Жыцце Палесся

Вуліцы Мазыра: вярнуць слаўныя імёны

Край навукоўцаў

У мікрараёне Нараўчызна ўтворана вуліца, што носіць імя ўражэнца Мазыршчыны – Пятра Фаміча Ракіцкага – вучонага ў галіне агульнай біялогіі, генетыкі і селекцыі, акадэміка АН БССР, заслужанага дзеяча навукі.

Ён нарадзіўся ў в. Кустаўніца ў 1903 г., з 1913 па 1915 гг. жыў у Мазыры. У 1923 г. паступіў у Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт, і ўжо падчас вучобы пачаў весці навуковую работу ў Інстытуце эксперыментальнай біялогіі пад кіраўніцтвам Н. К. Кальцова і С. С. Чацверыкова. На пачатку 1930-х гг. П. Ф. Ракіцкі напісаў першы савецкі падручнік па генетыкі для ВНУ. А ў 36-гадовым узросце стаў доктарам навук, у 1940 г. – прафесарам. У 1938-1948 гг. быў загадчыкам кафедры, дэканам факультэта, намеснікам дырэктара Маскоўскага пушна-футравага завода.

Вул. Ракiцкага ў новым мiкрараёне Нараўчызна.

Генетыка была адной з тых навук, якія ў перыяд культа асобы Сталіна і пазней пераследавалася і забаранялася. Новы наступ на генетыку пачаўся пасля сумна вядомай сесіі ВАСХНИЛ 1948 г., дзе была прынята пастанова “О положении в биологической науке». Т. Д. Лысенка, які ў той час узначальваў ВАСХНИЛ, лічыў, што не можа быць асобага рэчыва спадчынасці, што гены – гэта выдумка генетыкаў, бо іх ніхто не бачыў. За свае навуковыя погляды быў рэпрэсіраваны і П. Ф. Ракіцкі. і некалькі гадоў месцам яго жыхарства стала Комі АССР, але ад сваіх поглядаў вучоны не адмовіўся. У 1957-1960 гг. быў загадчыкам сектара біялогіі Усесаюзнага інстытута навуковай інфармацыі. У 1960-1969 гг. Пётр Фаміч быў загадчыкам кафедры заалогіі пазваночных жывёл Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, адначасова з 1965 г. – загадчык лабараторыі тэарэтычнай генетыкі Інстытута генетыкі і цыталогіі АН БССР.

Доктар біялагічных навук, прафесар Роза Іосіфаўна Ганчарова, якая працавала пад яго кіраўніцтвам ў лабараторыі з 1965 па 1977 г., у сваіх “Успамінах пра акадэміка Пятра Фаміча Ракіцкага” піша пра тое, што ўсе свае высілкі ў гэты перыяд вучоны накіроўваў на адраджэнне генетыкі і біялагічнай статыстыкі пасля доўгага панавання лысенкоўшчыны, на аднаўленне сапраўднага ўкладу ў развіццё біялогіі яго настаўнікаў М. К. Кальцова і С. С. Чацверыкова. Пётр Фаміч дабразычліва ставіўся да ўсіх, хто звяртаўся да яго за дапамогай. Ён праводзіў даследаванні па радыяцыйнай генетыцы. Даследаваў уплыў тэмпературнага фактару і рэнтгенаўскіх прамянёў на спадчынныя ўласцівасці жывых арганізмаў. Вывучаў узаемадзеянне паміж спадчыннасцю і адборам. Распрацаваў шэраг пытанняў па колькасных прыкметах і генетычным асновам селекцыі жывёл. П. Ф. Ракіцкі разам з  М. В. Турбіным стварыў школу беларускай генетыкі, якая паспяхова распрацоўвае многія кірункі генетыкі і селекцыі. П. Ф. Ракіцкі за цыкл работ “Разработка вопросов статистической генетики и внедрение математико-статистических методов в биологию” ў 1974 г. атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР. Памёр Пётр Фаміч ў 1977 г.

Прарывам ў савецкай навуцы было асваенне космасу. У 1957 г. быў запушчаны спутнік, а 12 красавіка 1961 г. упершыню ў космас паляцеў чалавек – прадстаўнік Савецкага Саюза – Юрый Гагарын. Гэта было вялікае свята для ўсіх савецкіх людзей, і ў той жа дзень Пралетарская Наберажная ў Мазыры атрымала імя першага касманаўта. Аднак у больш позні час яна ўвайшла ў склад вуліцы Савецкай.

Першы дом па вуліцы Гагарына. 1960-я гады.

Сёння ў горадзе ёсць вуліца Ю. А. Гагарына, але мясціцца яна ўжо ў мікрараёне Маладзёжны, i стала працягам вуліцы Гагарына, што існавала ў в. Бабры.

У 1972 г. у мікрараёне Чыгуначны з’явілася яшчэ адна вуліца, што носіць імя касманаўта – У. У. Камарова.

Мазыр літаратурны

У 2007 г. у Кастрычніцкiм мікрараёне Мазыра была ўтворана вуліца Івана Паўлавіча Мележа (1921-1976) – беларускага празаіка, драматурга, публіцыста, грамадскага дзеяча. Іван Паўлавіч – Народны пісьменнік БССР, лаўрэат Літаратурнай прэміі Якуба Коласа за раман “Людзі на балоце”, Ленінскай прэміі за раманы “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы”, Дзяржаўнай прэміі БССР за кнігу крытычных нарысаў, артыкулаў “Жыццёвыя клопаты”. Яго творы перакладзены на многія мовы свету.

Іван Мележ быў старшынёй праўлення Беларускага аддзялення таварыства «СССР – Францыя», старшынёй Беларускага камітэта абароны Міру, членам Сусветнага Савета Міру. Неаднаразова выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

У 1994 г. Мазырскаму тэатру было прысвоена імя народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа, і гэта не выпадкова. Іван Паўлавіч вельмі любіў горад над Прыпяццю, быў частым госцем у артыстаў народнага тэатра, які ў тыя часы ўзначальваў М. Колас. У красавіку 1970 г. ў тэатры адбылася прэм’ера спектакля “Людзі на балоце” па матывам “Палескай хронікі”. На ёй прысутнічаў І. П. Мележ. Вось як пра тую сустрэчу пісьменніка з мазыранамі распавядае ў сваім вершы “Іван Мележ у Мазыры” Галіна Мікалаеўна Дашкевіч, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, а ў 1960-1970-я гады яшчэ і адна з вядучых актрыс тэатра:

Ён выйшаў на сцэну –
зямляк-паляшук,
У зале раптоўна заціхлі,
Не ведаў, што словы
яго ў Мазыры
Душу ўскалыхнуць
назаўсёды…

Неабходная даніна гісторыі

У Кастрычніцкiм мікрараёне побач з вуліцай Мележа была ўтворана і вуліца Кірылы Тураўскага.

Гісторыя хрысціянства на ўсходнеславянскіх землях пачалася ў 988 г., калі па загаду вялікага князя кіеўскага Ўладзіміра Святаслававіча былі ахры- шчаны кіяўляне, а хрысціянства было абвешчана рэлігіяй Русі. Гісторыя хрысцiянства на Беларусі пачалася ў 992 г., калі была створана епархія па ўсходняму ўзору хрысцiянства ў Полацку, а ў 1005 г. была заснавана Тураўская епархія, якія як адміністрацыйныя адзінкі ўваходзілі ў склад Кіеўскай мітраполіі.

Тураў быў вядомы як адзін з цэнтраў асветы ўсходнеславянскіх зямель. Тут была напісана самая старажытная кніга на беларускіх землях – Тураўскае Евангелле ХІ ст.

Сярод тураўскіх епіскапаў найбольшую вядомасць атрымаў Кірыла Тураўскі (каля 1130 – пасля 1190). Ён увайшоў у гісторыю як старажытнарускі (старабеларускі) пісьменнік, царкоўны дзеяч, багаслоў. К.Тураўскі па-майстэрску валодаў народнай вобразнай і стараславянскай мовамі, глыбока ведаў візантыйскую культуру, асабліва паэзію і красамоўства, быў першым вядомым на Русі “стоўпнікам” (зачыніўся ў манастырскай вежы, каб поўнасцю аддацца роздуму і малітвам).

Каля 1169 г. князь Юрый Яраслававіч з тураўскімі старэйшынамі ўпрасілі Кірылу-мніха прыняць епiскапства. Стаўшы тураўскім епіскапам, Кірыла “добра працаваў дзеля Божай царквы”.

Да літаратурнай спадчыны К. Тураўскага належаць 8 слоў – казанняў, 2 прытчы пра душу і цела, альбо пра сляпога і кульгавага, 2 казанні пра манаскі чын і ангельскі вобраз, 2 пасланні да Васіля ігумена Пячорскага, 2 каноны і каля 30 спавядальных малітваў. За талент сталі зваць яго другім Златавустам, што “ярчэй за ўсіх праззяў на Русі”.

Кірыла Тураўскі прапаведуе аскетызм і папярэджвае, што хрысціяне павінны святкаваць не ў п’янстве з абжорствам, не з ігрышчамі, а мілуючы сірот і бедных, дапамагаючы слабым і нямоглым. Ён заклікае адкінуць гонар, непакорнасць, паклёп, гнеў, варожасць, п’янства, непрыязныя гульні і ўсялякую злосць. Лагоднасць, пакорлівасць, доб-рыя справы павінны назапашвацца ў «душевном доме» кожнага хрысціяніна, каб можна было гэтым багаццем падзяліцца з іншымі людзьмі…

Памяць Кірылы Тураўскага праваслаўная царква шануе 28 красавіка па старому стылю. І вельмі добра, што ў Мазыры ў 2007 г. (Кастрычніцкі мікрараён) з’явілася вуліца Кірылы Тураўскага.

У 1990-я гады, пасля абвяшчэння Беларуссю незалежнасці, у грамадстве ўзрасла цікаўнасць да ўласнай гісторыі і культуры, пачалі рабіцца спробы па выкарыстанні гарадской тапанімікі дзеля фарміравання менавіта беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. Таму невыпадкова, што вуліцы І. Мележа, К. Тураўскага і іншыя ў горадзе з’явіліся напрыканцы ХХ–пачатку ХХІ ст.

Гістарычная памяць – гэта яшчэ і нашы сучаснікі. Іван Мікалаевiч Смоляр (1938–2002) з 1969 па 1985 жыў у Мазыры, працаваў галоўным энергетыкам НПЗ. У Вярхоўным Савеце БССР узначальваў камісію, удзельнічаў у распрацоўцы праграм па ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС. Вуліца яго імя існуе ў Кастрычніцкiм мікрараёне.

У пэўнай ступені сімвалічна, што мазырскі хлебазавод у Нараўчызне месціцца па вулiцы, што носіць імя хлебароба Міхаіла Іванавіча Сузько, – трактарыста, механізатара калгаса “Радзіма”, кавалера ордэна Леніна. Паміж Мазыром і пас. Сасновым ёсць поле, што носіць імя гэтага чалавека, аб чым сведчыць устаноўлены там памятны знак.

У горадзе ёсць 2 вуліцы, якія носяць імёны міліцыянераў: лейтэнанта Міхаіла Аляксандравіча Марціновіча (1955–1983) і сержанта Аляксандра Платонавіча Царэнкі (1959–1983), што загінулі ў красавіку 1983 г. пры выкананні службовых абавязкаў. Цаною свайго жыцця М. Марціновіч і А. Царэнка садзейнічалі затрыманню асабліва небяспечных бандытаў, якія ўчынілі шэраг злачынстваў, у тым ліку і забойстваў.

Гэта было, было…

Хацелася б, што б мазыране ведалі пра жыццё і дзейнасць людзей, імёны якіх ушанаваны ў назвах гарадскіх вуліц. Каб ведалі гістарычныя назвы старога Мазыра, таму што любая з ранейшых назваў можа стаць злучальным звяном паміж мінулым і будучым горада, спрыяць пераемнасці і прыхільнасці традыцый. Адышлі ў нябыт такія мазырскія назвы, вядомыя па Усерасійскаму перапісу насельніцтва 1897 г., як “предместье Кимборовка и Седельницкий Перевоз, пригород Телепуны и предместье Солокуча” і іншыя.

У шэрагу беларускіх гарадоў існуе практыка вяртання гістарычных назваў гарадскім вуліцам. Прадстаўляецца мэтазгодным захаваць і старыя назвы Мазыра. Таму мы звяртаемся з просьбай да мясцовых улад, не мяняючы сучасных назваў вуліц, вызначыць гістарычную назву на асобнай шыльдзе ў пачатку вуліцы.

Напрыклад:

Ленінская – гістарычныя назвы: Свідоўская (ХVІІІ – першая палова ХІХ ст.), Пакроўская (другая палова ХІХ – пачатак ХХ);

Камсамольская – гістарычная назва Замкавая;

Дзяржынскага – гістарычная назва Спаская.

Тым больш, што гэта не патрабуе значных фінансавых выдаткаў.

 P.S. Дзякуй усім, хто нас чытаў, калектыву рэдакцыі газеты – за супрацоўніцтва, асаблівая ўдзячнасць Д. Куліку.

Вул. Сузько – памяць аб хлебаробе.

Таццяна Нікіціна, Аляксандр Бобр.

Фота Аляксандра САЛАДКОВА.

Exit mobile version