Помнік людзям Палесся. Сёлета вёска Пагост адзначае сваё 500-годдзе

163

Старадаўняе сяло знаходзіцца на Тураўшчыне, у міжрэччы Прыпяці і Сцвігі, у адным з самых прыгожых і маляўнічых месц Беларусі.

У вёскі ўнікальнае месцазнаходжанне і надзвычай цікавы лёс. Бо не кожнаму паселішчу выпала гістарычна знаходзіцца ў акружэнні лясных угоддзяў і водных прастораў, а цяпер быць тэрытарыяльна ў складзе Нацыянальнага парка «Прыпяцкі», створанага ў 1996 годзе на базе аднайменнага запаведніка і Прыпяцкага прагібу. А гэта – велізарная прастора паміж Старобінам, Жыткавічамі, Туравам і Петрыкавам, дзе ёсць багацейшыя залежы гаручага сланцу, бурага вугалю, торфу, гліны, пяску, сапрапелі і іншай мінеральнай сыравіны.
Адметна яшчэ і тое, што жыхары Пагоста збераглі духоўную спадчыну і ўвайшлі ў дваццаць першае стагоддзе з сабранай і сістэматызаванай разнастайнай песеннасцю, традыцыямі і абрадамі, прычым у не кранутым часам выглядзе. Такое наўрад ці знойдзеш у іншых рэгіёнах нашай краіны! У вёсцы і цяпер жывуць самабытныя паданні і легенды, якія перайшлі з мінулых вякоў, вядомы дзівосныя прадметы быту, шматлікія рэліквіі і сімвалы – сапраўдныя культурныя каштоўнасці народа.

Выдатны падарунак сваім землякам з нагоды юбілею малой радзімы зрабіў і ўраджэнец Пагоста Міхась Кузьміч. Пісьменнік, публіцыст, кандыдат філасофскіх навук, аўтар многіх кніг, лаўрэат літаратурных прэмій і носьбіт заслужаных ганаровых званняў і ўзнагарод, ён падрыхтаваў і выдаў кнігу «Мой Пагост» (летапіс вёскі з адступленнямі) (Віцебск, Віцебская абласная друкарня, 2020 год). Выданне напісана на беларускай мове – другое па ліку (першае выйшла ў свет у 2018 годзе на рускай мове), творча перапрацаванае і дапоўненае. Дарэчы, такая ўнікальная кніга ў нашай краіне была напісана і выдадзена аўтарам упершыню, што адзначалася многімі даследчыкамі. Праца аб’ёмам больш чым дваццаць улікова-выдавецкіх лістоў з ілюстрацыямі прысвечана адной вёсцы! Аўтар сродкамі роднай мовы перадаў гучанне і прыгажосць, напоўніў старонкі кнігі паэзіяй і сэнсам, пагосцкімі сенажацямі, маленькімі азёрамі, ручаінамі, палямі і гаямі. Прывёў мноства мясцовых тапонімаў, расшыфраваў іх значэнне. Паказаў пакаленне самабытных людзей, якія пакінулі на роднай зямлі незабыўны след. Пісьменнік з любоўю і замілаваннем адзначае: «…не бачыў нідзе вёскі, якая б нагадвала нашу. Пагост належыць да аднаго з самых маляўнічых паселішчаў краіны і сярод іх шматлікасці вылучаецца сваімі непаўторнымі рэальнымі жыццёвымі асаблівасцямі».

У сваёй гісторыка-дакументальнай хроніцы, дзе выкарыстаны шматлікія архіўныя даныя і матэрыялы друку, Міхась Кузьміч прасочвае гісторыю вёскі ад самых вытокаў, з часу яе «нараджэння». Ён піша: «У некаторых крыніцах існуе спасылка на тое, што ўпершыню вёска ўпамінаецца ў летапісе Тураўскага краю ў пачатку ХVI стагоддзя. У 1520 годзе князь Канстанцін Астрожскі, якому яна належала, перадаў вёску ў валоданне Тураўскаму Свята-Успенскаму сабору. Гэтая дата лічыцца яе нараджэннем, вобразна кажучы, годам «нараджальнага крыку». Сам акт перадачы, або дарэння, пацвярджае згадку пра тое, што Пагост існаваў раней. Для мяне значнасць упамінання ўяўляе сабой тую гістарычную першааснову, на якую можна нанізваць услед, як пацеркі на нітку, факты, падзеі, лічбы, справы, лёсы землякоў не аднаго пакалення. А гэта значыць – усё тое, што завецца сялянскім жыццём».

