Кніга «Колкі снег жыцця» ўбачыла свет у сталічным выдавецтве «Каўчэг». Над ёй працавалі рэдактар і аўтар прадмовы Васіль Жуковіч, мастак Марына Адосій, дызайн вокладкі зрабіў Уладзімір Пінтусаў.
Новая кніга адрозніваецца ад папярэдніх выданняў аўтара, бо складаецца толькі з чатырохрадкоўяў. Менавiта чатырохрадкоўі, а іх у кнізе аж семдзесят, паказваюць уменне майстра мастацкага слова максімальна коратка выказаць істотнае.
Мастачка Марына Адосій, мазырскі бард, кампазітар і выканаўца Міхаіл Копач, мастак Уладзімір Валадковіч, вучнi СШ № 1, навучэнцы Мазырскага дзяржаўнага каледжа будаўнікоў прыйшлi павіншаваць аўтара. Яны пажадалі Васілю Рыгоравічу моцнага здароўя, творчага даўгалецця, новых вершаў і кніг.
Пад час сустрэчы ва ўтульнай зале краязнаўства гучала жывое беларускае паэтычнае слова.
Цярушыць снег загадкава-дзівосны,
Яму так рады сцішаны прасцяг!
А на зямныя нашыя два лёсы
Няспынна сыпле колкі снег жыцця.
Ёсць у кнізе і шмат прысвячэнняў, у тым ліку і нашай газеце:
Крочыш ад поспеху да перамогі,
Пішаш адметна гісторыю краю.
Гэтым і вабіш падпісчыкаў строгіх,
Дружбу з табою і я не губляю.
Паколькі прэзентацыя кнігі Васіля Андрыеўскага была прымеркавана да Міжнароднага дня роднай мовы, закончыць хочацца наступным чатырохрадкоўем паэта:
Народ мой славіцца гасціннасцю
(І так было ва ўсе часы),
І працавітасцю, і сціпласцю,
І мовай дзіўнае красы!
Марта МАРОЗ
Фота аўтара