У «Вясковую хату»? Калі ласка!

377

Для арганізацыі вольнага часу людзей сталага ўзросту ў Козенскім доме культуры існуе вось ужо шэсць гадоў «Вясковая хата». Што ж гэта за хата такая цудоўная, што пенсіянеры так і імкнуцца туды, каб прабавіць там адвячорак-другі? Гэтае пытанне журналіст газеты «Жыццё Палесся» задала дырэктару Козенскага дома культуры Мікалаю Васільевічу ТУРАЎЦУ.


– Адзін час, калі праходзілі моладзевыя вечары адпачынку, людзей у клубе было шмат. Мы ўвесь час стараліся падшукваць новыя формы падачы: дым, святламузыка, лазернае шоу… Аднак паступова моладзь перабазавалася ў горад, бо там для іх, мабыць, цікавей, – пачаў расказваць Мікалай Васільевіч. – А вось гадоў шэсць таму прыйшла да нас ідэя шукаць новыя формы работы з людзьмі рознага ўзросту. Для гэтага ўспомнілі гады, калі пачынала сваю дзейнасць «Радуніца»: мы ладзілі адкрытыя рэпетыцыі, на якія прыходзілі людзі старэйшага ўзросту і паказвалі, як яны танцавалі раней, у маладосці. Менавіта гэтыя падказкі ад насельніцтва і бралі ў рэпертуар ансамбля – акультурвалі і рабілі сцэнічныя нумары.

Каб танцавальная зала не пуставала, кіраўніцтва клуба вырашыла вярнуць сюды людзей сярэдняга і старэйшага ўзросту, пры гэтым не ўганяючы ў рамкі сцэнара. Дарэчы сказаць, Мікалай Васільевіч сам з пяці гадоў грае на гармоніку. «За сваё жыццё я перайграў столькі вяселляў, застолляў, провадаў, да і ўвогуле святочных вечароў, што знаю ўсю гэтую кухню.

У дзяцінстве і маладосці я бачыў, як людзі імправізавалі! Тады ж сцэнарыяў ніякіх не было, вядучых і тамады не было. Пагэтаму мы вырашылі паспрабаваць вярнуць колішняе», – прызнаецца дырэктар клуба.

Спачатку збіраліся па 5-10 чалавек, спявалі нейкія старадаўнія песні, узгадвалі танцы, потым падключылі гармонік, барабан. І паступова ў людзей з’явілася цікавасць да такіх вечароў.

– Памятаю, час ужо восеньскі, суботні вечар, мы сабраліся ў «Вясковай хаце» і спяваем народныя песні. Ну, натуральныя вячоркі! – смяецца Мікалай Васільевіч. – З цягам часу пра нашы вячоркі даведаліся ў горадзе. Пачалі прыязджаць не проста з Мазыра, а нават з Пхова, са станцыі Мазыр, з Калінкавічаў!

Так у чым жа «фішка»? Што ў «Вясковай хаце» ёсць такога, чаго няма ў другіх вясковых клубах? Мікалай Васільевіч адказвае на пытанне проста і як само сабой зразумелае: выключна жывая музыка. Аналагаў «Вясковай хаце» ў Гомельскай вобласці няма наогул.

Па словах Мікалая Васільевіча, хтосьці на вячорках падыходзіць з просьбай прачытаць верш, хто-небудзь хоча песню праспяваць, хтосьці – на сваiм гармоніку сыграць. Яны як быццам вяртаюцца ў час сваёй маладосці, танцавальных вечароў у гарадскім парку ці ў вясковым клубе. Паводзяць сябе так, як шмат гадоў таму. Заўважаць гэта вельмі цікава. Многія пенсіянеры кажуць: «З пультам у тэлевізара можна нажыць толькі хваробы».

– Дзве гадзіны жывой музыкі і жывых стасункаў спрыяюць паляпшэнню самаадчування. Я вам сур’ёзна кажу! – завярае дырэктар клуба. – Напрыклад, два-тры гады таму з мікрараёна Чыгуначны прыехала бабулька з кавенькай. Падыходзіць да мяне і кажа: «Сынок, сыграй мне «Барыню». Я танцавать не буду, мне хоць бы паслухаць». Ну, мы й зайгралі. Спачатку яна каля стульчыка прытанцоўвала, а ўжо праз некалькі хвілін не ўтрымалася, адкінула сваю кавеньку і ў скокі пусцілася. А калі на прыпынак пайшла, каб дамоў дабрацца, разгублена заўважыла, што кавеньку забылася. Дзяўчаты ледзь дагналі яе, каб вярнуць.

