Жыцце Палесся

Сегодня на Мозырщине около 400 волонтеров приняли участие в республиканской акции «Чистый лес»

Основной фронт работ выполнялся на территории Слободского опытно-производственного лесничества. Уборкой лесных массивов, придорожных полос, наведением порядка в зонах отдыха занимались также во всех подразделения Мозырского опытного лесхоза

Арганізатарам рэспубліканскага мерапрыемства ў нашым рэгіёне выступіў Мазырскі вопытны лясгас (дырэктар – А. К. Марачкоўскі). Відавочна, што добрае надвор’е паспрыяла таму, каб дзеля такой добрай справы, пакінуўшы хатнія клопаты і адклаўшы ў бок свае асабістыя справы, на дзялянках падраздзяленняў лясгаса сабралася больш 400 жадаючых папрацаваць на ўсеагульную карысць. Актыўны ўдзел у пасадцы лесу прынялі начальнікі і спецыялісты ўпраўленняў, розных службаў і ведамстваў райвыканкама разам са старшынёй Мазырскага раённага выканаўчага камітэта Аленай Паўлечка, яе намеснікамі Дзмітрыем Міллерам і Аленай Каленік, дэпутацкі корпус раённага Савета дэпутатаў на чале са старшынёй Галінай Кудзінай, а таксама каманда моладзевага парламента разам са сваім лідэрам камісіі культурна-масавага накірунку Аляксандрам Александровічам. Не засталіся ў баку ад дабрачыннай акцыі і работнікі аддзела адукацыі раёна на чале з яго начальнікам Ларысай Папковай, спецыялісты МЗЦГЭ разам з галоўным дзяржаўным санітарным урачом Сяргеем Краўчанкам, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый раёна – БРСМ, «Белая Русь», раённага аб’яднання прафсаюзаў, а таксама супрацоўнікі інспекцый і іншых устаноў.

Перш чым распачаць працу на падрыхтаваных пляцоўках, галоўны ляснічы лясгаса Алеся Сіліч запрасіла валанцёраў наведаць базісны гадавальнік, угоддзі якога распрасцёрліся на плошчы больш як 18 гектараў. Там жа ўдзельнікаў акцыі прывіталі старшыня раённай выканаўчай вертыкалі Алена Паўлечка і старшыня Мазырскага раённага Савета дэпутатаў Галіна Кудзіна, якія ніколі не прапускаюць ніводнае такое мерапрыемства.

 


Потым Алеся Сіліч разам з начальнікам гэтага падраздзялення Надзеяй Гадлеўскай у ходзе экскурсіі паказалі гасцям, як вырошчваецца пасадачны матэрыял, пачынаючы ад семечка, расказалі пра догляд за раслінамі ў цяпліцах, аб’ёмах пасеву і пасадцы лясных культур. Дарэчы, як адзначыла Алеся Ігараўна, у 2020 годзе аб’ём склаў 1142 га, лясныя культуры цвердалісцевых парод былі створаны на плошчы 50 га, селекцыйным матэрыялам праведзена пасадка на плошчы 946 га, пры стварэнні лясных культур выкарыстана 21 схема змешвання. Рэканструкцыя малакаштоўных і нізкапаўнотных насаджэнняў выканана на плошчы 9 га, з закрытай каранёвай сістэмай – пасаджана 117 га лясных культур. Па выніках працы за мінулы год гэтаму падраздзяленню загадам Міністэрства лясной гаспадаркі прысвоена ганаровае званне «Узорны гадавальнік». Па словах Надзеі Гадлеўскай, зараз у гадавальніку вырошчваецца больш 15 мільёнаў штук сеянцаў і саджанцаў драўняных і хмызняковых парод. Разам з іглічнымі тут вырошчваюцца і лісцяныя пароды: дуб, клён, ясень, бяроза, ліпа, алешына. Для азелянення ў гадавальніку вырошчваецца больш за 30 відаў розных іглічных дрэў і хмызнякоў (елкі, хвоі, туі, кіпарысавікі розных формаў, ядловец, ціс), плюс шмат відаў дэкаратыўных лісцяных дрэў і хмызнякоў. Аб’ём вырошчвання дэкаратыўнага пасадачнага матэрыялу склаў 16 тыс. штук. У ходзе экскурсіі Алеся Сіліч адказала на пытанні ўдзельнікаў талакі. Заручыўшыся ведамі наконт таго, адкуль пачынаецца лес, валанцёры прыбылi на дзялянку Слабадскога вопытна-прамысловага лясніцтва (далей – ВПЛ), распрацаваную пад пасадку лясных культур.

Перш чым даць старт акцыi, для тых, хто ўпершыню вырашыў пасадзіць сваё дрэва, спецыялісты лясгаса правялі «майстар-клас» па карыстанні мячом Колесава, а таксама па тэхналогіі закладкі сеянцаў. Пасля гэтага паўсюдна закіпела работа. Пад вясёлы гоман, абганяючы адзін другога, набіралі працоўны тэмп валанцёры. Было прыемна назіраць за такім працэсам, таму што сярод удзельнікаў не было ніводнага сумнага чалавека. Недарэмна ж кажуць,
што «праца ўпрыгожвае чалавека, а праца на ўсеагульную карысць – удвая». Можа пагэтаму за акцыяй і замацавалася назва «талака». Дарэчы, талака з даўніх часоў з’яўлялася ў беларусаў адным са спосабаў арганізацыі працы: талакой яны будавалі хаты, талакой жалі і касілі. Гэтая аксіёма, як пацвердзілася падчас дыялогу з удзельнікамі акцыі, вельмі дзейсная ізараз.

Так, душэўнай неабходнасцю і грамадзянскай значнасцю назвала свой удзел у дабрачыннай акцыі старшыня Мазырскага райвыканкама Алена Паўлечка, падкрэсліўшы традыцыйнасць добрай справы ў Год народнага адзінства. Павелічэнне колькасці валанцёраў, і асабліва ўдзел моладзі, якая разумее сваю прычаснасць да жыцця краіны, росквіту свайго краю і яго дабрабыту, асабліва парадавала кіраўніка раённай вертыкалі. Вядома, што дрэва – гэта сімвал міру, часцінка дабрыні, якой мы можам падзяліцца з нашчадкамі, захоўваючы прыроду для будучых пакаленняў, – адзначыла яна.

– Лес – гэта багацце нашай краіны, чыстае паветра, неабходная сыравіна для вытворчасці, што, безумоўна, патрабуе дапаўнення. Калі гэтага не рабіць, то прыродныя запасы не з’явяцца самі па сабе, – патлумачыла свой удзел ў акцыі старшыня Мазырскага раённага Савета дэпутатаў Галіна Кудзіна. Такой жа думкай кіраваліся таксама і дэпутаты райсавета Алеся Чуманевіч і Вольга Арцемчук, адзначыўшы, што для іх ўдзел у такой акцыі – гэта не толькі праца на карысць малой радзіме, але і добрая магчымасць пагутарыць з калегамі ў непрацоўнай абстаноўцы, а таксама разуменне сэнсу справы, што праз некалькі гадоў тут будуць шапацець лісткамі маладыя дрэўцы…

Разам з добрым настроем сваю асабістую адказнасць і грамадзянскую неабходнасць адчула і дырэктар Мазырскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Ала Шмідт, падкрэсліўшы, наколькі важна для кожнага чалавека пасадзіць сваё дрэўца, амаль як і пакінуць след на сваёй зямлі. А садзіць лес – асаблівая асалода і свайго роду ўдзячнасць прыродзе за яе дары.

Штогод прымае ўдзел у такой дабрачыннай акцыі і Мікалай Лазароўскі, старэйшы лётчык-назіральнік Мазырскага цэнтра авіяцыйнай аховы лясоў ГААСУ «Авіяцыя» МНС Рэспублікі Беларусь, які па абавязку службы клапоціцца пра пажарную бяспеку прыроды. Ён лічыць, што нават калі спелая драўніна будзе выкарыстана ў ходзе прамысловай перапрацоўкі, а не пацерпiць ад пажараў, то замест кожнага дрэва павінны з’явіцца сотні новых, каб не збядняліся прыродныя рэсурсы роднага краю.

Відавочна, што каманда аддзела адукацыі Мазырскага райвыканкама на чале з яго кіраўніком Ларысай Папковай стала самай шматлікай. У яе склад увайшлі дырэктары сярэдніх устаноў альбо іх намеснікі, педагогі, тэхнічны персанал (сярэднiя школы №№ 7, 8, 10, 11, 12, 14, 15, 16 , гімназія імя Я. Купалы). Прыемна, што некаторыя з іх прыехалі нават са сваімі дзецьмі, каб тыя далучаліся да грамадскай справы.

Намеснік начальніка Мазырскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іван Маскалёў падзяліўся, што ў сёлетняй акцыі іх ведамства прымае ўдзел не толькі са сваім кіраўніком Аленай Швайба, але і цэлымі сем’ямі. Гэта вельмі прыемна, таму што дзейнасць інспекцыі вельмі цесна пераплятаецца з працай лесаводаў…

Каманда моладзевага парламента разам са сваім лідэрам Аляксандрам Александровічам амаль у адзін голас сказала, што працаваць
на ўсеагульную карысць – гэта значыць адчуваць сябе малымі часцінкамі сваёй Радзімы. А ў творчых людзей, дзеячаў культуры з прыродай і навакольнай прасторай асаблівая сувязь. На ўлоннi прыроды нараджаюцца паэтычныя радкі, а добры настрой адлюстроўваецца ў музыцы, песні, без чаго жыццё памеркне і можа згубіць яркія колеры…

А вось дырэктар СШ № 12 Канстанцін Хамутоўскі расказаў, што шмат дрэў пасадзіў яшчэ будучы школьнікам, таму што яго бацька працаваў лесніком у Лельчыцкім раёне, і ён заўсёды цікавіўся яго справамі і не прапускаў акцыі па пасадцы лесу. Нават успаміны пра той час напаўняюць душу гонарам ад карыснай справы. А яго дрэўцы, напэўна, сталі ўжо вялікімі. Кіраўнік адзначыў, што зараз у школы з лясгасам цесныя стасункі: на працягу амаль 5 гадоў тут функцыянуе спецклас, навучэнцы якога больш глыбока знаёмяцца з дзейнасцю лесаводаў, удзельнічаюць у розных акцыях, займаюцца даследаваннямі, а некаторыя ў будучым, магчыма, звяжуць свой лёс з лясной галіной.

Безумоўна, далёка не з усімі ўдзельнікамі талакі ўдалося пагутарыць журналісту наконт iх уражанняў, а вось вынікі, як адзначыла галоўны леснічы лясгаса Алеся Сіліч, аказаліся даволі ёмкімі.

Так на плошчы 4,4 га толькі ў Слабадскім ВПЛ з дапамогай валанцёраў высаджана 25 тыс. сеянцаў хвоі звычайнай і 8 тыс. – дуба чарэшчатага.

Студэнты і школьнікі добра папрацавалі і на ўборцы смецця ў заказніку «Мазырскія яры», і на экалагічнай сцежцы, навялі парадак у зоне адпачынку «Альхавіца». Пасадкай лясных культур займаліся таксама і ў кожным падраздзяленні лясгаса. У рамках восеньскай кампаніі, як адзначыла Алеся Сіліч, з дапамогай валанцёраў на тэрыторыі больш за 300 га плануецца высадзіць каля 100 тыс. сеянцаў лясных культур. А ўсяго ў лясгасе падчас акцыі «Чысты лес» лясных культур аднавілі на плошчы 15 га.

Ад аўтара
Пасадка дрэў – гэта не проста клопат пра экалогію, але і, што не менш важна, магчымасць пакінуць след на Зямлі як па-
мяць пра сябе. Асабліва важна, як адзначылі многія з ўдзельнікаў талакі, зрабіць гэта напярэдадні найвялікшага свята – Дня маці. Місія маці, як і ў цэлым сям’і, заключаецца не толькі ў тым, каб даць дзіцяці жыццё, а больш ў тым, каб выхаваць яго належным чынам, каб яно стала годным грамадзянінам сваёй краіны. Спадзяёмся, што сеянцы прыжывуцца і стануць добрым падарункам краіне ў Год народнага адзінства. І кожны, хто прыняў удзел у навядзенні чысціні і пасадцы дрэў, праязджаючы калісьцi міма дзялянкі, зірнуўшы на іх, падумае: «Тут ёсць часцінка і маёй дабрыні». Па вялікаму ж рахунку, само дрэва –
сімвал міру, напамін пра крохкасць прыроды і неабходнасць у абароне. Мне застаецца толькі падсумаваць усё вышэй сказанае такімі словамі: «Не для сябе дбаем – для краю!»

 

 

 

Натальи КОНОПЛИЧ.  Фото автора.

Exit mobile version