Самая галоўная святыня

652

Калі няма зубоў – хлеб разжуеш заўсёды,

Хлеба няма – найгоршая бяда!

Пра  хлеб надзённы і Хлеб духоўны  напісана багата. І гэта зразумела: кожны год ідзе сапраўдная барацьба за яго, ад пачэснага, увішнага ўраджаю залежыць наш дабрабыт. З хлебам мы сустракаемся штодня. І будзённы і святочны стол цяжка без акрайца ўявіць. У беларусаў нават цэлы месяц горда называецца – жнівень.

Хлеб – гэта больш, чым проста ежа, гэта сам космас, гэта еднасць зямлі і неба, зямнога і духоўнага,  сама філасофія надзённага. Гэта сінонім быцця, жыцця. Хлеб здаўна быў сімвалам сытасці і дастатку, правераным стагоддзямі і  і акропленым потам  сімвалам самаадданай, высакароднай працы, і невычэрпнай, вялізнай сілы зямлі-матухны. Хлеб – прыкмета душэўнай шчодрасці беларускага народа і яго,   не дзеля краснага слоўца,  гасціннасці.

 Бываючы ў вёсках, я заўсёды люблю прайсціся  сцяжынкамі і дарожкамі, пастаяць на ўскрайку хлебнага поля, паглядзець, як пад ветрам ходзіць залатая хваля пшаніцы, жыта, ячменю. Гэта сапраўдная высокая паэзія нашага быцця на Зямлі! У такія хвіліны сэрца напаўняецца радасцю — ад вялікага хлебнага возера!  А колькі такіх азёр ззяе ў сінявокай Беларусі!

З маленства я любіў назіраць, як  адбываецца ворыва, як затым  сеюць, а пасля ўбіраюць. І калі я, яшчэ хлапчуком запытаўся ў камбайнёра Івана Васільевіча, што цікавіць яго ў такой працы, ён трошкі падумаўшы адказаў: “Праца цяжкая, аднак за нас яе ніхто, Кастусь, не зробіць…” Гэты адказ я запомніў на ўсё  жыццё.

Я ўжо даўно ўсвядоміў, што пасяўная і ўборачная – гэта падзеі вялікай дзяржаўнай важнасці. Велічыня клопатаў невымерная: падрыхтаваць насенне і глебу, своечасова пасеяць, вырасціць, зберагчы ад хвароб, не разгубіўшы збожжа, прыбраць. Колькі ж выпрабаванняў праходзіць колас – пакуль прарастае! Вецер, град, лівень, мароз, засуха… Хлеб жа зусім  безабаронны ў адкрытым полі.

Таму, калі  бачу хлебароба, так і хочацца сказаць: «Дзякуй табе, Чалавек з вялікай літары!»  Бо менавіта круглагадовы  клопат  прарастае  у канчатковым выніку паўнаважкім Коласам. Нават мой цёзка, любімы пісьменнік Кастусь Міцкевіч, узяў сабе надзвычай гаваркі псеўданім  – Якуб Колас – як сімвал зямнога дабрабыту.

 Здаўна вядома мудрае выслоўе, што сапраўднае шчасце з зямлі прарастае. Ад яе, зямлі-маці, зямлі-карміцелькі,  наша жыццё, сіла, дастатак. З зямлёй хлебаробы  заўсёды звязваюць на-
дзеі на лепшую будучыню. Надзвычай высакародная праца хлебароба на зямлі. І, канешне,  не простая, бо  ў высокага ўраджаю шмат складнікаў.  Прычым ніколі нельга забываць, што зямля – не бяздонная камора, на знясіленых, хворых палетках   нічога не вырасце, зямля таксама патрабуе ежы.

Нашы продкі надзвычай паважліва ставіліся да хлеба. Раней клалі яго на стол, з любоўю накрывалі ручніком. Сядаючы за стол, старэйшы ў доме, бацька, маці, бабуля наразалі лусты хлеба. Прычым столькі,  колькі павінны з’есці і ні лустачкі лішняй.  Мая бабуля Таццяна прыгаворвала: «Дай, Божа, лусту хлеба рукамі  трымаць і  ў роце адчуваць».