Калі ў 9 гадзін вечара яны заходзяць у аўтобус, каб ехаць дадому, то аўтобус увесь гудзе ад песень, эмоцыі яшчэ не сціхаюць. Вадзіцелі жартуюць, маўляў, цяпер пачнуць разгойдваць аўтобус. Мікалай Васільевіч кажа, што вадзіцелі аўтобусаў прызнаюцца, што ўсё роўна як вяселле возяць з Козенак.

Некаторыя адзінокія пенсіянеры знайшлі сабе пару, некаторых звязала моцнае сяброўства. Мікалай Васільевіч кажа, што аднойчы ў «Вясковую хату» наведаліся жыхары Наваполацка – верагодна прыехалі да сваякоў у Козенкі. Дык вось яны паскардзіліся, маўляў, ах, калі б у нас у Наваполацку такое было.

Адной з актыўных і пастаянных наведвальніц «Вясковай хаты» з’яўляецца Вольга Аляксееўна Андрусевіч. Давайце дазнаемся, што яна раскажа пра гэты від адпачынку.

– Кожны суботні вечар я прыязджаю ў «Вясковую хату» Козенскага дома культуры, каб адпачыць душой, сустрэцца з цікавымі людзьмі, паслухаць песні, да і паспяваць таксама. Тут жывы гук, грае ансамбль народнай музыкі «Радуніца» пад кіраўніцтвам вопытнага і таленавітага Мікалая Васільевіча Тураўца. Сюды прыходзяць не толькі жыхары вёскі, але едуць і з Мазыра, і нават з Калінкавічаў, – расказвае Вольга Аляксееўна.

Жанчына захапляецца танцавальнай залай Дома культуры – сапраўдны музей беларускай народнай творчасці. І чаго тут толькі няма! Тут і рушнікі, і абрусы, посцілкі, якія ткалі доўгімі зімнімі вечарамі бабулі і матулі. Гэта і вышыванкі, вязанне, хусткі, драўляны посуд, ткацкія прыстасаванні і шмат іншых рэчаў – вельмі цікавая выстава.

– Калі пападаеш у «Вясковую хату» і чуешь гармонік, бубен, баян, кантрабас, цымбалы, то душа, здаецца, пераходзіць у другі стан і час, цудоўныя спевы дзяўчат з ансамбля, жывая музыка проста заварожваюць, што выстаяць немагчыма – ногі самі просяцца танцаваць. Дзве гадзіны пралятаюць як дзве хвіліны. Тут успамінаецца наша дзяцінства, юнацтва, бацькі, гучыць родная мова – настрой у кожнага цудоўны! Душа просіць танчыць і спяваць! – прызнаецца жанчына.

Яшчэ Вольга Аляксееўна рассказала, што на гэтых суботніх вячорках прысутныя чытаюць байкi, вершы на роднай мове, кожнаму жадаючаму дазваляецца праспяваць у мікрафон ці сыграць на гармоніку сваю любімую мелодыю. Абавязкова дружным карагодам віншуць тых, у каго юбілей ці дзень нараджэння. Вельмі цікава праходзяць такія вечары ў «Вясковай хаце» менавіта ў нашым беларуска-палескім накірунку. Танцуем не толькі вальс і польку, але і амаль забытыя факстрот, нарэчаньку, падэспань.

– Акрамя гэтых цікавых вечароў, Мікалай Васільевіч вядзе кружок «Беларуская спадчына», куды збіраюцца 20–30 чалавек і развучваюць забытыя беларускія танцы: «Ойра», «Месяц», «Каробачка» (скрыначка) і іншыя. Менавіта тут адбываецца адраджэнне нашай беларускай культуры, без якой жыць нам, патрыётам сваёй цудоўнай краіны, проста немагчыма, – упэўнена Вольга Аляксееўна.

Напрыканцы нашай размовы жанчына дабавіла:
– Хочацца сардэчна падзякаваць і нізка пакланіцца ансамблю «Радуніца» і асабіста Мікалаю Васільевічу Тураўцу, які трымаецца правільнага накірунку, і з якім нам моцна пашанцавала, пажадаць усім моцнага здароўя і далейшых поспехаў у творчай дзейнасці ад імя ўсіх удзельнікаў за такія цёплыя і цікавыя для нас сустрэчы. Пажадана, каб на гэтыя вечары прыходзіла больш моладзі, – так мы зможам перадаць эстафету сваім дзецям, унукам і праўнукам, таму што сваю культуру трэба моцна любіць і шанаваць, захоўваць дзеля будучага пакалення.

Вольга ЛАСУТА.
Фота аўтара.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: