МОЗЫРЬ NEWS

На выніковым сходзе літаратараў Гомельшчыны мазыранін Ігар Шэлег далучыўся да Саюза пісьменнікаў

Выніковы сход пісьменнікаў Гомельшчыны адбыўся ў абласной універсальнай бібліятэцы імя У. Леніна напярэдадні 105-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна. У ім бралі ўдзел больш 50-ці членаў творчага саюза. Падведзены вынікі працы літаратараў за пяцігоддзе – з 5 сакавіка 2021 года па 29 студзеня 2026-га.

Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, вядомы празаік і публіцыст, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Уладзімір Гаўрыловіч выразна акрэсліў творчыя набыткі грамадскай арганізацыі за апошняе пяцігоддзе, зазначыўшы, што паэты, празаікі, публіцысты і драматургі Гомельшчыны сваімі творамі і выдадзенымі кнігамі ўслаўляюць народны подзвіг у гады Вялікай Айчыннай вайны, годна пішуць пра тое, што хвалюе ў неспакойным XXI стагоддзі. Штогод лепшыя творы друкуюцца ў альманахах «Літаратурная Гомельшчына», «Літара» (аўтарскі праект У. Гаўрыловіча). На Гомельшчыне з 2013 года ў адпаведнасці з рашэннем аблвыканкама лепшыя творы намінантаў адзначаюцца абласной літаратурнай прэміяй імя Кірылы Тураўскага і выдаюцца.

Штомесяц праводзяцца творчыя семінары, на якіх абмяркоўваюцца аўтарскія рукапісы пісьменнікаў, а таксама творчыя спробы ўдзельнікаў літаб’яднаняў і клубаў, якія дзейнічаюць у абласным літаратурным аб’яднанні «Слова», створаным пры аддзяленні СПБ.

Найвышэйшае прызнанне ў апошнія гады займелі ў чытачоў кнігі пісьменнікаў-Гомельшчыны: празаіка Уладзіміра Гаўрыловіча, паэтаў Соф’і Шах і Мікалая Ждановіча, – адзначаныя Нацыянальнай літаратурнай прэміяй. Два дзесяцігоддзі абласная пісьменніцкая арганізацыя ўдзельнічае ў міжнародных праектах «Берагі дружбы» і «Сожскія берагі дружбы»: беларускія і расійскія паэты перакладаюць на свае мовы лепшыя творы сучаснікаў, маладых аўтараў, а па выніках сустрэч на гомельскай і растоўскай зямлі выдаюцца зборнікі. Плённа супрацоўнічаюць пісьменнікі краю з бібліятэкамі, школамі, вышэйшымі навучальнымі ўстановамі, Гомельскай епархіяй Беларускай праваслаўнай царквы…

Работа абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» за справаздачны перыяд прызнана здавальняючай. Уладзімір Гаўрыловіч адзінагалосна абраны старшынёй Гомельскага абласнога аддзялення СПБ. Зацверджаны і састаў савета аддзялення.

Пісьменнікі рэгіёна, несумненна, будуць і надалей творча спрыяць ажыццяўленню Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў гэтай пяцігодцы ў межах падпраграмы «Культурная прастора», памятаючы аб сваёй адказнасці за Слова, за якасць напісаных твораў.

2026 год аб’яўлены абласным аддзяленнем СПБ Годам патрыятычнай творчай моладзі, бо, як зазначыў Уладзімір Гаўрыловіч, важна, каб арганізацыя пастаянна прырастала творча-акрыленымі юнымі сучаснікамі. Прыемна, што на выніковым сходзе адбылася знакавая падзея: аўтару выдадзеных дзесяці кніг прозы, ураджэнцу Калінкавічаў, жыхару Мазыра Ігару Шэлегу, які працуе намеснікам ваеннага камісара Мазырскага, Ельскага і Нараўлянскага раёнаў, уручаны членскі білет Саюза пісьменнікаў Беларусі за нумарам 988 і адпаведны знак творчага саюза. Ігар Вітальевіч перадаў ганаровай госці пісьменніцкага сходу – дырэктару «ленінкі» Таццяне Забіяка – тэматычную падборку сваіх аўтарскіх кніг.

Шчыра, па-зямляцку віншуем празаіка Ігара Шэлега, жадаем яму і надалей творчага плёну, шчаслівага літаратурнага і чалавечага лёсу!

Тамара КУПРЭВІЧ, адказны сакратар Гомельскага аддзялення СПБ.
Фотаздымкі аўтара.

Exit mobile version