Мова – маркер, мова – фільтр…

286

– А вы ўмееце размаўляць па-беларуску? – Цікавіўся  карэспандэнт нашай газеты ў пешаходаў на вуліцах горада

*Ірына, працаўнік медыцынскай сферы:

– Так, размаўляю. На жаль, толькі  больш у стасунках з сям’ёй, сваімі блізкімі. Але ж, мне здаецца, што размаўляць па-беларуску – гэта патрэба душы.  Нарадзілася я ў Петрыкаўскім раёне, скончыла Камаровіцкую сярэднюю школу, дзе атрымала добрую адукацыю. І зараз памятаю шматлікія вершы беларускіх класікаў. Напрыклад, верш  Янкі Купалы “Жняя”  жыве дзесьці  ў глыбіні душы ра-зам з успамінамі пра дзяцінства, якое прайшло на ўлонні багатай палескай прыроды. І нас – дзяцей – не трэба было пераконваць у тым, што хлеб з духмянай скарынкай расце на прылаўку ў сельмагу, а не на полі. Мы ведалі з маленства, якую вялізную працу ў гэтую справу ўкладваюць хлебаробы. І хаця сёння пшаніцу не жнуць
сярпамі, такую адказную справу робяць сучасныя цуда-камбайны, але ж вобраз жняі-гаспадыні , як і верш беларускага класіка, жыве. Вось пачуйце, якія цудоўныя метафары і параўнанні выкарыстаў паэт, каб узнесці на вышыню жаночы вобраз: “Як сама царыца ў залатой кароне, йдзе яна ў вяночку паміж спелых гоняў. З каласкоў вяночак – маладосці сведка – на ёй зіхаціцца, як у садзе кветка. На грудзях шчаслівых  каптанок ружовы, у руцэ сярпочак зублены, сталёвы. Вецер абнімае стан яе дзявочы, сонца ёй цалуе шыю, твар і вочы. Каласкі хінуцца перад ёй паклонна, дзівіцца ігруша на мяжы зялёнай. А яна – царыца –  весела, шчасліва карануе песняй залатое жніва. Смела йдзе ў сонцы ўся сама – як сонца, гэта жнейка наша ў нашаей старонцы”.

Вельмі хачу, каб і мае дзеці захавалі карані  нашых продкаў, паважалі працу хлебаробаў, мацавалі любоў да сваёй краіны. І, як казаў класік, не цураліся роднай мовы.

Дзякуй вам за гэтую размову…

Мікола, старшыня  прафсаюзнай  суполкі:

– Беларускую мову добра ведаю, скончыў сярэднюю школу № 8 і меў па гэтай дысцыпліне выдатную адзнаку. Гэтаму паспрыяла тое, што мая бабуля Ганна Іванаўна Бяркозава на працягу шматлікіх гадоў выкладала родную мову і літаратуру ў Прудкоўскай СШ. Безумоўна, праводзіў у яе канікулы і беларускае слова суправаджала мяне па жыцці. Запомнілася шмат вершаў, якія паўплывалі на фарміраванне маёй асобы, будучага жыцця, гонару за таленавітых беларусаў, якія нават далёка за межамі краіны, нават будучы ў няволі не пераставалі любіць сваю зямлю, свой родны край. Можа, таму, не гледзячы на ўзрост, у маёй памяці жыве верш Максіма Багдановіча “Слуцкія ткачыхі”. Радкі запамінаюцца, таму што ў іх разам з цудоўнымі параўнаннямі, як і ў тыя дзівосныя паясы, укладзена цеплыня, пяшчота, любоў да роднага краю разам з яго гісторыяй. Дарэчы, такія васількі ў маім дзяцінстве раслі абапал калгасных палёў. і калі дзяўчаты плялі вянкі, то гэты верш згадваўся сам сабой: “Ад родных ніў, ад роднай хаты ў панскі двор дзеля красы. Яны, бяздольныя, узяты ткаць залатыя паясы. І цягам доўгія часіны, дзявочыя забыўшы сны, свае шырокія тканіны на лад персідскі ткуць яны. А за сцяной смяецца поле, зіяе неба з-за акна, – і думкі мкнуцца мімаволі туды, дзе расцвіла вясна; дзе блішча збожжа ў яснай далі, сінеюць міла васількі, халодным срэбрам ззяюць хвалі між гор ліючайся ракі; цямнее край зубчаты бора… І тчэ, забыўшыся, рука, заміж персідскага ўзора, цвяток радзімы васілька”.

З тых далёкіх часоў школьнага жыцця для мяне вобраз васілька застаўся  сімвалам Бацькаўшчыны, Радзімы, роднага краю. Пры наяўнасці субяседнікаў, безумоўна, размаўляў бы на роднай мове. Але, на жаль, іх сустракаецца вельмі мала. І калі ўнук Яўген (ужо маю чацвярых унукаў), прыходзячы з садка, кажа словы “Добры вечар”, “Дзякуй”, “Да пабачэння”, “Калі ласка”, то мяне вельмi радуе, што вывучэнню беларускай мовы сёння надаецца вялікая ўвага. Так і патрэбна. Калі ты беларус, то павінен ведаць родную мову і размаўляць на ёй.

Аляксандр, прадстаўнік гандлёвай сферы:

– Наш горад, калі хто не ведае, уваходзіць у залатое кола Гомельшчыны і розныя гістарычныя  аб’екты, як і прыродныя, прыцягваюць сюды шматлікіх гасцей. Мае прафесійныя абавязкі патрабуюць таго, каб я лёгка ўмеў пераключыцца на мову субяседніка. І хачу зазначыць, што ў апошні час беларускай мовай карыстаюцца вандроўнікі маладога ўзросту. Дзякуючы сваім настаўнікам ў школе я таксама атрымаў патрэбныя веды па беларускай мове і зараз час ад часу іх прыходзіцца ўдасканальваць. Вельмі прыемна, калі чалавек размаўляе не на “трасянцы”, а на сапраўднай беларускай мове, выкарыстоўваючы ўсе цудоўныя абароты і сакавітыя словы. Асабліва ганаруся сваёй краінай, калі дзесьці на еўрапейскім узроўні выступаюць нашы землякі, падымаюцца на вышэйшыя прыступкі п’едэстала гонару, спяваюць гімн. Не дарэмна сказана, што ўсё спазнаецца ў параўнанні. І каб гэта адчуць, трэба на краіну паглядзець збоку, з вышыні… У рэшце-рэшт – саскучыцца па ёй. Мне вельмі падабаюцца радкі з вядомай песні, якая гучыць ў выкананні “Песняроў”: “Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць. Разумею цяпер чаму з выраю жураўлі на Палессе ляцяць! Што ім тыя пагоды паўднёвыя, што ім пышны платанавы рай, калі клічуць іх далі сасновыя і азёрны рабінавы край…” Я таксама вельмі люблю сваю Мазыршчыну, а лепей, як кажуць, толькі там, дзе нас няма. Таму не саромейцеся і  размаўляйце па-беларуску!

Ад аўтара.

Ну вось, як бачыце, суразмоўцы адказалі больш чым на “выдатна”. Таму і мне застаецца толькі падкрэсліць, што нам, беларусам, не толькі патрэбна ведаць родную мову, але і размаўляць на ёй, і ганарыцца.  Яна наша спадчына і наш грамадзянскі скарб. Больш таго, як сказаў Янка Сіпакоў, мы павінны яе захоўваць: “Нібы маці берагчы працаўніцу нашу – мову, бо яна – жыцця зачын і пачатак песні новай!”

Наталля КАНОПЛІЧ, фота аўтара.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: