Сняцца мацi сыны…

Сафія Дзмітрыеўна БАРАНОЎСКАЯ прахапілася ад трывожнага сну. Хоць на двары яшчэ толькі займаўся золак, але ж больш самкнуць вачэй ёй так і не ўдалося. Жанчына сніла буран, які наляцеў раптоўна, пазрываў дахі дамоў і прама перад ёю, нібы запалку, напапалам пераламаў малады дубочак. Праз хвіліну выбліснула сонейка, зайграла рознакаляровая вясёлка, на якой выразна з’явілася постаць яе малодшага сына: Сашка цягнуў да маці рукі і штосьці крычаў, але ж густая заслона дажджу, нібы імклівы вадапад, імгненна раздзяліла іх. Не на момант, не на дзень, нават не на тыдзень. Назаўсёды…

«Ой ты, доля мая, доля горкая…»

Няма большага гора для матулі, як даведацца пра тое, што яе дзіцяці ўжо няма ў жывых. У гады Вялікай Айчыннай вайны амаль кожная беларуская сям’я атрымала пахавальную: хтосьці застаўся без бацькі, хтосьці – без сына… На вачах сівелі матулі, іх слязамі можна было напоўніць цэлы акіян. То была вайна…

Вестку ж аб гібелі сына Аляксандра сям’я Бараноўскіх атрымала на прыканцы мая 1981-га. На двары ва ўсю моц бушавала вясна: квітнелі сады, пялёсткавай завірухай кружыла чаромха, у палісадніку, нібы гронкамі спелага вінаграду, радавалі вока суквецці малінавага бэзу. Аднаўлялася прырода ад зімовага сну. Па зямлі, набіраючы абароты, крочыла новае жыццё. Патаемнае, нязведанае. Усё ажывала, а сэрца Сашы Бараноўскага ў гэтую прыгожую пару змоўкла навечна. «Ну чаму так?» — зноў і зноў задавала сабе пытанне жанчына і не знаходзіла адказу. У лютым яе сыну споўнілася толькі дваццаць! У роспачы і адчаі галасіла матуліна сэрца. І, нібы той дождж, які не раз бачыўся ў снах, ліліся слёзы…

…Добрым хлопцам рос Саша, перабіраючы фота-здымкі, нібы размаўляла з сынам маці. Вось тут ён — школьнік, радуецца, што стаў піянерам. А вось тут — ужо камсамолец! І на яго за-клапочаным твары відаць зусім не дзіцячую сур’ёзнасць. Вучыўся добра. Дапамагаў бацькам па гаспадарцы, сябраваў з фізкультурай, рыхтаваўся да службы ва Узброеных Сілах. Калі ж прыйшоў час, прысягнуў на вернасць Радзіме. Служыць яму выпала ва Усурыйску на савецка-кітайскай граніцы. Дамоў пісаў кароткія, але цёплыя лісты, дзе расказваў пра армейскія будні, напоўненыя вайсковымі клопатамі. За паўгода да дэмабілі-зацыі вельмі парадаваў бацькоў кароткачасовым водпускам, які атрымаў за добрасумленную службу. Каб больш пабыць з блізкімі і не траціць цэлы тыдзень на дарогу, нібы птушка, ляцеў дамоў самалётам, а ўжо з Кіева ехаў на таксі. Дні сярод родных людзей праляцелі, як адно імгненне. Потым ён вярнуўся даслужваць у сваю вайсковую часць. Зноў у Мазыр з далёкага Усурыйска ляцелі паштоўкі з прывітаннямі ад сына, лагодзячымі і саграваючымі матуліна сэрца, у якім між тым чамусьці пасялілася трывога. Недарэмна кажуць: «Сэрца маці не падманеш…» Яно хоць і не скажа, але адчуе бяду. Так і выйшла. Горкая вестка ў дом Бараноўскіх пастукалася майскай раніцай. Служачыя райваенкамата, даведаўшыся ў Сафіі Дзмітрыеўны, што гаспадара дома няма, не адважыліся сказаць маці пра непамерную страту. Паперку аб тым, што «сяржант Аляксандр Уладзіміравіч Бараноўскі, які праходзіў службу ў в/ч 47094, загінуў пры выкананні службовых абавязкаў 29 мая 1981 года», вайскоўцы ўручылі бацьку. Хоць і быў Уладзімір Аляксеевіч мужчынам дужым, але ад такіх навін неяк імгненна пасівеў, асунуўся і нават пастарэў год на 10. Дзесьці праз тыдзень Саша з дапамогай бацькі і старэйшага брата вярнуўся на Мазыршчыну цяжкім «грузам-200», каб знайсці свой вечны пакой на роднай зямлі…

Вясной расцвітае за лісточкам лісток, маці лічыць дзянёчкі, калі прый-дзе сынок. Пяцьдзясят год мінула, як дубочак расце, а сыночка не відна, а сыночак не йдзе…

София Барановская

 Бяда не ходзіць адна

Зноў, як жывыя, на Сафію Дзмітрыеўну сёння глядзяць муж і яе любыя сыночкі з сямейных фотаздымкаў. Жанчына, кожны раз перабіраючы іх, не стрымлівае слёз. Тры моцныя ўдары, нібы злыя кулі, пранізалі яе сэрца, пакінуўшы незагойныя раны. Хоць сынок Саша за-гінуў у мірны час, праходзячы ваенную службу, але ж хто ведае, што там здарылася: вучэнне, няшчасны выпадак… Усе пытанні засталіся без адказу. Пасля гібелі сына здароўе Уладзіміра Аляксеевіча значна пагоршылася. Усугубіліся ўсе хваробы. Да гэтага ж ён быў добры гаспадар, на ўсе рукі майстар. Шмат гадоў адпрацаваў шафёрам спачатку на КамАЗе ў ГАПе, а потым, калі падхапіў бранхіяльную асму, вазіў малако з сельгасгаспадарак на гармалзавод. Нямнога адпусціў Гасподзь вёсен і зім Валодзю. Ён пакінуў гэты свет  праз 5 гадоў пасля смерці сына.

Для Сафіі Дзмітрыеўны лёс жа гатаваў новае выпрабаванне, прадыктаванае часам. Аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі прынесла шмат бяды беларусам. У ліквідацыі яе вынiкаў давялося ўдзельнічаць і старэйшаму сыну С.Дз.Бараноўскай: Сяргей на працягу некалькіх месяцаў працаваў вадзіцелем у 30-кіламетровай зоне каля чацвёртага энергаблока. Атрыманая вялікая доза радыяцыі зрабіла сваю справу: стан здароўя сына пагаршаўся год ад году. Спачатку яму была пастаўлена трэцяя група інваліднасці, потым другая і неўзабаве – першая. На год раней ад анкалагічнага захворвання памерла яго жонка Тамара. Хоць сыны добра клапаціліся аб бацьку, але ж паміраць яму (на 53-м годзе жыцця) давялося на руках маці…

Нягледзячы на тое, што жыццё родных людзей абарвалася шмат гадоў таму, сэрца маці ніяк не можа прымірыцца з гэтым болем. Яно кахае вечна і памятае… Усё, да дробязей. Але ж, вядома, што ні аднаго з тых, хто ахвяраваў сваім жыццём дзеля патрэбнай справы, вайсковага подзвігу, слёзы не паднялі…

Матуліна сэрца, як тая дрыгва, не мае спакою, пульсуе пад грудзі, трымціць і хвалюецца, знаць, нездарма, яно адчувае не так, як ўсе людзі. Запаліць у хатнім акенцы святло, чакае заўсёды, гадзіннікам б’ецца, ратуе малітваю думак і слоў, ангел-ахоўнік — матуліна сэрца!..

Дзе ж яно, гэтае жаночае сэрца, загартоўвала свае лепшыя чалавечыя якасці? Адкуль чэрпала мужнасць, вынаходлівасць і рызыку, любоў і дабрыню, цеплыню, пяшчоту і мудрасць?..

 Выпрабаванне вайной

Сафія Дзмітрыеўна, перабіраючы сюжэты свайго нялёгкага лёсу, раптам думкамі апынулася ў далёкім даваенным дзяцінстве на сваёй малой радзіме. У вёскі Роза Люксембург, што ў Ельскім раёне, была надзвычай цікавая біяграфія: паводле гісторыі, там у ХІХ стагоддзі з’явіліся першыя нямецкія калоніі-пасяленні. Сафіі давялося расці сярод нямецкіх дзяцей, сяброўства з якімі паспрыяла добраму вывучэнню замежнай мовы.

Калі ж Ельшчына аказалася пад акупацыяй ворага, веданне нямецкай мовы літаральна неаднаразова станавілася выратаваннем не толькі для самой дзяўчынкі, але і ўсёй сям’і. Дзякуючы гэтаму немцы не забілі бацьку і не вывелі з двара адзіную карову-карміцельку. Пазней сярод салдат фюрэра знайшоўся і такі чалавек, які накарміў малую Сафійку з братамі, а таксама даў парашкі, каб справіцца з запаленнем лёгкіх…

Колькі памятае сябе Сафія Дзмітрыеўна, з дзяцінства чамусьці ёй не было ўласціва пачуццё жаху. Мусіць, сам Гасподзь абараняў яе ў крытычныя моманты, калі яна неаднаразова магла загінуць… Відаць, ёй было наканавана выжыць, загартаваць сваё сэрца, волю, характар, каб потым ісці па дарозе жыцця і не згінацца ні перад якімі цяжкасцямі, пераадольваць любыя выпрабаванні, мужна перажываць гора-бяду.

Гэтых выпрабаванняў дзяўчыне хапіла з ліхвой, пакуль расла, вучылася. Не менш іх было і на працягу дарослага, потым сямейнага жыцця. У роднай вёсцы скончыла 7 класаў. За прафесіяй рахункавода падалася ў Славечна, дзе сустрэла свайго будучага мужа. Сямейнае жыццё з Валодзем пачыналася на чужой кватэры. Не ў раскошы падымалі сыноў-пагодкаў. Крыху пазней сям’я павялічылася яшчэ на аднаго сыночка-дубочка. Дзякуй Богу, хлопцы раслі моцнымі, працавітымі, добрымі і здатнымі да любой работы. Пакуль бацькі на калгасных палетках працавалі, усе справы па гаспадарцы лажыліся на іх дзіцячыя плечы. У 10-11 гадоў Сяргей з Аляксеем спраўна хадзілі за плугам, зграбалі сена і вяршылі стагі. Вельмі радаваліся, калі свой першы веласіпед адзін на дваіх купілі на ўласныя заробкі. Хоць былі пагодкі, але ў школу разам пайшлі і ў арміі адслужылі. Сцежкі братоў разыйшліся толькі тады, калі пажаніліся. Сяргей спачатку жыў у Брэсце, потым вярнуўся ў Мазыр, а Аляксей некалькі разоў выязджаў на работу ў Манголію. Шмат сіл уклалі Бараноўскія ў будоўлю свайго жылля, якое ў рэшце рэшт памянялі на Мазыр. Тут Сафія Дзмітрыеўна на розных пасадах больш трыццаці гадоў аддала працоўнай дзейнасці ў галіне грамадскага харчавання. Цяжкасці загартоўвалі, а гора выпрабоўвала на трываласць…

 Выратаванне песняй

Пасля выпрабаванага і перажытага адзінай надзеяй, заступнікам і памочнікам для маці застаўся сын Аляксей. Некалькі раз на дзень у тэлефоннай трубцы на другім канцы провада чуваць яго голас і самыя простыя пытанні: «Як ты, мама? У цябе ўсё добра?..» Гэтыя словы для маці самыя дарагія. А калі ж сын забягае на хвілінку-другую, то яна клапоціцца, каб пачаставаць яго нейкімі прысмакамі.

Кажуць, што раны залечвае час. Але ж Сафія Дзмітрыеўна лічыць, што яшчэ і песня. Прырода на-дзяліла яе добрым голасам, вакальнымі дадзенымі, якія аднойчы заўважыла кіраўнік народнага ансамбля народнай песні «Залаты ўзрост» Ірына Мандрык і запрасіла ў калектыў, у рэпертуары якога заўсёды прысутнічаюць народныя песнi на розную тэматыку: пра няўдалае замужжа, горкую жаночую долю, страчаных сыноў і інш. Такія песні Сафія Дзмітрыеўна спявала заўсёды не голасам — душой, прапускаючы боль праз сваё сэрца. У зломаных «маладых дубочках» бачыла лёсы сваіх сыноў, а па словах песень пра жаночую долю праследжвала свой лёс, сваё жыццё, якое ўдалым наўрад ці можна назваць. Але ж, па вялікаму рахунку, яна шчаслівы чалавек, таму што да вяршыні восьмага дзесятка свайго жыцця (будзе 25 снежня) прыйшла з багатымі здабыткамі: у яе пяцёра ўнукаў (2 унучкі і 3 унукі), восем праўнукаў і нават адна прапраўнучка, якой нездарма дадзена прыгожае імя Зарана. Бабуля лічыць, што гэтая дзяўчынка – маленькая, але яркая зорачка моцнай веры, надзеі і любові, якая не толькі акрыліць і падтрымае яе на жыццёвым шляху, але і далей будзе саграваць цеплынёй сямейнага ачага ўсіх яе блізкіх.

Ну вось і наступіў яшчэ адзін новы дзень. «Госпадзі, — прашаптала жанчына, — хай жа будзе ён добрым!» Мусіць, сон напомніў пра тое, што заўтра памінальная бацькоўская субота, падумала Сафія Дзмітрыеўна. Гэта значыць, што яна пойдзе ў храм, каб запаліць свечкі за ўпакой родных душ, а потым адправіцца да помнікаў, каб ускласці кветкі і пагаварыць з сынамі…

Зрасеў на золаку граніт, заззяў на сонцы зыркім промнем. Для сэрца маці, як магніт, яе сыноў вячысты помнік. Сыны задумліва маўчаць, граніт у голас не гаворыць. Не кроплі рос на ім блішчаць, а слёзы матчынага гора.

 Наталля КАНОПЛІЧ,
 фота аўтара