Вось закон на сто гадоў: пiянер заўжды гатоў!

У спартыўнай зале СШ №16 г. Мазыра было цесна ад гледачоў і ўдзельнікаў яркага, незабыўнага мерапрыемства – раённага этапа рэспубліканскага конкурсу піянерскіх каманд падтрымкі «Піянерскія іскры».

13 піянерскіх каманд адважыліся паспаборнічаць у чэрлідзінгу, які праводзіўся сярод акцябрат і піянераў ва ўзросце ад 7 да 14 гадоў у двух узроставых катэгорыях «Зорачкі» і «Іскрынкі». Конкурс быў прымеркаваны да Году культуры, прапагандаваў дзейнасць Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі, нацыянальныя сімвалы нашай краіны, здаровы лад жыцця.

Крычалкі на роднай мове, скачкі, танцы, акрабатычныя і гімнастычныя элементы, падтрымкі, а таксама банеры, таблічкі, сцяжкі, пампоны – усё гэта прысутнічала пры выступленні каманд.

У выніку кампетэнтнае журы ў намінацыі «Зорачкі» размеркавала месцы наступным чынам: I месца – піянерская дружына «Рух» СШ №9, II месца – піянерская дружына імя Ф.М.Языковіча СШ №5, III месца – піянерская дружына «Арляты» СШ №11, а ў намінацыі «Іскрынкі» I месца заваявала піянерская дружына імя М.Барысава СШ №16, II месца – піянерская дружына імя Е.Талкачова СШ №14 (на фота-здымку), III месца – піянерскія дружыны «Формула поспеху» СШ №12 і «Добрых спраў» СШ №1.

Конкурс адназначна атрымаўся! Піянерскія дружыны СШ №16 і СШ №9 будуць прадстаўляць наш горад на абласным этапе конкурсу. Шчыра жадаем ім поспеху!

Чирлидеры

Кацярына ЛІС,

член клуба «Юны журналіст» Мазырскага цэнтра

творчасці дзяцей і моладзі.

Фотаздымак аўтара.