Літаратурная гасцёўня гімназіі імя Я.Купалы ў Сусветны дзень паэзіі сабрала шмат аматараў прыгожага пісьменства. На сустрэчу быў запрошаны вядомы мазырскі паэт Васіль Андрыеўскі.
У рамках сустрэчы адбылася і прэзентацыя новага зборніка Васіля Андрыеўскага з прыгожай незвычайнай назвай «Колкі снег жыцця», з якога паэт прачытаў некалькі чатырохрадкоўяў. Наш таленавіты зямляк яшчэ раз нагадаў прысутным словы Я. Коласа аб важнасці «любіць, ведаць і шанаваць мову свайго народа і дасканала валодаць ёю».
Паэт адказаў на шматлікія пытанні аўдыторыі, заклікаў сябраваць з кнігай увогуле і з беларускім паэтычным словам у прыватнасці.
З задавальненнем слухалі гімназісты песні на вершы Васіля Андрыеўскага ў выкананні мазырскага кампазітара і спевака Міхаіла Копача, які даўно супрацоўнічае з паэтам.
Прысутныя былі прыемна ўражаны непаўторнай творчай атмасферай літаратурнай гасцёўні. Напрыканцы сустрэчы паэт падараваў гімназіі кнігу са сваім аўтографам, што доўга будзе хваляваць сэрцы юных чытачоў.
Алена МАЗУРКЕВІЧ,
бібліятэкар гімназіі імя Я. Купалы