Міхаіл Яўхімавіч Колас — рэжысёр з Палесся
Міхаіл Яўхімавіч КОЛАС нарадзіўся 15 верасня 1935 г. у вёсцы Картынічы Лельчыцкага раёна, акцёр і рэжысёр. Заслужаны работнік культуры Беларусі (1972 г.). Скончыў тэатральнае вучылішча імя Б.Шчукіна пры Дзяржаўным тэатры імя Я.Вахтангава ў Маскве (1971 г.). У 1965-1990 гг. – рэжысёр Мазырскага народнага тэатра Гарадскога дома культуры. Стваральнік эксперыментальнага тэатра-студыі “Верасень”.
«Захварэў” ён тэатрам з дзяцінства. Падлеткам сустрэў Перамогу. Пераросткам пачынаў вучобу. Не хапала сшыткаў, кніг, вопраткі, але была неадольная прага ведаў, якая засланяла ўсё. А вайна ўсё яшчэ стаяла перад вачамі белагаловага хлопчыка. За яе час ён страціў брата, перанёс цынгу і тыф. Былі дні, калі сям’я ляжала ўпокат. Поўзала і даглядала ўсіх адна маці. 12-гадовы брат пасля тыфу вучыўся хадзіць. “Я стаю! Мама, я стаю!” – радасна крычаў хлопчык.
“Хаваліся ад немцаў у лесе на востраве. Маці аднойчы сэрцам адчула бяду: “Дзеці, так нешта на душы неспакойна… Кінем усё і пойдзем на балота”. Толькі адышлі, як побач загергеталі немцы. Гаршкі пабілі, падралі вопратку, што сохла на вяроўцы, закруціліся каля каровы, а мы, маці і пяцёра дзяцей, у дзесяці метрах ад іх. Я ўпаў галавой у купіну і не дыхаў. Сястрычцы малой толькі год было – хоць бы піскнула”, – успамінае Міхаіл Яўхімавіч.
Ён з захапленнем гаворыць пра першыя пасляваенныя гады, вечары ў калгасным клубе, на якія збіралася ўся вёска. У другім класе яму даручылі ролю містэра Кука ў п’есе С. Міхалкова “У іх ёсць радзіма”. Тады і пачуў першую пахвалу: “Сапраўдны артыст!” Народ вясковы – шчодры на жарт. Да гэтага часу застаўся містэрам Кукам. “Спяваў у хоры, як усе, танцаваў “Крыжачок” і “Лявоніху”, але п’есы ставіў сам, змалку “выбіваўся ў рэжысуру”, – смяецца Міхаіл Яўхімавіч.
Выбраў прафесію медыка, а са сцэнай не развітваўся – увесь вольны час аддаваў ёй. Паступова тэатр выцясняе ўсё астатняе з яго душы. 26-гадовы фельчар спрабуе паступіць у тэатральны інстытут. Спроба не ўдалася. Даведаўся, што Віцебскі тэатр набірае студыю маладога акцёра. Паехаў. Прынялі. Днём працаваў на санэпідэмстанцыі, а вечарам, як на крылах, імчаў у тэатр. Урокі Сяргейчыка, Шмакава, Ільінскага засталіся ў памяці на ўсё жыццё. Тая сур’ёзнасць адносін да сцэнічнага мастацтва, якую яны імкнуліся перадаць сваім выхаванцам, не прапала бясследна.
Заканчваў студыю, калі заныла душа, пацягнула на Палессе, бліжэй да бацькоў, да родных мясцін. Неўзабаве Міхаіл Яўхімавіч Колас становіцца рэжысёрам Мазырскага народнага тэатра.
Ён і цяпер не разумее, адкуль у яго, сялянскага сына, браліся энергія, жаданне мяняць прафесію, ехаць у невядомы горад, шукаць сувязі з тэатрам праз студыю…
Напэўна, прага да мастацтва, за-кладзеная ў сэрцы змалку, павінна была праявіцца, яго мара аб сцэне павінна была здзейсніцца. І яна здзейснілася. Тэатр стаў яго прызваннем, яго болем і радасцю, яго жыццём.
Мне пашчаслівілася быць сведкам яго першай самастойнай работы, у якую ён уклаў усю сваю душу, увесь запал сваёй няўрымслівай, гарачай натуры. На маіх вачах упершыню ствараўся сапраўдны спектакль, у якім і ад мяне залежала многае. Ствараўся ў поце твару, з найвялікшымі цяжкасцямі пошукаў і радасцямі адкрыццяў. Гэта было “Раскіданае гняздо” Янкі Купалы.
Нялёгка было маладому рэжысёру пачынаць з класічнай купалаўскай спадчыны. Шмат сілы трэба было па-траціць, каб пераканаць людзей працаваць без аглядкі на суфлёра, вы-красліць начыста дапатопныя, застарэлыя прыёмы, каб давесці выканаўцам, што маналогі купалаўскіх герояў, глыбока эмацыянальныя, па-народнаму філасафічныя, патрабуюць сур’ёзнай, заглыбленай мысліцельнай працы ад акцёра, вывучэння народных традыцый, народнага характару ва ўсіх яго шматгранных адценнях. А з якой апантанасцю ваяваў ён за чысціню мовы, беражліва вывяраючы кожны інтанацыйны рух!.. Некаторыя ўдзельнікі вымаўлялі мяккае “ч” і ўзрыўное “г”, на рускі лад, ён жа на кожным кроку напамінаў, што падобныя памылкі недаравальныя для акцёра, бо яны адразу ж ствараюць бар’ер недаверу паміж ім і гледачом. Не ўсе разумелі яго. Часам былі спрэчкі, былі і хвіліны адчаю. Ён не мог ігнараваць расхлябанасць, няўважлівасць, недысцыплінаванасць. Прывучаў усіх да разумення, што рэпетыцыя – складаны, напружаны працэс творчага пошуку, у якім творцамі павінны быць усе: хто працуе на сцэне, хто чакае свайго выхаду за кулісамі ці проста сядзіць у зале ў якасці гледача. Усе героі “Раскіданага гнязда” глыбока драматычныя, яны ўвасабляюць лёс усяго беларускага народа, і ў той жа час кожны з іх – непаўторны свет чалавечага духоўнага хараства. Узнёслая, паэтычная Зоська, па-дзіцячы ўдумлівы, засяроджаны Данілка, рэзкі, напорысты Сымон, Лявон і Марыля, іх бацькі, расчараваныя, стомленыя ад змагання за хлеб надзённы. Рэжысёру трэба бачыць усё, і ён імкнуўся бачыць да кожнай драбніцы. Стварылі кампазіцыю з народных песень і вершаў Купалы, ездзілі ў купалаўскі музей, пабывалі на спектаклях купалаўцаў. Гадзінамі раіліся з мастаком Пятром Сяргеевічам Захаравым аб афармленні спектакля. Разам рэжысёр і мастак ездзілі па вёсках, набылі хатнія рэчы, сялянскую вопратку, прылады працы, гутарылі з землякамі, пабывалі ў Тураве, у суседзяў-тонежцаў, якія славяцца песнямі на ўсю Беларусь, і як бы душой паздаравелі – адкуль тая сіла ўзялася. Еднасць з роднымі каранямі надала рэжысёру і мастаку ўпэўненасць, веру ў поспех. І поспех прыйшоў. “Раскіданае гняздо” стала лаўрэатам рэспубліканскага, а затым – усесаюзнага фестывалю самадзейнага тэатральнага мастацтва ў Маскве.
Мы, нашчадкі дрыгавічоў, унукі дзеда Талаша, пявучай купалаўскай мовай апавядалі са сцэны Крамлёўскага тэатра пра гаротны лёс свайго народа. І нас усе зразумелі. Пасля спектакля падхапіла, ускрыліла, аб’яднала ўсіх пачуццё роднасці, чалавечнасці: нас акружылі гледачы, ціснулі рукі, абдымалі, запрашалі ў госці, давалі свае адрасы. Памятаю мноства кветак, золата медалёў на нашых грудзях, майскую сонечную раніцу, калі мы ўсім тэатрам ускладалі кветкі на магілу Невядомага салдата. Там стаялі ўсе разам у глыбокім маўчанні і там па-сапраўднаму адчулі вытокі сваёй роднасці, якая ўчора аб’яднала нас з зусім незнаёмымі людзьмі.
А рэжысёр думаў пра будучыню. Сваю і тэатра. Поспех акрыліў, але і ўзвысіў пачуццё адказнасці перад сабой і калектывам. Неабходнасць вучыцца прывяла яго ў Маскву. Міхаіл Яўхімавіч стаў студэнтам-завочнікам вышэйшага Маскоўскага тэатральнага вучылішча імя Шчукіна пры тэатры Вахтангава. Чатыры гады вучобы ўзбагацілі і ўзмацнілі цікавасць да сваёй справы. Народны артыст СССР, прафесар Захава, рэктар вучылішча, вучань і паслядоўнік Вахтангава, вёў курс рэжысуры, уважліва сачыў за творчым ростам сваіх выхаванцаў, не прапусціў ніводнай іх пастаноўкі. Звярнуў увагу і на маладога рэжысёра з Беларусі. Вельмі яму спадабаліся ўрыўкі з яго дыпломнай работы “Людзі на балоце” паводле рамана I.Мележа, а таксама выкананне ім ролі Прысыпкіна ў спектаклі “Клоп” па п’есе У.Маякоўскага. Барыса Яўгеньевіча цікавіла ўсё да самых драбніц, нават тое, як вырашаюцца самыя будзённыя пытанні народнага тэатра: “А як у вас справы з асвятленнем, касцюмамі? Хто майструе дэкарацыі?” Адзінадушна кампетэнтным журы быў прыняты дыпломны спектакль Міхася Коласа. Сваёй рукой выпісаў яму рэктар дыплом рэжысёра драмы і сказаў: “Няхай будзе для Беларусі гэты самародак з дыпломам рэжысёра-прафесіянала”.
За час навучання Міхаіла Коласа ў Шчукінскім вучылішчы рэпертуар Мазырскага народнага тэатра значна ўзбагаціўся за кошт лепшых твораў беларускай драматургіі. Аднавілі і перапрацавалі спектакль “Канчане – суседзі мае” па п’есе І.Козела, адбылася прэм’ера “Партызан” К.Крапівы, шэрагу казак для дзяцей, пастаноўка спектакля “Людзі на балоце” па раману І.Мележа.
М.Колас з самага пачатку імкнуўся спалучыць місію рэжысёра з акцёрскай дзейнасцю, бо не мог не іграць. Яго Сымон у “Раскіданым гняздзе” вельмі імпануе характару самога выканаўцы: адкрытаму, рашучаму, нястрымнаму ў дасягненні пастаўленай мэты. “Мой жа ты братачка родны! Горды, непакорны чалавек з цябе выйшаў. Птушкаю-арлом лятаць бы табе ў паднябессі, шкада толькі – крылаў не дадзена табе, сокал ты мой яснавокі,” – гаворыць пра яго Зоська.
Даніла Дрыль у “Партызанах” К.Крапівы – своеасаблівы працяг лініі характару Сымона. Бунтарскі дух Сымонавай натуры нібыта знаходзіць выйсце ў абдуманай, мэтанакіраванай барацьбе камандзіра партызанскага атрада, які кожны свой ваенны манеўр вывярае з дзейнасцю Чырвонай Арміі. У спектаклі “Людзі на балоце” ён сыграў ролю Васіля. Сыграў бліскуча. За знешняй такой натуральнай, амаль дзіцячай непасрэднасцю яго героя – цэлая бура чалавечых пачуццяў, адчаю, няздзейсненых мар i спадзяванняў. Упартасць, з якой змагаецца Васіль за лепшы кавалак зямлі, – упартасць чалавека, які не ўяўляе сябе без зямлі і які цвёрда перакананы, што потам сваім, гаротнай сіроцкай доляй сваёй ён заслужыў гэты кавалак. “Кеб з таго кавалка, што каля цагельні, дасталося. То б надзел буў!.. Мёду прадаў бы, насення купіў адборнага. Пабачылі б!” – выказвае ён сваю запаветную мару Ганне. Беражліва, з пачуццём глыбокага разумення сялянскай душы нясе Колас-акцёр на суд гледача душэўную драму Васіля, уласніцкая сутнасць якога пераборвае ўсё тое юначае, узнёслае, што запаліла ў ім каханне да Ганны, і нараджае неадольную прагу выбіцца з “галоты дзіравай” у заможнага гаспадара.
Прыязджаў у Мазыр на прэм’еру Іван Паўлавіч Мележ. Быў прыемна ўзрушаны, усхваляваны. “Мне здалося, што я сустрэўся сягоння не з самадзейнымі артыстамі, а з сапраўд-нымі куранёўцамі – сваімі землякамі, сярод якіх правёў сваё дзяцінства”, – сказаў пісьменнік.
Неўзабаве ў “Літаратуру і мастацтва” прыйшло пісьмо маскоўскага рэжысёра: “Я нават не магла ўявіць, што ўражанне ад убачанага мною спектакля трэба будзе вызначаць словам “незабыўнае”. “Спектакля я не ўяўляў без народнасці – стыхійнай, спрадвечнай. А гэтага можна было дасягнуць толькі работай, часам пакутліва цяжкай і заўсёды настойлівай. І не толькі інтуіцыя, як гаворыцца, азарэнне, не проста пад-гледжанае ў прыроды і жыцця, – а пераасэнсаванае, выпрацаванае, прапушчанае праз думку, душу, нервы…” – скажа потым пра свой спектакль М.Колас.
Тэатр упэўнена ішоў па шляху, пракладзеным “Раскіданым гняздом”. Ім створана своеасаблівая сцэнічная эпапея жыцця беларускага народа. Ажыццявілася пастаноўка “Трыбунала” А.Макаёнка, “Брамы неўміручасці” К.Крапівы, “Адкуль грэх” А.Петрашкевіча, “Люцікаў-кветачак” Г.Марчука і іншых драматычных твораў. Мазыране не абмяжоўваліся толькі беларускім рэпертуарам. Аб шырыні, разнастайнасці іх творчага дыяпазону сведчаць такія пастаноўкі, як “Конармія” I.Бабеля, “Краіна Айгуль” М.Карыма, “Праўда – добра, а шчасце – лепш” А.Астроўскага, шматлікія спектаклі для дзяцей і падлеткаў. І ў кожным з іх – водбліск душы рэжысёра і акцёраў, творчай індывідуальнасці, грамадзянскай пазіцыі, мастацкага густу і тэмпераменту.
Мала любіць сваю справу і добрасумленна выконваць яе. Важна ўсвядоміць яе значнасць. Іменна гэтае ўсведамленне і дапамагала Коласу як рэжысёру не збіцца на шэрасць, пазбавіцца ад дробных, склееных наспех спектакляў. Іменна гэтае пачуццё кіравала ім, калі ў час работы над “Раскіданым гняздом” ён едзе ў Віцебск, каб параіцца з коласаўцамі наконт музычнага афармлення, клапоціцца аб стварэнні аркестра народных інструментаў, які б суправаджаў спектакль, калі ў час пастаноўкі “Паўлінкі” і “Людзей на балоце” ўключае ў масавыя сцэны лепшыя фальклорна-этнаграфічныя ансамблі горада, калі ў перыяд работы над “Краінай Айгуль” едзе ў далёкую Уфу, каб сустрэцца з народным паэтам Мустаем Карымам – аўтарам п’есы, каб бліжэй адчуць, зразумець характар, культуру, звычаі башкірскага народа.
“Навучыць ставіць спектакль ніхто не можа. Кожная п’еса – гэта новы замок, да якога трэба знайсці ключ. Бывае так, што спектакль здадзены, а замок так і застаўся адкрытым, і артысты, як тыя каларадскія жукі, сядзяць на яго паверхні. Пошук гэтага ключа трэба пачынаць з рэпертуару,” – гаворыць Міхаіл Яўхімавіч. І працягвае з уласцівым яму запалам, эмацыянальнасцю: “Купалаўская драматургія – матэрыял вечны. У яе прастаце – усё геніяльна. Бо ў Купалы за кожным словам, рухам героя – усё жыццё. Здавалася б, звычайная сітуацыя: жонка лае Пранцыся за тое, што пра шапку забыўся. Той адказвае: “А баба нашто? Каб за ўсім гля-дзела”. І тут я раптам зразумеў Пранцыся абсалютна. Ён – тыповая фігура беларуса, якая і цяпер не перавялася. Пранцысь ніводнага свайго кроку не ўяўляе без жонкі, прывык да гэтага так, што і пры любой няўдачы, не задумваючыся, ёсць на каго спаслацца. Або што значаць словы Крыніцкага ў фінале “Паўлінкі”: “Дзве дзюркі ў носе і сканчылося?” Усё. Скончылася яго мара выбіцца ў багатыя. Сцяпан жа гатоў быў звязваць Паўлінку, каб аддаць за Быкоўскага. Хаця гэта не шкодзіць яму пасля вышвырнуць таго са сваёй хаты. Таму і фінал купалаўскай “Паўлінкі” я не дазволіў сабе сапсаваць, перарабіць на іншы лад. Я шчаслівы, што на пачатку сваёй працы неяк інтуітыўна пацягнула мяне да Купалы. На такім матэрыяле цяжка звіхнуцца, бо яго жыццёвасць і рэалізм пазбаўляюць магчымасці круцеліць і выпендрывацца. Пасля яго ў кожнай п’есе шукаеш вытокі пераканаўчасці, непадробнай праўды”.
Неўміручая купалаўская “Паўлінка” ў рэжысёрскай інтэрпрэтацыі Міхася Коласа набыла сваю асаблівую непаўторнасць і хараство. Ён аздобіў яе вянком цікавых мастацкіх знаходак, дзякуючы якім увесь спектакль і вобраз галоўнай гераіні набываюць глыбокі сімвалічны сэнс.
