МОЗЫРЬ NEWS

Нашы сэрцы на яго далоні. Да 105-годдзя Івана Шамякіна, імя якога з гонарам носіць Мазырскі педагагічны ўніверсітэт

30 студзеня 2026 года Беларусь урачыста адзначае 105-гадавіну з дня нараджэння народнага пісьменніка, класіка нацыянальнай літаратуры Івана Пятровіча ШАМЯКІНА – чалавека, чый голас і сёння гучыць моцна, шчыра і надзённа.

Ужо два дзесяцігоддзі Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт з гонарам носіць яго імя – імя пісьменніка, грамадзяніна, педагога, для якога слова было не проста сродкам выказвання, а формай служэння чалавеку і Радзіме.

Кнігі Івана Шамякіна перакладзены на многія мовы свету, у тым ліку і на кітайскую. Асаблівы водгук у чытачоў Паднябеснай знайшла ваенная раманістыка пісьменніка з яе апяваннем подзвігу звычайнага чалавека, з гераічнымі вобразамі беларускіх партызан, з адвечнымі праблемамі «вайна і жанчына», «вайна і каханне». Гуманістычны пафас яго твораў, «клопат пра чалавека і шчырая вера ў яго будучыню» кранаюць сэрцы людзей розных нацыянальнасцей і эпох.

«Глыбокая плынь», «У добры час», «Крыніцы», «Атланты і карыятыды», «Зеніт» – гэтыя назвы добра вядомы не аднаму пакаленню чытачоў. І нягледзячы на тое, што творы былі напісаны ў другой палове мінулага стагоддзя, яны гучаць надзвычай сучасна: нагадваюць пра неабходнасць захавання гістарычнай памяці, патрыятычнае і маральна- этычнае выхаванне моладзі, пра адказнасць чалавека перад сабой і грамадствам.

Чытачы XXI стагоддзя з жывым інтарэсам паглыбляюцца ў мастацкі свет Шамякіна, ужо ў саміх назвах твораў якога адчуваецца ласкавы клопат пра лёс асобы і грамадства: «Сэр-
ца на далоні», «Вазьму твой боль», «Злая зорка», «Палеская мадонна»…

У кнігах успамінаў Іван Шамякін адкрывае сакрэт сапраўднай народнасці пісьменніка: «нязменная крыніца натхнення – гэта само жыццё; пісьменнік можа мець супярэчлівыя погляды на падзеі, але, калі пачынае пісаць, павінен напаўняцца дабрынёй!» І менавіта так гучыць яго запавет нашчадкам: мінулае, сучаснасць і будучыня – толькі праз прыз-
му дабрыні!

Будучыню беларускага народа пісьменнік звязваў найперш з маладым пакаленнем. Ён шчыра клапаціўся пра высокую маральна-этычную культуру моладзі, яе зацікаўлены ўдзел у стваральнай працы на карысць роднай зямлі.

Як тонкі лірык і глыбокі псіхолаг, Іван Шамякін асабліва адчуваў каштоўнасць шчырых чалавечых узаемаадносінаў. Сімвалам і сакрэтам гэтага ўзаемара-зумення стала яго трапяткое «сэрца на далоні». І невыпадкова пісьменнік падкрэсліваў, што між людзьмі павінна быць асаблівая Роднасць, якую варта пісаць з вялікай літары.

Добрай традыцыяй Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І. П. Шамякіна стала правядзенне Міжнародных Шамякінскіх чытанняў «Пісьменнік – Асоба – Час». Сёлета чарговая навукова-практычная канферэнцыя адбудзецца 26–27 лютага 2026 года ў межах урачыстага Літаратурнага тыдня, прысвечанага 105-годдзю пісьменніка і 82-годдзю ўніверсітэта.

Спадчына Шамякіна аб’ядноўвае навукоўцаў Беларусі, Расіі, Кітая, Германіі, Азербайджана, Узбекістана і інш. Яна стане асновай майстар-класаў, семінара-практыкума, літаратурна-музычных кампазіцый, дыскусій паміж выкладчыкамі, настаўнікамі, студэнтамі і школьнікамі Палесся.

Асаблівую падтрымку ініцыятыве аказала дачка пісьменніка, доктар філалагічных навук, прафесар БДУ Таццяна Іванаўна Шамякіна. Анлайн-сустрэча Таццяны Іванаўны з моладдзю дазволіць глыбей зразумець духоўныя прыярытэты пісьменніка-сем’яніна і пісьменніка-грамадзяніна.

Юбілей Івана Шамякіна – гэта нагода зноў і зноў зазірнуць у люстэрка яго твораў і спытаць сябе: ці жывём мы сёння «праз прызму дабрыні»? І, магчыма, адказ шукаць трэба менавіта там, дзе пісьменнік пакінуў нам сваё трапяткое і адкрытае сэрца на далоні.

Таццяна ЧЭЧКА, загадчык кафедры беларускай i рускай фiлалогii
МДПУ iмя I. П. Шамякiна.

Exit mobile version