Вiншаванне бiскупа Пiнскага Антонiя Дзям’янкi на святкаваннi Божага Нараджэння i Новага 2016 года

Антони ДзямьянкаУмілаваныя ў Хрысце Пану!

Сардэчна віншую вас са Святам Божага Нараджэння i Новым 2016 годам. Па волі Святога Айца Францішка надыходзячы год будзем перажываць як Юбілейны Год Міласэрнасці з заклікам: Міласэрныя, як Айцец. Юбілейная праграма года Міласэрнасці дае магчымасць кожнаму верніку па-новаму адчуць на сабе позірк Міласэрнага Айца, які клапоціцца аб кожным чалавеку на зямлі, каб ён меў добрую фізічную i духоўную форму. Духоўнае ўзбагачэнне ў нашай дыяцэзіі будзе адбывацца ў 7 юбілейных святынях: Катэдральным касцёле ў Пінску, касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гомелі, касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце, касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах, касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Бярозе, санктуарыі Маці Божай Каралевы Палесся ў Лагішыне, санктуарыі Святога Андрэя Баболі ў Іванаве Палескім. У гэтых святынях (стацыйных касцёлах) вернікі з пералічаных мясцовасцей i з суседніх парафій, а таксама пілігрымы могуць атрымаць дары i ласкі праз паслугу святароў. Заахвочваю кожнага з вас, вашых родных i блізкіх карыстацца тымi ласкамі, якія нам так неабходны тут, на зямлі, каб трапіць у абдымкі Міласэрнага Айца ў вечнасці.

Дарагія вернікі! Няхай Год Міласэрнасці стане адлікам новага часу, з якога вы пачнеце яшчэ з большай руплівасцю рабіць найважнейшыя хрысціянскія ўчынкі міласэрнасці:    малітву, пост, міласціну. Дапамагайце для душы бліжняга: настаўляйце грэшнікаў; вучыце тых, хто не ведае; райце тым, хто сумняваецца; суцяшайце засмучаных; зносьце цярпліва знявагу; даруйце ахвотна крыўду; маліцеся за жывых i памерлых. Дапамагайце i для цела бліжняга: накарміце галодных; напаіце сасмаглых; адзеньце нагіх; прыміце ў дом падарожных; адведайце хворых; суцешце вязняў; пахавайце памерлых.

Ад усяго сэрца жадаю ўсім вам сапраўднай радасці Божага Нараджэння. Няхай Новы 2016 год прынясе вам i вашым сем’ям толькі самыя добрыя навіны. Упэўнена крочце за Бэтлеемскай зоркай, каб яна дапамагла адшукаць Збаўцу i з новай моцай аддацца Яму, даверыць усе радасці i трывогі, надзеі i чаканні. Хай Божае Дзіця выпраменьвае святло, якое ўкажа сапраўдны шлях да праўды, любові i супакою.

З пастырскім благаслаўленнем,

+Антоні Дзям’янка, біскуп Пінскі,

ксёндз Тадэуш.

ксёндз Тадэуш

Мозырский костел