У Гомелі пройдзе крэатон для старшакласнікаў «Першыя ідэі: экалогія»

128

29 лютага ў Гомелі адбудзецца крэатон, удзел у якім могуць узяць cтаршакласнікі з усёй Беларусі. Ён пройдзе ў рамках сацыяльна-адукацыйнага праекта «Першыя», які рэалізуецца кампаніяй А1 пры падтрымцы арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk.

 Крэатон «Першыя ідэі: экалогія» пройдзе ў Гомельскім абласным грамадска-культурным цэнтры (вуліца Ланге, 17) 29 лютага з 11:30 да 16:00. Да ўдзелу запрашаюцца вучні 9-х, 10-х і 11-х класаў з любога рэгіёна краіны, якім цікава патрэніравацца генерыраваць ідэі, прэзентаваць іх на публіцы і атрымаць парады ды каментары ад экспертаў. Удзел у крэатоне – бясплатны па папярэдняй рэгістрацыі.

Спачатку ўдзельнікам пакажуць некалькі відэаролікаў з выступленнямі сусветна вядомых спікераў. Іх пракаментуе эксперт, які сутыкаецца з узнятымі пытаннямі ў сваёй працы. Ён жа паставіць удзельнікам пытанне для абмеркавання. Затым школьнікі падзеляцца на каманды і калектыўна вырашаць, якія ідэі можна было б прапанаваць для дасягнення акрэсленай мэты, а пасля прэзентуюць свае задумы перад аўдыторыяй.

Па выніках абмеркавання запрошаныя эксперты па экалогіі і прадстаўнікі кампаніі А1 адзначаць самыя цікавыя ідэі, а таксама ўзнагародзяць найлепшага прамоўцу крэатона.

Адмыслова да крэатона 29 лютага арганізатары сацыяльна-адукацыйнага праекта «Першыя» рыхтуюць пяты выпуск беларускамоўнага падкаста, госцем якога стане адзін з аўтараў праекта па перапрацоўцы пластыку Rebottle Кірыл Марыкін. Эпізод першага беларускамоўнага падкасту для моладзі, прысвечаны тэме экалогіі, выйдзе 21 лютага – у Міжнародны дзень роднай мовы. З  папярэдніх выпускаў можна таксама даведацца пра прамоўніцкае майстэрства, культурніцкія праекты ў тэатральнай сферы, карысныя інклюзіўныя ініцыятывы і тэхналагічныя распрацоўкі.

Тэматычныя крэатоны ўжо адбыліся ў Віцебску, Магілёве, Гродне і сабралі больш за 100 старшакласнікаў. Уздельнікі абмяркоўвалі праекты ў музейнай справе, дызайне і архітэктуры, інклюзіі. Гэтым разам у Гомелі старшакласнікі пагавораць пра змену клімату, свядомае спажыванне і экалагічны стыль жыцця.

«Першыя» – гэта рэспубліканскі конкурс ідэй, з дапамогай якіх можна змяніць навакольны свет, грамадства ці жыццё людзей да лепшага. Збор заявак яшчэ працягваецца, і прапанаваць сваю задуму да 8 сакавіка могуць вучні 9-х, 10-х і 11-х класаў з усіх рэгіёнаў Беларусі.

Кожны ўдзельнік конкурсу цягам навучальнага года распрацоўвае сваю ідэю, а для ўдзелу ў фінале будуць адабраныя дзесяць старшакласнікаў. Кожны з іх атрымае прыз – iPhone Xs, а таксама пад кіраўніцтвам персанальнага ментара прадставіць сваю ідэю на маштабнай маладзёжнай канферэнцыіі TEDxYouth@Minsk.

Больш падрабязнай інфармацыі – на сайце праекта «Першыя» www.generation.A1.by.

 Кантактная асоба:

Павел Салаўёў, камунікацыйнае агенцтва ARS Communications +375 29 649 52 53 | sp@ars.by

 


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: