Жыцце Палесся

Аб навучаннi i спецыялiзаванай дзiцяча-юнацкай школе алiмпiйскага рэзерву № 3 пагутарылi з дырэктарам Уладзiмiрам Сечка

Школа веласпорту ў Мазыры бярэ пачатак яшчэ ў 1978 годзе. Сёння СДЮШАР № 3 Мазырскага раёна ажыццяўляе навучанне ў двух кірунках: веласпорт і акадэмічнае веславанне.

– Уладзімір Іванавіч, чаму варта звярнуць увагу менавіта на гэтыя віды спорту?

– Навучыцца плаваць ці ездзіць на ровары пойдзе на карысць любому чалавеку, бо гэта навыкі, якія звязаны з практычным прымяненнем па жыцці. Веславанне і веласпорт якраз развіваюць іх. Акрамя таго, гэта добрая магчымасць умацаваць здароўе і арганізаваць вольны час дзіцяці. Калі браць веласпорт, то вядома, што амаль усе дзеці ў свой час асвойваюць ровар. Бацькі пачынаюць хвалявацца аб іх бяспецы, а тут дзеці будуць пры справе і пад наглядам. Зараз у нашай установе праходзіць навучанне каля 230 рабят. Каля 80-ці з іх – на аддзяленні веласпорту. Спачатку набіраем дзяцей на падрыхтоўчае навучанне: яны спрабуюць, мы назіраем. Правільная пасадка, выпраўка, педаліраванне, ПДР, бяспека і гэтак далей. Хтосьці сябе ў гэтым знаходзіць, хтосьці – не, але, каб зразумець гэта, варта паспрабаваць. Што тычыцца веславання, то мы рыхтуем менавіта пачатковае звяно.

Займаемся з дзецьмі першыя тры гады і ствараем своеасаблівы рэзерв, які потым перадаем вышэй.

– З якога ўзросту можна прыводзіць дзяцей на навучанне?

– Па санітарным нормам мы прымаем дзяцей з дзевяцігадовага ўзросту, але бярэм і з васьмі гадоў, калі ёсць такое жаданне і дзеці рослыя. Абавязкова наяўнасць медыцынскай даведкі аб тым, што ў дзіцяці няма супрацьпаказанняў для заняткаў такім відам спорту і дазвол бацькоў у пісьмовай форме.

– Што тычыцца інвентару, патрэбна штосьці набыць для навучання?

– Увесь неабходны спартыўны інвентар выдае школа. Ад бацькоў патрабуецца толькі набыць спартыўную форму – гэта касцюм раварыста, каска і велатуфлі. Навучанне ў нас бясплатнае.

– Якая колькасць заняткаў на тыдзень і дзе яны праходзяць?

– Для пачатковага звяна – 6 гадзін на тыдзень. Як правіла, гэта тры заняткі па паўтары гадзіны. Навучанне праходзіць па вуліцы Савецкай, 192. Яшчэ ў нас ёсць дамова з сярэдняй школай № 13, што на бульвары Юнацтва, 47, – там нам прадастаўляецца спартыўная зала, дзе таксама праходзяць заняткі па веласпорту. Заняткі па акадэмічнаму веславанню праводзім па вуліцах Савецкай, 19 і Савецкай, 78.

– Расскажыце, калі ласка, аб дасягненнях навучэнцаў?

– Сярод нашых выхаванцаў ёсць даволі вядомыя. Калі браць раварыстаў сучаснасці, то вылучыў бы майстра спорту міжнароднага класа і прызёра першынства Еўропы Рамана Раманава, Караліну Бірук, якая сёлета стала чэмпіёнкай Расіі, Кірыла Гуцко, Яўгена Іванько. Яшчэ мы маем цэлую плеяду моцных дзяўчат, якіх ужо перавялі ў вышэйшае звяно ў Мінск. Увогуле з нашай школы ў нацыянальную сборную Рэспублікі Беларусь патрапіў 21 чалавек. Там і раварысты, і весляры. На мой погляд, гэта вельмі высокі паказчык узроўню падрыхтоўкі.

– У якіх спаборніцтвах прымаюць удзел навучэнцы?

– У нас прадугледжаны камандныя спаборніцтвы для кожнай узроставай катэгорыі, на якіх выяўляецца патэнцыял асобных спартсменаў. Спачатку гэта спаборніцтвы школьныя, потым найбольш паспяховыя прымаюць удзел у абласных спаборніцтвах, потым – у рэспубліканскіх. Тых, хто паказаў добрыя вынікі на рэспубліцы, федэрацыя разглядае для прыняцця ў склад юнацкіх і юніорскіх нацыянальных зборных. І тады ўжо адчыняюцца дзверы на міжнародны ўзровень – зараз у асноўным па СНД.

– Калі можна падаваць заявы на навучанне?

– Афіцыйна набор дзяцей вядзем з верасня – з пачаткам навучальнага году. Тэлефоны для даведак: 24-03-05, 24-05-75.

Алена ТУРАВЕЦ,
пазаштатны аўтар.

Exit mobile version