перадумовы для развіцця экалагічнага турызму. Экасістэма крыніц характарызуецца рэдкімі і цікавымі прадстаўнікамі флоры і фаўны. Так, напрыклад, тут выяўлены розныя віды арганізмаў, такія, як фітапланктоны, больш 20 рэдкіх відаў гідрабіентаў (водныя арганізмы, у тым ліку расліны, якія насяляюць гідрасферу), малюскі і інш.; з раслін тут найбольш за ўсё распаўсюджаны аўсяніца чырвоная, вярба шэрая, чарот лясны, касцяніца, лапчатка. Увогуле, жывёльны і раслінны свет навакольнага ландшафту крыніц утварае адзіны комплекс унікальнай прыроды Мазыршчыны. Тут сустракаюцца розныя віды дрэў (сасна, бяроза, дуб, алешына і інш.), кустарнікаў (каліна, маліна, бэз і інш.), травяністых раслін (клапаген еўрапейскі, Вянерын башмачок, гу-сіны лук і інш.), жывёл (лось, янот, заяц і інш.), птушак (сава, дзяцел, шэры журавель і інш.), насякомых (жук-алень, пустэльнік звычайны, чмель і інш.) — усё гэта адметнае багацце арэола Мазыршчыны, што вызначае не толькі своеасаблівасць экасістэмы крыніц, але і спецыфіку іх назваў (крыніцы Камароўка, Альхавіца). Як зазначалася вышэй, крыніцы адыгрываюць значную ролю ў падтрыманні воднага балансу вадаёмаў, напрыклад, шэраг крыніц знаходзіцца на берагах рэк: на беразе р.Прыпяці —  крыніцы каля в.Акулінка, Сядзельнікі-1, Сядзельнікі-2, Малютка, Крынічанская; на беразе р. Крапіў-ная — крыніца каля в.Глініца; на беразе р. Мытва — крыніца Жываносная; на беразе р. Салакуча — крыніца Прыдарожная; дзве крыніцы ўпадаюць у возера (у воз. Барбароўскае — крыніца Крынкі; у воз. Ляшнянскае — крыніца Замлынне); чатыры — у раку (у р. Крапіўная  — крыніца Крапіўная; у р.Каменка — крыніца Каменка; у р. Тур — крыніца Барыскавічы — 1; у р.Нараўлянка — крыніца ва ўрочышчы Даўжэнка); у сажалку (крыніца Барыскавічы — 2), астатнія працякаюць па раўніннай мясцовасці. Некаторыя з крыніц знаходзяцца на тэрыторыі ландшафтных заказнікаў Алёс, Стрэльскі, Мазырскія яры.

Незвычайныя водна-лясныя ландшафты крыніц робяць Мазыршчыну перспектыўнай і прывабнай для развіцця турызму і адкрыцця новых турыстычных маршрутаў, а іх назвы раскрываюць істотныя асаблівасці нашага краю. Крыніцы маюць не толькі экалагічную, гісторыка-культурную, але і лячэбную, навуковую, рэкрэацыйна-пазнавальную, бытавую і выхаваўчую накіраванасць. Некаторыя крыніцы, якія знаходзяцца ў вёсках ці побач з імі, мясцовыя жыхары і зараз выкарыстоўваюць у якасці пітной вады. Крыніцы нярэдка становяцца месцам правядзення рытуальных, працоўных і іншых абрадаў, таксама месцам турыстычных злётаў, спартыўных спаборніцтваў і інш. Лічыцца, што крынічная вада — гэта сімвал чысціні, урадлівасці і жыцця. Напрыклад, крыніца Альхавіца, якая знаходзіцца на тэрыторыі Бокаўскага лясніцтва, стала традыцыйным месцам правядзення шлюбных і іншых народных абрадаў, мяркуюць, што яе вада валодае жыватворнай і ачышчальнай сілай, а маладым прыносіць у новую сям’ю поспех, шчасце і дабрабыт.

Крыніцы з’яўляюцца славутасцю прыроды, унікальнымі помнікамі гісторыка-культурнай спадчыны палешукоў, з імі звязаны многія паданні, легенды, звычаі, ваду некаторых крыніц лічаць гаючай, святой, каля крыніц будуюць капліцы, свецяць іх ваду, устанаўліваюць атрыбуты веры. Напрыклад, у жніўні 1999 г. асвяцілі крыніцу Альхавіцу і каля яе ўстанавілі абраз Божай Маці. Відавочна, што назвы крыніц утрымліваюць карысную, пазнавальную інфармацыю аб людзях, падзеях, іншыя сведчаць пра асаблівасці ландшафту пэўнай мясцовасці. Крыніцы  — гэта помнікі культуры, захавальнікі інфармацыі пра гісторыю навакольных мясцін, якія неабходна вывучаць і берагчы, як славутасць прыроднага асяроддзя Мазыршчыны.

Наталля КАНОПЛІЧ
Сяргей ШАПАВАЛАЎ (фота)