Мы жывём у культурным горадзе
Пераважная колькасць назваў звязана з прадстаўнікамі расійскай савецкай культуры. Так, у Цэнтральным мікрараёне яшчэ ў даваенны час з’явілася вуліца А.С.Пушкіна, у пасляваенны час была тут утворана вуліца А.П.Чэхава, у Чыгуначным мікрараёне ў гэты перыяд з’явіліся вуліцы М.А. Някрасава, М.А.Астроўскага, У.У.Маякоўскага, І.С.Тургенева, у мікрараёне Усходні — вуліцы М.В.Гогаля і І.М.Талстога. Раней мы распавядалі аб гісторыі плошчы Горкага. Усе вышэй названыя асобы ўнеслі значны ўклад ў развіццё расійскай і савецкай літаратуры, добра вядомы на пастсавецкай прасторы і ў свеце.
Тут жылі першыя мазыране
Спынімся на адной з вышэй названых вуліц, таму што якраз ва ўрочышчы Кімбараўка — сучасны раён вуліцы Гогаля — з’явіліся ў бронзавым веку (ІІ — сярэдзіна І тыс. да н. э.) першыя людзі на тэрыторыі Мазыра.
У больш позні час — VIII-XI стст. — на месцы паселішча бронзавага веку ўзнікла гарадзішча, якое адносіцца да роменска-боршаўскай культуры — археалагічнай культуры славянскіх плямён, што жылі ў басейнах рэк Дзясна, Сейм, Сула, Псёл, Ворскла. Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, рыбалоўствам, бортніцтвам, рамяством.
Кімбараўскае гарадзішча размешчана на правым беразе Прыпяці на высокім мысе паміж двума ярамі на вышыні 20-25 м.
З заходняга боку захаваліся вал вышынёй да 4 м і роў глыбінёй да 3 м. За валам было вялікае паселішча, якое з усходу ад ракі паўколам ахопліваў старажытны частакол.
Падчас археалагічных даследаванняў тут былі знойдзены палова сярэбранага дырхема (манетны двор Ал-Мухамедыя 798-799 гг.), што сведчыць аб стасунках усходніх славян з краінамі Усходу, бронзавыя паясныя бляшкі, бронзавая фібула, калачападобнае крэсіва, шматлікі керамічны посуд, жалезныя нажы, дзіды і інш. Навукоўцы звяртаюць увага на тое, што ў кімбараўскім гарадзішчы адсутнічае земляробчы матэрыял і наяўнасць рэшткаў рамеснага і воінскага прызначэння. Лічыцца, што Кімбараўка была гарадзішчам-сховішчам, адміністрацыйным, гандлёва-рамесным і культурным цэнтрам, які праіснаваў да канца ХІ ст.
Справы духоўныя
У ХVІІІ ст. ў Кімбараўскім прадмесці або Анёльскай даліне з’явіліся два цысцырыянскіх кляштары (з трох, што дзейнічалі ў межах сучаснай Беларусі) — мужчынскі і жаночы. Манахі-цысцырыянцы прыйшлі ў горад у 1710-я гады, калі Антоніем Аскерка былі ахвяраваны сродкі на будаўніцтва кляштара з касцёлам, у больш позні час сродкі на яго развіццё давалі Рафаіл Алаізій і Казімір Мацей Аскерка. Кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст ІІ Моцны падараваў кляштару 50 валок зямлі, а наступны кароль — Аўгуст ІІІ — ячшэ 20 валок.
Гісторыя жаночага цысцырыянскага манастыра пачалася з будаўніцтва драўлянага храма, пры якім быў створаны кляштар па ініцыятыве караля Аўгуста ІІ і прыёра мужчынскага кляштара Б.Ражанскага. На грошы Казіміра Сапегі (30 тыс. злотых) у 1743-1745 гг. быў пабудаваны мураваны храм св. Міхаіла Арханёла.
Пры кляштарах дзейнічалі школы, дзе дзетак вучылі розным мовам, арыфметыцы ды іншым прадметам, існавалі манастырскія бібліятэкі, у якіх на пачатку ХІХ ст. налічвалася 104 (жаночы кляштар) і 850 (мужчынскі кляштар) экзэмпляраў кніг.
Калі напрыканцы ХVІІІ ст. беларускія землі трапілі ў склад Расійскай імперыі, то на пачатку царскі ўрад праводзіў даволі лаяльную палітыку ў дачыненні да касцёлу. Але пасля паўстанняў 1830-1831 гг. і 1863-1864 гг. адносіны да каталіцкай царквы сталі жорсткімі, каталіцкія храмы і кляштары зачыняліся. Такі лёс напаткаў і цысцырыянскія кляштары ў Мазыры: мужчынскі быў зачынены ў 1864 г., а ў 1888 г. — жаночы.
Як выглядала «Кімбараўка над Прыпяццю» і яе кляштары ў другой палове ХІХ в., можна даведацца з малюнкаў Напалеона Орды — мастака і кампазітара, якога сучаснікі называлі «Вялікім грамадзянінам Еўропы»… Гэтыя малюнкі ёсць у кнізе-альбоме Л. Несцярчука «Напалеон Орда. Шлях да бацькаўшчыны», што выйшла ў 2009 г. у Мінску.
На працягу ХХ ст. у будынку мужчынскага касцёлу працавала мэблевая фабрыка, і таму сёння аб мінулай велічнасці мала што ўзгадвае.
Будынкам жаночага кляштара больш пашанцавала, у розныя часы тут былі і сховішча, і інтэрнат, і спартыўная база, працавалі і іншыя ўстановы. У 1990-я гг. храм быў нанава асвячоны біскупам-кардыналам Казімірам Свёнтакам. У апошнія гады быў адноўлены інтэр’ер касцёла, прыведзены ў добры стан яго знешні выгляд. Гэта помнік архітэктуры сталага беларускага барока.
Культурны код
Вуліцы, назвы якіх былі звязаны непасрэдна з прадстаўнікамі беларускай культуры, з’явіліся ў Мазыры толькі ў перыяд хрушчоўскай «адлігі».
У 1958 г. была ўтворана вуліца Янкі Купалы (сапр. Луцэвіч Іван Дамінікавіч) — народнага паэта Беларусі, драматурга, публіцыста, перакладчыка, грамадскага дзеяча, аднаго з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і беларускай літаратурнай мовы, акадэміка АН Беларусі і АН Украіны.
Праз год, ў 1959, з’явілася вуліца, што носіць імя Якуба Коласа (сапр. Міцкевіч Канстанцін Міхайлавіч) — беларускага паэта і празаіка, драматурга і перакладчыка, акадэміка АН Беларусі, заслужанага дзеяча навук Беларусі. Абедзьве вуліцы адносяцца да Цэнтральнага мікрараёна.
У Мазыры ёсць гімназія, што носіць імя Янкі Купалы (праўда, месціцца яна па вул. Я.Коласа, 2), што была створана на базе школы №3. У сярэдзіне 1920-х гадоў вучні і настаўнікі тады ячшэ сямігадовай школы звярнуліся з просьбай да Янкі Купалы, каб ён дазволіў школе насіць яго імя і атрымалі на гэта станоўчы адказ. Школа з 1926 г. насіла імя песняра, а пры школе быў створаны музей, прысвечаны паэту. Падчас вайны будынак школы быў разбураны, а дакументы згубіліся.
У 1982 г., калі адзначаўся 100-гадовы юбілей нараджэння Янкі Купалы, настаўнікі школы звярнуліся ў Міністэрства асветы, каб школе вярнуць імя паэта. І ў1984 г. гэта адбылося. Настаўнікамі школы В.У.Грышко, Н.П.Протас, Д.М.Бічан разам з супрацоўнікамі Мінскага музея імя Я.Купалы на базе школы быў створаны музей, які распавядае пра жыццёвы шлях і творчасць паэта. Сярод дакументаў, што захоўваюцца ў музеі, ёсць ксеракопія афішы, калі Я.Купала ў 1930 г. наведаў Мазыр і сустракаўся з чытачамі.
Калі Беларусь у сэрцы
Па вул. Я.Коласа, д.1а знаходзіцца музей-майстэрня мастака-кераміста Мікалая Мікітавіча Пушкара (1919-1993). Ён нарадзіўся на мяжы Расіі і Украіны — паміж Белгарадам і Харкавам. Бацькоў сваіх не памятаў, таму што страціў іх ў раннім дзяцінстве. У сувязі з гэтым апынуўся ў працоўнай калоніі Антона Макаранка. Антон Сямёнавіч звярнуў увагу на здольнасці хлопчыка ў маляванні і, калі ў калонію павінен быў прыехаць на сустрэчу з выхаванцамі Максім Горкі, прапанаваў хлопцу намаляваць партрэт пісьменніка. Партрэт Аляксею Максімавічу вельмі спадабаўся, і ён прапанаваў сваю дапамогу Мікалаю ў паступленні ў мастацкае вучылішча. З рэкамендацыйным лістом ад
М.Горкага Мікалай прыехаў ў Харкаў, дзе паступіў ў вучылішча, пасля заканчэння якога працаваў настаўнікам малявання ў школе.
Затым яго прызвалі ў армію, служыў ў танкавых войсках. У першыя месяцы вайны быў паранены, атрымаў цяжкую кантузію і ў такім стане трапіў у палон да немцаў. Пасля вызвалення Пушкар вяртаецца на Радзіму, але зноў трапляе ў лагер, ужо савецкі, па артыкулу «здрада Радзіме». Таму што, па меркаванню тагачаснага кіраўніцтва, савецкія людзі не павінны былі трапляць у палон да нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 1954 г., ужо пасля смерці Сталіна, Пушкар быў вызвалены з лагера і ў чэрвені 1962 г. рэабілітаваны калегіяй Вярхоўнага суда СССР.
Пасля вызвалення пасяліўся ў Калінін-градзе, дзе ўпершыню пачаў займацца керамікай. Тут ажаніўся з Ганнай Міхайлаўнай, якая была ўражэнкай беларускага Палесся. Разам з жонкай часта наведваў Мазыр і ў 1966 г. пераехаў сюды на пастаяннае жыхарства. У Мазыры Мікалай Мікітавіч працаваў мастаком-афармляльнікам на заводзе меліярацыйных машын, а ў вольны час ствараў вырабы з гліны, шукаў свой уласны мастацкі стыль.
Калі М.Пушкар стаў членам Саюза мастакоў БССР, то мясцовыя ўлады выдзелілі яму майстэрню — старую закінутую хату, якую ён са сваімі сваякамі і вучнямі адрамантаваў. Гэты дом і стаў музеем яшчэ пры яго жыцці. М.М.Пушкар часта ладзіў тут экскурсіі для вучняў і студэнтаў.
Мікола Пушкар вывучаў гісторыю і літаратуру Беларусі. Мастака ўражвалі і натхнялі літаратурныя вобразы Сымона-музыкі, Лявона і Лявоніхі, Тараса на Парнасе. Падчас паездак па навакольным вёскам Мікалай Мікітавіч збіраў узоры розных строяў палешукоў, прылады працы, знаёміўся з палескім фальклорам, які яму вельмі спадабаўся. І таму невыпадкова, што яго творчасць была цесна звязана з казкамі, легендамі, паданнямі Мазырскага Палесся. Ён лічыў, што палешукам уласцівы такія рысы, як пачуццё гумару, уменне цешыцца жыццём, нягледзячы на яго цяжкасці, прыродны артыстызм. Па меркаванню самаго Мікалая Мікітавіча, «самая яркая черта мудрости — постоянная веселость». Нягледзячы на трагічныя старонкі свайго лёсу, М.М.Пушкар захаваў уменне радавацца кожнаму дню жыцця і адданасць сваім ідэалам. Пра апошняе сведчыць аўтапартрэт мастака, дзе ён намаляваў сябе ў лагернай робе, на якой два лагерных нумары — лагера фашысцкага і сталінскага, але ў руцэ ён моцна трымае свой партбілет.
Не быўшы карэнным беларусам, М.Пушкар унёс значны ўклад у развіццё беларускага мастацтва, за што атрымаў шэраг узнагарод, стаў заслужаным дзеячам мастацтва БССР.
У музеі сёння захоўваюцца творы мастака, у якіх адлюстраваны прыгажосць душы беларусаў, іх мудрасць, талент і працавітасць. Кажуць, што смех прадлявае жыццё, і таму Мікалай Мікітавіч казаў, што «был бы безгранично счастлив, чтобы в этом хотя бы немного помогла моя глина».
Мазырскім гарадскім Саветам дэпутатаў 19 чэрвеня 2007 г. прынята рашэнне аб прысваенні вуліцы №3, што праектавалася ў раёне мікрараёна №40, наймення Мікалая Мікітавіча Пушкара (мікрараён Кастрычніцкі).
(Заканчэнне будзе)
Таццяна НІКІЦІНА, Аляксандр БОБР.