І трэба аддаць належнае аўтару, кніга атрымалася грунтоўная: з дакументальнай дакладнасцю выкладзены важнейшыя факты з гісторыі Пагоста ад даўніны да нашых дзён, дадзена аб’ектыўная характарыстыка сацыяльна-эканамічнага развіцця паселішча ў кантэксце са становішчам у раёне, вобласці, краіне, праўдзіва паказана жыццё палешукоў у самыя пераломныя перыяды. Пісьменнік стварыў яркія, запамінальныя вобразы сваіх землякоў, якія ў любых умовах знаходзілі шчасце ў добрасумленнай працы на зямлі, мужна змагаліся з нягодамі, якія прыносілі ім прыродныя і грамадскія катаклізмы. З гонарам расказвае ён пра дасягненні жыхароў Пагоста ў шматлікіх галінах дзейнасці, асабліва ў савецкія часы, калі пагастчане па выніках сваёй працы неаднаразова былі ўдзельнікамі прэстыжных выставак і форумаў, атрымлівалі дзяржаўныя ўзнагароды і пашану. А выдатных людзей у гэтай вёсцы заўсёды было вельмі многа! І амаль пра кожнага аўтар расказаў, прасачыў за іх лёсамі, часта складанымі і трагічнымі. Цікава, што самі жыхары вёскі, якія паспелі ўжо азнаёміцца са зместам кнігі, адзначаюць гэты характэрны момант: іх зямляк, які на славу папрацаваў над выданнем, стварыў цудоўны пісьмовы помнік лепшым людзям Палесся!

Не абмінуў аўтар кнігі і трагічныя моманты ў жыцці роднай вёскі, яскрава адлюстраваў па-дзеі, якія адбываліся падчас Першай сусветнай і Грамадзянскай войнаў, у гады нямецка-фашысцкай акупацыі. Паказаў мужнасць і гераізм людзей, а таксама гора і пакуты, якія давялося перанесці мірным жыхарам падчас войнаў і іншых катаклізмаў. Паклапаціўся і пра спісы тых, хто загінуў ад рук гітлераўцаў і іх паслугачоў, хто пабываў у нямецкім рабстве…

Аўтар прызнаецца: «Кожны новы дзень наш пачынаецца з раніцы. А ў мяне яшчэ і са звяртання ў думках да бацькоўскага дома, магіл бацькоў, да Тура, Прыпяці і Сцвігі, да тых сцежак і бальшакоў, якія памятаюць нашае басаногае дзяцінства. Туды, дзе заўсёды проста ад глыбокага ўсведамлення, што нічога ў жыцці не паўтараецца і не вяртаецца. Дзеянне з рознымі адценнямі западае ў душу, як рытуал і як малітва для верніка».

Хвалюе яго і далейшы лёс роднай вёскі. І ён выказвае свае патаемныя і галоўныя пачуцці: «Жыві, родная вёсачка, жыві доўга, наш непаўторны прыстанак, абуджай у кожным лепшыя пачуцці і высакародныя намеры! Няхай для цябе заўсёды, пры любых абставінах, знойдзецца месца на гэтай прыгожай, Богам блаславёнай міжрэчанскай зямлі!» На яго думку, як бы, што ні гаварылі філосафы новай сучаснай свабоды і касмапаліты, не існуе чалавека без роднага краю – найвялікшай духоўнай каштоўнасці. І мы шчаслівыя, што ў нас ёсць яна – гэтая маленькая кропка на агромністай карце планеты пад назвай – малая радзіма!

Міхась СЛІВА,
член Гомельскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: