21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы

184

Мілагучная і непаўторная, адметная і незвычайная, старажытная і непакорная, сучасная і запатрабаваная, яна, наша мова, калі мы ўмеем слухаць, чуць, размаўляць, бачыць, жыць, ствараць, развіваць і развівацца.

Сёння на беларускай мове створаны і дзейнічае развіццёвы праект “Мова нанова”, актыўна працуе спартыўны і банкаўскі нэймінг, мова гучыць у нацыянальных брэндах “Zorka”, “Світанак”, “Бульбашъ”, “Крыніца”, “BiElita”, “Radamir”, прэзентуе ў іх Беларусь за мяжой. Гучыць і ў маім горадзе таксама.
“Мазыр – старажытны! Мазыр – малады!” вітае ўсіх на цэнт- ральнай плошчы горада, дзе размешчаны галоўны адміністрацыйны будынак райвыканкама. Побач з ім – зорка Венера – сімвал кахання і прыгажосці, ці Мілавіца – гандлёвы брэнд жаночага адзення, месца, дзе кожная мазыранка адчувае сябе індывідуальнай, асаблівай і непаўторнай. Насупраць гасцінна запрашае кафейня “Смачна кава” – час утульнасці і асалоды, выйшаўшы з якой трапляеш у гістарычны цэнтр горада – Мазырскі замак.

“Мазыр – старажытны! Мазыр – малады!”, “Смак беларускай мовы” – слоганы сённяшняга жыцця, наша сучаснасць, мова, якая гучыць з білбордаў у розных кутках майго горада. “Сэрцам адданыя роднай зямлі” (вуліца Пралетарская) ўслаўляе знакамітых людзей Мазыршчыны – урачоў, спартсменаў, камбайнераў. “Вы здабылі мір – мы зберажом” (вуліца Прытыцкага) адлюстроўвае патрыятычны настрой, упэўнена, усіх мазыран. “Складзі сваё жыццё сам” (невыпадкова, каля гарадской бальніцы) – напамінак пра бязмежную каштоўнасць чалавечага жыцця.

Амаль у кожным раёне Мазыра гасцінна адчынены дзверы любімага і запатрабаванага магазіна “Смак” з разнастайным асартыментам, умераным коштам і пажаданнем “Смачна есці”.

Пры неабходнасці можна зайсці ў банк “Дабрабыт” і выкарыстаць крэдытку са зніжкай у рамках праграмы лаяльнасці “Моц-ная картка”. З пакетам паслуг Белтэлекама ў нашым доме заўсёды будзе “Ясна”!

З самай раніцы мы імчымся ў розных напрамках горада ў грамадскім транспарце па сваіх справах. Усе чуем: “Паважаныя пасажыры! Асцярожна. Дзверы зачыняюцца. Наступны прыпынак – “Абласны ліцэй”. Хто выйшаў на гэтым прыпынку і вучыцца ў ліцэі, з задавальненнем выбірае здаваць на цэнтралізаваным тэсціраванні беларускую мову. Сярэдні бал выпускнікоў мінулага года па гэтым прадмеце склаў больш 70 балаў. Веданне і валоданне роднай мовай бачна дапамагло выпускнікам стаць будучымі ўрачамі, праграмістамі, хімікамі-атамшчыкамі, біятэхнолагамі, стаць знаўцамі роднай мовы і носьбітамі роднага слова.

Адчуйце смак беларускай мовы і вы!

Валянціна Шэцка,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Мазырскага дзяржаўнага абласнога ліцэя.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: