Наталля Руднiк, настаўніца Козенскай СШ: «Родная мова! З табой я наяве i ўсне…»

Наталья РудникСёння, паважаныя чытачы, мы прапануем вам інтэрв’ю з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры вышэйшай катэгорыі Козенскай сярэдняй школы Наталляй Сяргееўнай РУДНІК.

Нельга не зацікавіцца творчымі напрацоўкамі настаўніцы. Цікава, як яна дабіваецца поспехаў у сваёй працы. Як знаходзіць падыход да вучняў, каб яны працавалі на ўроках творча. Як наладжвае кантакт з бацькамі. Як супрацоўнічае з адміністрацыяй школы, з калегамі.

ПРА ВЫБАР ПРАФЕСІІ

– На маім жыццёвым шляху сустракаюцца добрыя, светлыя, сонечныя людзі. І нельга забыцца пра цікавыя ўрокі беларускай мовы і літаратуры Людмілы Міканораўны Тугай, якія заўсёды мяне зачароўвалі, і я паступова зразумела, што жадаю ісці па жыцці і дарыць хараство роднай мовы дзецям. Я ўшаноў-ваю спадчыну, сэрцам аберагаю мову маці і бацькі, рада таму, што мае вучні з цікавасцю ідуць на ўрокі, і ўпэўнена, што некаторыя з іх прадоўжаць мой прафесійны шлях. Ад гэтага хочацца жыць, працаваць і ўслаўляць родную мову.

АБ РОДНАЙ МОВЕ

– Родная мова! Так хочацца, каб для цябе знайшлося крыху больш гадзін у школьнай праграме. Задумайцеся толькі: сёння, напрыклад, у 7 класе ў першым паўгоддзі – 1 гадзіна беларускай літаратуры, у другім – 2 . У 8 класе ў першым паўгоддзі – 2, у другім – 1. Пага-дзіцеся, што гэта вельмі мала! Так не павінна быць! Я практык, кожны дзень працую з дзецьмі. Ісці наперадзе павінен кожны настаўнік. І калі на твае прапановы, пытанні ў вучняў з’яўляецца жаданне гаварыць на роднай мове, калі ім хочацца знаёміцца з творамі беларускай класікі – значыць, мой накірунак для іх зразумелы. І яны, я веру, будуць прадаўжальнікамі маіх мар.

Вучні самі пішуць на роднай мове, і гэта шчасце,калі чуеш: «Куды нi паеду,  дадому вярнуся, бо вабіць бацькоўскі парог…»

Лічу, што гэта зямное прыцяжэнне ўжо зарадзіла ў сэрцы вучня нябачную нітачку пажыццёвай сувязі з родным домам, з родным словам. Значыць, наша праца дае жаданы плён.

З асалодай, з душэўным задавальненнем азіраюся, калі чую размову на роднай мове ў паўсядзённым жыцці. Наша роднае слова – гэта наш гонар, наша культура, наша спадчына. Рада, што ў дзіцячым садку надаецца вялікая ўвага роднаму слову. Дзеткі на занятках вывучаюць вершы на беларускай мове і артыстычна дэкламуюць іх. Прыходзяць дадому і кажуць: «Добры вечар, дзякуй, калі ласка, дабранач». Усё пачынаецца з дзяцінства. І нам, настаўнікам роднай мовы і літаратуры, лягчэй узрасціць зярнятка павагі да роднага слова. Так, у Козенскай сярэдняй школе надзяляецца вялікая ўвага факультатыўным заняткам на роднай мове. На дадатковыя сустрэчы з родным словам прыхо-дзяць вучні, якія ўзнёсла мараць пра літаратурнае майстэрства і радуюць сваімі напрацоўкамі.

ПРА ЖЫЦЦЁ Ў ІНТЭРНЭЦЕ

– Я лічу, што камп’ютар і інтэрнэт уздзейнічаюць на нашых дзяцей негатыўна. Перш за ўсё, таму, што яны не ўмеюць карыстацца гэтым цудам сучаснасці сабе на карысць. Сеткі інтэрнэта зацягваюць паспяхова, але паспяховасць вучняў рэзка падае. І задача ўсіх настаўнікаў у тым і заключаецца, каб нашы ўрокі не ўступалі інфармацыі з інтэрнэта, а былі на пэўным узроўні, каб вучні атрымлівалі творчыя заданні,спраўляліся з імі самастойна,а калі спа-трэбіцца, то выкарыстоўвалі сучасныя алгарытмы. Лічу, што настаўнік будзе заваёўваць сэрцы, увагу і падымаць свой аўтарытэт, калі ён сам не тлее, а гарыць. Хацелася б, каб трохвугольнік бацькі–вучні–настаўнікі працаваў у адзінстве. Толькі бацькі могуць прасачыць за рэжымам дня свайго нашчадка. Калі вучань адпачыў, падсілкаваўся і падрыхтаваў урокі, ён узнёслы, узрушаны,бо хоча паказаць веды і атрымаць узнагароду, якая яго не заставіць доўга чакаць. Кожны настаўнік радуецца дастойнаму адказу, а гэта значыць, што высокі бал вучню забяспечаны. Калі ў сям’і няма клапатлівага нагляду, то сама стараюся падтрымліваць такіх дзяцей.

АБ НАШЫХ ВУЧНЯХ

– Нашы дзеці – гэта сельскія школьнікі. Аднак Козенкі знаходзяцца побач з горадам, таму нейкіх асаблівых адрозненняў паміж нашай і гарадской школай практычна няма. Больш за тое, нашы выхаванцы ўдзельнічаюць у самых розных конкурсах, перамагаюць, заваёўваюць дыпломы. І мы, настаўнікі, вядома, гэтым ганарымся.

Класы Козенскай сярэдняй школы мала чым адрозніваюцца ад напаўняльнасці гарадскіх школ. Напрыклад, у класе, дзе я з’яўляюся класным кіраўніком, 27 чалавек. Пагадзіцеся, гэта клас гарадской школы. У нас вялікі аграгарадок, які знаходзіцца практычна ў крокавай даступнасці ад горада.

Дзеці ў нас вельмі актыўныя, цікавыя і працавітыя. Калі нейкае зацішша надыходзіць, і на працягу тыдня няма конкурсаў, вучні з на-дзеяй цікавяцца, калі можна будзе прыняць удзел у якім-небудзь мерапрыемстве. Мяне радуе такое стаўленне дзяцей да школьнага жыцця, цікава працаваць з актыўнымі дзецьмі, таму што я сама заўсёды прытрымлівалася актыўнай пазіцыі ва ўсім. Навучэнцы нашай школы прымаюць удзел у самых розных конкурсах. Так, напрыклад, мы з’яўляемся пастаяннымі ўдзельнікамі конкурсу літаратурных работ, у якім два гады запар займаем I месца: Анастасія Аляксеева – намінацыя «Паэзія», Паліна Захарчанка – намінацыя «Публіцыстыка». Гэта вельмі творчыя дзяўчынкі, з якімі ў нас было па 10-15 перамог у год.

Антон Карась удзельнічаў у міжнародным інтэрнэт-праекце, рэспубліканскім конкурсе творчых работ «Людзі і словы», які праходзіў у БДУ. Хлопчык напісаў выдатнае эсэ «Пра што я б спытаў…». Таксама мы прымалі ўдзел у рэспубліканскім конкурсе «Мая мова, мая культура, я», у намінацыі на лепшае эсэ «Я нарадзіўся тут» зноў быў адзначаны нарыс Антона. А яго работа «Ніколі не забудзем: унукі аб вайне» стала пераможцай на абласным этапе. Валерыя Пракапенка толькі ў гэтым годзе заваявала два дыпломы. Прыемна, што навучэнцы нашай школы паказваюць выдатныя вынікі. Я вельмі ганаруся нашымі дзецьмі!

ПРА СУЧАСНАГА НАСТАЎНІКА І ЯГО АЎТАРЫТЭТ

– Лічу, што кожны настаўнік проста абавязаны пастаянна працаваць над сабой: выкарыстоўваць у працы вучэбна-метадычныя комплексы, валодаць інфармацыйнымі тэхналогіямі. Адным словам, ісці ў нагу з часам, не стаяць на месцы. Гэта вельмі важна! А яшчэ трэба любіць дзяцей. Шчырай любоўю, бо дзеці вельмі востра адчуваюць фальш. Шанаваць кожнае іх намаганне, радавацца кожнаму поспеху…

Адчуваю,што ў той сям’і, дзе павага да чорнага хлеба, раллі, спелых зярнятак, там і павага да роднага слова, свайго радавода. Значыць, роднаму слову жыць праз вякі…

Сістэмнасць работы, творчы ўздым, абдуманасць у прыняцці рашэнняў, індывідуальны падыход да калег і вучняў – асноўныя накірункі працы адміністрацыі Козенскай сярэдняй школы. Дастойным кіраў-ніком школы з’яўляецца Святлана Віктараўна Шалкоўніка- ва. Яна ўзначальвае школу больш за 5 гадоў. І кожны год наш калектыў працуе творча, дае плённыя вынікі і стаіць у адным радзе са школамі горада Мазыра. Хочацца адзначыць станоўчыя якасці характару Святланы Віктараўны: прафесіяналізм, прынцыповасць, патрабавальнасць, уважлівасць, назіральнасць.

Працаваць у суполцы заўсёды лягчэй. Добра, калі за «круглым сталом» па-сяброўску абмяркоўваюцца перадавы вопыт настаўнікаў, творчыя напрацоўкі, літаратурныя навінкі. Кіраўнік нашага метадычнага аб’яднання Святлана Міхайлаўна Дубень працуе з уздымам і дае накірунак усім нам, настаўнікам беларускай мовы.

Паўтаруся, у нашай школе выдатны педагагічны калектыў: разумныя адказныя прафесіяналы сваёй справы, якія заўсёды гатовыя прыйсці на выручку сваім калегам і выхаванцам. Я ганаруся тым, што працую ў такой школе!

МАЕ ПАЖАДАННІ

– Заўсёды стараюся ставіцца да людзей так, як хацела б, каб ставіліся да мяне. У нас у жыцці і так шмат негатыву, таму я стараюся рабіць дабро тым, хто побач. Не ведаю, наколькі гэта ў мяне атрым-ліваецца, але, тым не менш, маральныя прынцыпы для мяне першаступенныя.

Бацькам хочацца пажадаць шчыра любіць сваіх дзяцей. Калі дзіця любяць ў сям’і,калі бацькі цікавяцца яго жыццём, яно прыходзіць у школу падрыхтаваным і спакойным, адэкватна ўспрымае парады настаўніка. Больш праводзьце часу з дзецьмі. І не проста седзячы перад тэлевізарам. Разважайце разам, размаўляйце на самыя розныя тэмы, дзяліцеся з сынам або дачкой сваімі ўражаннямі – гэта вельмі збліжае.

Дзецям хацелася б перш за ўсё пажадаць моцнага зда-роўя. Гэта пажаданне з кожным годам, на жаль, становіц-ца ўсё больш актуальным. Як бацькі, так і настаўнікі павінны сачыць за здароўем школьнікаў, арганізаваць ім рэжым дня, рэжым харчавання, спартыўныя нагрузкі.

Нам, дарослым, неабходна разумець: тое, што мы сёння ўкладваем у нашых дзяцей, – гэта гарантыя нашай будучыні, нашага дабрабыту ў старасці. Сёння няпросты час. Многія бацькі заклапочаны вырашэннем жыццёвых праблем, тым, як зарабіць больш грошай. У гэтым кругавароце дзеці часта застаюцца адны, пра іх забываюць. Але гэта няправільна. Дзеці заўсёды павінны мець шчаслівае дзяцінства.

Юлія ПРАШКОВІЧ

Фота аўтара