Гучыць чароўная, да болю знаёмая мелодыя “Спадчыны”. Нібыта з карагоду дзяўчатак, светлавалосых сялянак-канапляначак, выходзіць Паўлінка. Яна, на першы погляд, такая ж, як і ўсе. У ёй увасоблены рысы звычайнай сялянскай дзяўчыны. Сакатуха, весялуха, дасціпная, паслухмяная, уважлівая да людзей. Але чаму ў яе хапае адвагі ісці наперакор бацькам? Яе весялосць і дасціпнасць змяняюцца на гнеў, пратэст, калі справа датычыць яе кахання, яе чалавечай годнасці, якую хочуць прынізіць, затаптаць. “Няхай сабе будзе, што мае быць, а я свайго-такі даб’юся… або згіну, каб і следу не засталося!” Яна – дзіця новага часу, бо калі не розумам, дык сэрцам адчувае яго свежы подых, аздараўляючую сілу. Вось чаму рашуча парывае са старымі, струхлелымі парадкамі жыцця. Яна – сімвал новай, вольнай Беларусі.
Падае Паўлінка ў непрытомнасці на зямлю, даведаўшыся аб арышце Якіма… Як раптам над ёй схіляюцца рукі з вяночкамі, родная мелодыя гучыць над ёй, і нібы нейкая невядомая сіла яе паднімае. Гордая, мужная, непакорная, ідзе яна ў сваю будучыню.
Гэты спектакль, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння народных песняроў Янкі Купалы і Якуба Коласа, стаў лаўрэатам рэспубліканскага фестывалю.
15 верасня 2015 года Міхаілу Яўхімавічу Коласу споўнілася 80 гадоў. Каля трыццаці з іх ён кіраваў Мазырскім тэатрам. З яго прыходам дзейнасць тэатра набыла акрэсленасць і мэтанакіраванасць. Радзіма высока ацаніла яго творчую працу. Міхаілу Яўхімавічу прысвоена званне заслужанага работніка культуры БССР, Мазырскі народны тэатр – пераможца шматлікіх конкурсаў і тэатральных фестываляў – быў шырока вядомы ў рэспубліцы і за яе межамі.
Як шкада, што чарнобыльская бяда параскідала па беламу свету тысячы беларускіх сыноў і дачок. Міхаіл Яўхі-мавіч цяпер жыве з сям’ёй у горадзе Калязіне Цвярской вобласці, дзе таксама стварыў народны тэатр. Бо для яго тэатр заўсёды застаецца болем і радасцю, святлом яго душы, яго святыняй.
Хочацца завяршыць гэты нарыс сваiм вершам, прысвечаным нашаму выдатнаму земляку:
Mixaл Яўхiмавiч, маэстра Колас,
Як люба нам пачуць Ваш зычны голас!
Як радасна пацiснуць Вашы pyкi,
Сустрэцца пасля доўгае разлукi.
Жыхар Pacii – Вы заўсёды з нaмi.
З бацькоўскiмi мaгiлaмi, крыжамi.
З палескай старажытнаю зямлёю
З’яднаны Вы ўсёй сутнасцю сваёю.
Ваш талент рэжысёрскi i акцёрскi
Узрос на нiве беларускай вёскi.
Пра самародка з лельчыцкiх загонаў
Kaзaлi Талiн i Масква натхнёна.
Ў вяночку васiльковым задуменна
Паўстала наша з Baмi Мельпамена.
У свiтах тканых, вышытых кашулях
Мацней мы мову, Беларусь адчулi.
Купалаўскай дзiвоснай пecнi ciлa
Заваражыла нас i акрылiла.
Дух паляшуцкi мележаўскай прозы
Нас параднiў – такiх нястрымных, розных.
Мустай Карым i Бабель, i Астроўскi
Гучалi ў цixix вёсках прыдняпроўскiх.
Мы неслi па-над Прыпяццю, Гарынню
На сцэну свет рэальны i былiнны.
Мы бачылi, як зixaцeлi вочы
Палешукоў-сялян у змроку ночы.
Наш строгi рэжысёр такiм лагодным,
Узнёслым быў пасля спектакляў годных.
Як шчыраваў, ахвяраваў сабою!
Каб стаў тэатр для кожнага сям’ёю
Патрабавальнай, працавiтай, дружнай,
Дзе ў працы загартоўвалася б мужнасць,
Дзе гаспадыняй стала б дысцыплiна,
Дзе думка творчая жыла б няспынна…
Жывi, тэатр, асвечаны крывёю
Фанатаў з апантанаю душою.
Мазыр, край родны, нiзка пакланiся
Таму, хто вёў нас да парнаскiх высяў!
Галіна ДАШКЕВІЧ.
Цікавы і грунтоўны артыкул, больш бы такіх. Дзякуй аўтару.