Абрадавы каляндар беларусаў складаецца са мноства земляробчых, магічных і сямейных абрадаў, непарыўна звязаных з сезоннымі зменамі прыроды.
Аснову складаюць цыклы «Каляд» (зіма), «Масленіцы» і «Гукання вясны» (вясна), «Купаля» (лета) і «Дажынак» (восень), якія накіраваны на забеспячэнне ўрадлівасці і абарону гаспадаркі.
Больше фото в альбомах групп МОЗЫРЬ NEWS Вконтакте, Одноклассниках и Facebook.
Удзел у абрадавым свяце прынялі дарослыя – жыхары Прудка і бліжэйшых вёсак, артысты філіялаў Мазырскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і, вядома ж, дзеці. Менавіта маладое пакаленне павінна мець магчымасць далучацца да культурных традыцый і каштоўнасцяў сваёй малой радзімы, захоўваць іх і берагчы.
Спачатку ўдзельнікі сімвалічна «частавалі» зямлю, просячы ў яе добрага ўраджаю і спакойнага лета. Затым усе разам звалі жаўрукоў – веснікаў вясны. Адным з ключавых момантаў стала шумнае «абуджэнне мядзведзя» – знакавы элемент абраду, закліканы паскорыць прыход цяпла.
«Жавароначкі, прыляціце! Вясну прынясіце!» – гучалі словы адной з абрадавых песень. А удзельнікі свята вадзілі карагод. Кожны куплет усіх песень-вяснянак заканчваўся дружным «Гу-ууу». Менавіта таму абрад і называецца «гуканнем».
Гуканне вясны – вясновае свята, старажытны абрад, звязаны з абуджэннем прыроды, надзей чалавека. Ад вясны ў значнай ступені залежаў дабрабыт селяніна. Яму своечасовае пацяпленне было жыццёва неабходным, каб вясна прыходзіла паступова, зладжана, каб не было вялікіх разбуральных паводак, каб зямля спаталялася ўдосталь вільгаццю, рыхтавалася да сяўбы. Таму з зазываннем вясны звязана мноства магічных рытуальных дзеянняў, якія суправаджаліся адпаведнымі заклікамі, загаворамі, песнямі, гульнявымі момантамі. Сам абрад набываў утылітарную ролю, станавіўся часткай складанага комплексу падрыхтоўкі будучага ўраджаю.
Вольга ЛАСУТА
Фото Сяргея ШАПАВАЛАВА