Абразок да 8 Сакавiка

Той, хто кахае многіх,  – ведае жанчын,  той, хто кахае адну,  – адчуў каханне.

Зігмунд Фрэйд

Чамусьці так здарылася, што мы, мужчыны, найбольш цёпла і эмацыянальна пачынаем задумвацца, што для нас значыць жанчына, толькі напярэдадні свята 8 Сакавіка.  Але ж гэта несправядліва. Жанчыне мы павінны прызнавацца ў каханні на працягу ўсяго года. На працягу ўсяго жыцця.

У жыцці кожнага з нас ёсць  тая, якая наша жыццё змяніла, упрыгожыла, аздобіла, якая пакінула свой незабыўны аўтограф. І не важна дзе – на губах ці глыбока, у сэрцы.  Тая, адзіная, мяняе ў лепшы бок і нас, мужчын. Такія жанчыны не могуць не хваляваць нашы душы, іх помняць заўсёды, з імі параўноўваюць усіх астатніх.

Дарыце ім кветкі, прыносьце часцей падарункі, нават самыя маленькія і сціплыя. Рабіце сюрпрызы, дапамагайце рашаць праблемы. Не давайце жанчыне адчуць сябе адзінокай – і вы ўбачыце: яна вельмі хутка стане вашай, адзінай, зменіцца ў лепшы бок. Жанчыны – заўсёды жанчыны, яны не бываюць старымі ці маладымі.  Дзе няма жанчын, там няма і сапраўднай радасці.

Як гэта прыгожа, калі бачыш: жанчына ідзе пад руку з мужчынам, якога яна кахае. І як брыдка, калі мужчына нават руку не падае ёй, калі яна выходзіць з грамадскага транспарту. А ёсць жа выхаваныя хлопцы і мужчыны, што нават чужым, незнаёмым падаюць руку.

Жанчына павінна быць шчаслівай, бо яна працягвае наша жыццё ў дзецях.  Слабай палове бясспрэчна належыць увесь сусвет, таму што яны могуць ствараць новых зямлян. Больш таго, жанчыны здольны спыніць час.

Яна – гэта ідэал чысціні і прыгажосці.  З ёю не сумуеш – і яна не дае нам хутка састарыцца. Усе жанчыны розныя, і жаночы пол – заўсёды тайна і загадка. Яны прываблівыя сваёй індывідуальнасцю і ўнікальнасцю.  Жанчыны звычайна гавораць больш, чым мы, затое мы павінны імкнуцца рабіць больш, чым жанчыны.  Мы не павінны падразаць жанчынам крылы: яны ўжо ніколі не змогуць стаць анёламі… Жанчынам падаецца, што для мужчын, у якіх яны закаханы, няма нічога немагчымага.

Нярэдка, калі губляеш такую жанчыну, жыццё становіцца адразу шэрым, бессэнсоўным, пустым, бясколерным. Характар жанчыны – гэта люстэрка вашых адносін. Жанчын абражае наша абыякавасць.  Толькі дурань будзе імкнуцца змяніць жаночую логіку, будзе спрачацца з жанчынай.

Мужчыны! Беражыце і шануйце нашых дзяўчат,  нявест, жанчын, сясцёр, дачок,  жонак, матуль і бабуль! Калі вам не давялося бачыць закаханых жанчын, вы не ведаеце, ні што такое жанчына, ні што такое каханне…

Жанчына – гэта самае жаданае запрашэнне да Шчасця!
Адзінае, пра што малю я вас: не губляйце жаноцкасць… І, дарэчы, самыя загадкавыя тайны жанчын – у сэрцах мужчын, якіх яны кахаюць.  Якім яны вераць, якіх паважаюць і давяраюць самае дарагое.

З павагай, Канстанцін Карнялюк.