Калі пачынаць размову пра новую кнігу Уладзіміра Гаўрыловіча з прадстаўлення аўтара і назваць усе яго званні, тытулы і ўзнагароды, то гэта зойме вельмі многа месца ў нашым артыкуле, таму скажам коратка.
Уладзімір Гаўрыловіч, празаік, публіцыст, драматург, дастойна прадаўжае лепшыя традыцыі папярэднікаў-палешукоў – класікаў беларускай літаратуры Івана Мележа і Івана Шамякіна. У сваіх шматлікіх раманах, аповесцях, апавяданнях, драматычных творах, нарысах ён праўдзіва паказвае жыццё землякоў – жыхароў Палесся, асабліва Жыткавіцкага раёна і Тураўшчыны. Пісьменнік мае ўласную пазіцыю і светапогляд, якія адлюстроўваюць магістральны напрамак яго літаратурнай творчасці – паказ барацьбы народа супраць захопнікаў за сваю свабоду і незалежнасць, праслаўленне лепшых якасцей беларусаў – іх партыятызму, мужнасці і гераізму ў нялёгкія часы. Пісьменніку, які нарадзіўся на прыканцы 60-х гадоў, баліць за тых людзей, якія пралівалі кроў у час Вялікай Айчыннай вайны, аддалі свае жыцці за нашу свабоду і незалежнасць. І таму ён сказаў аднойчы, сказаў сабе і нам, чытачам: «Нельга забываць тую страшную вайну і яе герояў, трэба іх памятаць і праслаўляць!»
Як публіцысту, Уладзіміру Гаўрыловічу ўласціва ўменне ствараць сінтэз інфарматыўнасці і жывасці аповеду, займальнасці. Безумоўна, у гэтым не апошнюю ролю адыгрывае асоба самога аўтара: акрамя дасведчанасці, менавіта светапогляд, аўтарская пазіцыя і спосаб адлюстравання падзей.
І ў сваёй новай кнізе «Жыццёвымі сцежкамі» (на беларускай і рускай мовах) (Мазыр: Калор, 2025. – 176 с., з ілюстрацыямі), у якой змешчаны нарысы, эсэ, артыкулы, дыялогі, пісьменнік выказвае набалелае, адкрыта заяўляе пра сваё персанальнае светаўспрыманне, шчыра выказвае сваю ўласную пазіцыю і расказвае пра тых выдатных людзей, кожны з якіх здзейсніў мужны подзвіг у імя Радзімы.
Дык хто ж героі новай кнігі Уладзіміра Гаўрыловіча? Гэта землякі, у тым ліку родныя і блізкія аўтара. Усе яны добрыя людзі, якія нарадзіліся і жылі на Палессі або лёс іх быў звязаны з гэтымі цудоўнымі мясцінамі. Пісьменнік расказвае пра прадстаўнікоў многіх прафесій: пра хлебаробаў, педагогаў, медыкаў, вучоных, артыстаў… Галоўнае, што іх аб’ядноўвае – патрыятызм, любоў і адданасць Радзіме, вернасць справе, якой яны прысвяцілі сваё жыццё, працавітасць і шчырасць. Многія персанажы гэтай цікавай і, нягледзячы на невялікі аб’ём, вельмі змястоўнай кнігі былі ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны, праявілі мужнасць і гераізм у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, перажылі голад і холад, шматлікія нягоды.
Немагчыма без хвалявання чытаць эсэ пра дзеда пісьменніка – Ігната Буякевіча – тыповага прадстаўніка лепшай часткі жыхароў Палесся. Ён і гаспадар быў выдатны: любіў і ўмеў працаваць на зямлі, узначальваў калгас. Мужна змагаўся з ворагам на фронце. Па словах аўтара, многае пабачыў, многае перажыў, праз многае прайшоў. Што так жыў – працуючы і дбаючы аб людзях, што працаваў і паказваў прыклад іншым, што ў застоллі быў першым, і песню, бывала, зацягне такую, што ніхто так не зможа, – ніколі не шкадаваў. Гэтага слаўнага чалавека хвалявала вось што: каб толькі наступныя пакаленні не забываліся, якой цаной атрымана Перамога.
У кнізе расказваецца і пра лётчыка Героя Савецкага Саюза Рыгора Дзенісенку, які ў свой час вучыў лётнай справе Юрыя Гагарына.
Жыхарцы старажытнага Турава прысвечаны нарыс «Сястра стралковага палка». Шаснаццацігадовай дзяўчынай восенню 1941 года яна, медыцынская сястрычка, служачы ў палкавой санчасці на Паўднёва-Заходнім фронце, перанесла ўсе пакуты разам з баявымі сябрамі, вытрымала неймаверныя цяжкасці баёў і акружэння. Знясіленая ад холаду і голаду, прабралася да сваіх, прайшоўшы сотні кіламетраў па занятай фашыстамі зямлі. А за вынас параненых з поля бою дзяўчына была ўзнагароджана медалём «За баявыя заслугі» – першай сваёй баявой узнагародай. За гады вайны Ганна Іванаўна атрымала і іншыя медалі і ордэны за свае шматлікія подзвігі, а Перамогу сустрэла ў званні старшыны медслужбы ў Кёнігсбергу. Пасля вайны працавала медсястрой у бальніцы ў Тураве, была ўзнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.
Сярод тых, хто адстойваў свабоду і незалежнасць краіны, усямерна набліжаў Перамогу – ветэраны Вялікай Айчыннай вайны: ўраджэнец мястэчка Ветка Аляксандр Аксінушкін, медработнік Бэла Кустановіч, ганаровы грамадзянін горада Гомеля Альбін Мілеўскі, ваенны перакладчык Ілья Шульман, заслужаны настаўнік БССР Аляксандр Шкутаў з Рагачоўскага раёна, Цімафей Татарынаў са Жлобіна, падпольшчыцы – партызанскія сувязныя Галіна Бруснік, Яўгенія Матвеец і Ганна Бобрык.
У сваёй кнізе Уладзімір Гаўрыловіч расказвае і пра таленавітую паляшучку Лідзію Пятрычыц, якая жыве ў Жыткавіцкім раёне. Некалькі гадоў таму інтэрнэт-прастору літаральна ўзарвала песня «Лісапет» у выкананні гэтай таленавітай спявачкі.
Цікавым атрымалася інтэрв’ю з народнай артысткай Беларусі, салісткай і мастацкім кіраўніком Гомельскай абласной філармоніі Галінай Паўлянок. Яе таленту апладзіравалі аматары музыкі ў Германіі, Італіі, Нідэрландах, Францыі, Швецыі і іншых краінах, у тым ліку і ў СНД.
З матэрыяла «Пяць стыхій Алены Рыбаковай» удзячны чытач даведаецца пра дзейнасць таленавітага педагога, выкладчыцу беларускай мовы і літаратуры Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа імя Л. С. Выгоцкага.
А нарыс «Усё жыццё – сялянскай справе» прысвечаны Рыгору Шпакаву, які больш як паўстагоддзя кіраваў адным з самых моцных калгасаў на Гомельшчыне.
Змястоўныя, цікавыя матэрыялы атрымаліся пра людзей-працаўнікоў, якія вызначыліся ў розных сферах дзейнасці. Гэта ветэраны педагагічнай працы Марыя Храпуцкая з Добрушскага раёна і Марыя Рудэнка з Жыткавіцкага раёна, выдатнік народнай асветы Інэса Макарэцкая, якая больш чвэрці веку ўзначальвала галіновы прафсаюз работнікаў адукацыі Светлагорскага раёна, будаўнік Любоў Пастарняк, начальнік вытворчасці Гомельскага завода буйнапанэльнага домабудавання Уладзімір Серыкаў, абсалютны на працягу больш чвэрці стагоддзя рэкардсмен свету і Еўропы па кулявой стральбе гамяльчанін Ігар Жаваранкаў, народны настаўнік СССР Вольга Аўраменка, жлобінскі трактарыст Іосіф Дайнека, які сваёй працай праславіўся ў 1975 годзе на ўвесь Савецкі Саюз, дырэктар Нараўлянскага спецлясгаса Аляксандр Дзейчык.
Пісьменнік любіць падарожнічаць па роднай Гомельшчыне. Пабываў ён і ў Ельскім раёне. Пра гэты маляўнічы край, багаты на таленты-самародкі, напісаў нарыс «Месца, дзе жывыя традыцыі». Свайму калегу-журналісту і пісьменніку Міколу Старчанку прысвяціў эсэ «Песня і боль». Распавёў пра нялёгкі пасляваенны лёс хлапчука з вёскі Старая Алешня Рагачоўскага раёна, пра тое, як М. Старчанка стаў не толькі журналістам-прафесіяналам, які шмат гадоў плённа працаваў у абласной газеце «Гомельская праўда», але і добрым паэтам, што праславіў сваю малую радзіму.
Незабыўны след у душы Уладзіміра Гаўрыловіча пакінулі сустрэча і знаёмства са знакамітым вучоным-фізікам Уладзімірам Яленскім, якому ў дзяцінстве давялося перажыць нягоды і выпрабаванні ў гады Вялікай Айчыннай вайны і які цяпер дасягнуў вышынь у навуковай дзейнасці. У даваенны час яго бацька служыў у пагранічным атрадзе на тэрыторыі Жыткавіцкага раёна, на Тураўшчыне, дзе і нарадзіўся будучы вучоны. Цяпер ён пабываў на той зямлі, якая падаравала яму жыццё. І здзівіўся, пабачыўшы чысты, акуратны, дагледжаны гарадок. І людзі тут, па словах Уладзіміра Елянеўскага, светлыя, усмешлівыя, а ў вачах – дабрыня…
Сапраўды, дабрыня – адна з галоўных рыс палешукоў, пра якіх з любоўю і гонарам піша іх зямляк Уладзімір Гаўрыловіч. І кніга яго вартая ўвагі шырокага чытача, бо нясе дабрыню, павагу да чалавека-змагара, чалавека працы, праслаўляе мужнасць і гераізм, працавітасць палешукоў. А піша гэты пісьменнік заўсёды цікава, захапляюча і даходліва. Мяркую, кніга нікога не пакіне раўнадушным.
Міхась СЛІВА,
член Гомельскага аддялення Саюза пісьменнікаў Беларусі
