З 20 па 24 чэрвеня ў гарадскім пасёлку Акцябрскі праходзіў X Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня». Маштабнае дзейства ўключала ў сябе адразу некалькі пляцовак, адной з якіх стаў XIV Рэспубліканскі конкурс выканаўцаў беларускіх народных бытавых танцаў «Лявоніха».
Сваё майстэрства на конкурсе паказвалі больш за 100 пар пяці ўзроставых груп. 23 пары прадстаўлялі першую намінацыю – дзеці 9-12 гадоў. А лепшымі сярод іх сталі мазыране!
Навучэнцы Мазырскай дзіцячай школы мастацтваў № 3 Віялета Еўдакавец і Лявон Фельдман за некалькі фестывальных дзён станчылі восем народных танцаў. Яны здзіўлялі журы і гледачоў танцамі «Лявоніха», «Мальвіна», «Козачка», «Падэспань», «Мікіта», «Птушачкі», «Какетка», «Імправізацыйная полька». Як кажа настаўніца па харэаграфіі ДШМ № 3 Наталля Аляксееўна Ярмоленка, якая рыхтавала Віялету і Лявона на конкурс, мазырскія дзеці спадабаліся журы яшчэ ў чвэрцьфінале конкурсу, і званне лаўрэатаў І ступені было заканамерным.
Трэба дадаць, што мазыране з поспехам выступілі на абласным конкурсе «Вытокі» ў мінулым годзе – занялі І месца і атрымалі запрашэнне на ўдзел у буйным фестывалі «Берагіня».
З перамогай, Лявон і Віялета!
Алена МЕЛЬЧАНКА.
Фота Аляксандра САЛАДКОВА.