Хлеб цудадзейным чынам, як сапраўдны чараўнік,  звязвае мінулае, сучас-
насць і будучыню. Ён заўсёды побач з намі, наш  на-
дзейны спадарожнік. Кожны дзень мы бярэм яго ў рукі, гэтую вялікую загадку прыроды-матухны. Хлеб хочацца есці штодзённа. Сёння ты ім насыціўся, а заўтра абавязкова зноў захочацца. Хоць кавалачак. Жыццё без хлеба, мусіць, маглі  прыдумаць толькі  недавучаныя  дыетолагі.

Ад’язджаючы з бацькоўскай хаты, мае суайчыннікі, заўсёды бралі з сабой у дарогу хлеб як  дабраславенне маці і наказ бацькі. Многія жанчыны, нават мужчыны добра ўмелі пячы хлеб. Хлебапячэнне ў Беларусі здаўна лічылася
надзвычай важнай справай. У белай чыстай хустачцы,  у фартусе, нетаропка, з асаб-
лівай павагай  замешвалі хлеб. А колькі радасці было ў сям’і, калі даставалі з печы боханы. Ніякія сучасныя гаджаты так не могуць
радаваць душу і сэрца! Духмяны, прыемны, цёплы пах адразу ішоў не толькі па хаце, але і па ўсёй вёсцы. А калі ў каго  наставала  вяселле, у выпечцы хлеба, каравая брала ўдзел амаль уся вёска.

Прымаўка «Хлеб – усяму галава» вядомая ўсім. Для нашага народа няма больш важнага прадукта, чым хлеб. Ёсць народныя выразы, менш  вядомыя: «Не страшна, што пот бяжыць па спіне, галоўнае – потым будзе хлеб на стале»; «Хто ў полі з раніцы да ночы не працуе, у таго дома і хлеб не водзіцца»; «Жаць трэба шмат, а жадаючых не адшукаеш»; «Не так дарагі вінаград заморскі, як хлеб вясковы – трохі ўкусіш, а рот поўны наб’еш»; «Кароткія ў калача ножкі, але калі раптам сыдзе, то наўрад ці яго дагоніш»; «Нават самы злы сабака, і той перад булкай сцелецца»; «Вада ўсё адмые, а хлеб усіх  накорміць»; «Святыя на сцяне, а хлеб на стале»; «Хлеб – падарунак Божы, адвечны наш карміцель»; «Хлеб – наш бацька, вада – маці»; «Булка ўсюды добрая: што ў нас, што ўдалечыні,  за морам»; «Без хлеба і мясам сябе не накорміш»; «Пасля салёнага добра п’ецца, а пасля хлеба – спіцца»; «Вырашчаны сваімі рукамі хлеб можаш хоць усю ноч есці»; «Прыгожы снег, ды бескарысны, чорная зямля, ды зерне гадуе; «У чыёй хаце хлеб   ясі, таго і парадкі шануй”;  «Быў бы ў хаце хлеб, а ўсё астатняе само нала-
дзіцца».

Ва ўсе часы хлебу  аддавалася шмат ушанаванняў. Хлеб уносілі ў новы пабудаваны дом, маладых сустракалі хлебам-соллю,  нават суседзі мяняліся хлебам   як шаноўным гасцінцам.  Нават у космас ляцелі з боханамі, вагой   усяго 4,5 грама.

Яшчэ сто гадоў таму, у кастрычніку 1917 года, галоўным стаў заклік: «За мір, за хлеб, за зямлю, за народную ўладу». І затым на працягу ўсяго ХХ стагоддзя, і сёння, ужо ў ХХI-м, робіцца ўсё, каб накарміць усіх хлебам. І як тут не ўспом-
ніць мудрае выказванне: «У ваенны час хлеб — воін, а ў мірны — дыпламат і палітык».

Раней, калі пачыналася жніво, літаральна ўся вёска выходзіла ў поле. Тэхнікі не хапала. Вяскоўцы вязалі снапы, складалі ў копы. Нават дзеці басанож хадзілі па высокім, калючым іржышчы, з торбамі праз плячо, збіралі каштоўныя каласкі. Так хлопчыкі і дзяўчынкі хутка сталелі, вучыліся гаспадарыць на роднай зямлі, берагчы і шанаваць хлеб наш надзённы.

У Хлеба – святы дух, ён павінен паважацца і ўшаноўвацца. Яшчэ ў дзяцінстве я запомніў  выдатныя словы педагога, Героя Сацыялістычнай працы Васіля Сухамлінскага: «Хто не ведае, што такое хлеб і праца – перастае быць сынам свайго народа. Губляе свае лепшыя якасці народныя, становіцца адшчапенцам, невыразнай істотай, не вартай павагі. Хто забывае, што такое праца, пот, стомленасць, той перастае шанаваць хлеб». Колькі ў гэтых словах мудрасці, шчырасці, вялікай жыццёвай праўды і штодзённай філасофіі.

Асабліва ваенныя, пасляваенныя пакаленні добра зведалі  цану хлеба, калі хацелася атрымаць хоць маленькую скарыначку, кавалачак, крошачку. На сваіх жудасных біяграфіях у гэтым пераканаліся і  жыхары блакаднага Ленінграда, іншых акупаваных тэрыторый у Вялікую Айчынную. У вайну пяклі хлеб вайсковыя пякарні, сушылі сухары паходныя печы. Хлеб стараліся як мага хутчэй даставіць на перадавую, у траншэі, з такой жа  адказнасцю, як боепрыпасы. Без хлеба ў ліхія гадзіны быў сапраўдны голад.

У розныя гады мне давялося размаўляць з дзецьмі вайны, ветэранамі. Яны па-рознаму гаварылі аб адным і тым жа: аб сумных вачах маці, бабуль, калі дзеці прасілі хлеба, а спячы яго не было з чаго.

Аднойчы ў Ленінградзе я наведаў Музей гісторыі горада. Там захоўваецца пацямнелая лустачка хлеба. Гэта сутачная блакадная норма – 125 грам на аднаго чалавека. Але менавіта гэты горкі, грубы хлеб выратаваў многіх ленінградцаў ад галоднай смерці. Гэтыя нікчэмныя грамы былі
адзінай ежай у суткі. Яны і ў ХХI стагоддзі паказваюць
усяму свету, што войны больш не павінны паўтарацца, гавораць   не толькі пра пакуты, але і мужнасць ленінградцаў, вялікую цану  перамогі.

Сёння ўдосталь хлеба. Наша краіна збірае шматмільённы каравай. Але, на жаль, мы хутка забыліся, як нашы бабулі пасля вайны са стала падбіралі літаральна кожную крошачку. Як у калгасных складах падбіралі, падмяталі кожнае зярнятка. Нярэдка гэта была   сумесь жыта, грэчкі, ячменю, аўса.  Дадавалася сюды і размолатая кукуруза, і тоўчаная бульба.   У вёсках варылі традыцыйны кулеш. Аднойчы бабуля Таццяна згатавала мне яго.  Смак, можна сказаць, гістарычны!

Вясковыя млыны былі падобны храму. Самога ж мельніка заўсёды называлі толькі па імені і па бацьку. Малолі таксама і  на жорнах.

Радуе, што і сёння беларускі хлеб з’яўляецца выдатным гасцінцам.  Госці, якія прыязджаюць у Беларусь з розных краін, вязуць на сваю  радзіму айчынную выпечку. У нас часта можна сустрэць у мастацкіх працах жыта і васілёк побач. І гэта таксама добра, бо трывалае матэрыяльнае і  прыгожае духоўнае заўсёды любілі нашы продкі. Любім гэткую еднасць і мы, на-
шчадкі славутых хлебаробаў Беларусі.

Як увішны  вянок хлебаробскай працы ў нас штогод праходзяць кірмашы-дажынкі ў сельгаспрадпрыемствах, раёнах, на абласным і рэспубліканскім узроўнях. Прыемна, калі ў гонар працаўнікоў вёскі, людзей  працы, ладзяцца шыкоўныя  фестывалі.

Гонар вам і хвала, творцы хлеба і дабра! Перакананы:  творца хлеба не можа быць злым і абыякавым.  Толькі добрыя і небыякавыя людзі становяцца Хлебаробамі – нашымі карміцелямі.

Іаан Златавуст вучыць нас, зямлян: «Лепш хлеб з соллю ў спакоі і без смутку, чым мноства страў каштоўных у смутку і горы».  Варта прыслухацца!

З павагай,  Канстанцін Карнялюк.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: