Васiль Шур, доктар фiлалагiчных навук: «Беражыце беларускае слова»

128

Мы можам ганарыцца адметнай прыгажосцю роднага краю і ўсёй сінявокай Беларусі. Але, гаворачы аб прыгажосці прыроды, трэба казаць пра сакавітасць і мілагучнасць нашай роднай беларускай мовы. Яно і някепска – разумець суседскую мову, добра валодаць замежнай, але найперш трэба ведаць сваю. Кожная мова мае нешта цікавае, але той мілагучнасці, якая ёсць у мове роднага краю, вы не пачуеце нідзе. Менавіта ў гэтым перакананы наш сённяшні субяседнік Васіль Васільевіч ШУР, прафесар, доктар філалагічных навук, які больш за паўстагоддзе прысвяціў лінгвістыцы.

Стадоліцкія ўніверсітэты

У жыцці кожнага чалавека ёсць тое месца, дзе ён з’явіўся на свет, і якое да скону дзён сваіх ён будзе лічыць найлепшым, родным, святым…

Будучы прафесар беларускай філалогіі Васіль Шур нарадзіўся 26 чэрвеня 1946 г. у вёсцы Стадолічы Лельчыцкага раёна ў сям’і калгаснікаў. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў ліпені
1943 г. акупанты амаль дашчэнту спалілі гэтую палескую вёсачку і забілі 58 яе жыхароў. У памяць аб загінуўшых на франтах і ў партызанскай барацьбе на лельчыцкай зямлі ў 1967 г. усталяваны абеліск, які напамінае сучаснікам аб мінулым і перажытым. Не абмінула вайна цяжкімі выпрабаваннямі тых, хто застаўся ў жывых, таму што патрэбна было адбудоўвацца, аднаўляць жыццё на мірнай зямлі…
Франтавымі дарогамі ад пачатку і да канца вайны прайшоў і бацька нашага субяседніка – Васіль Дзямідавіч. У свой час ён удзельнічаў і ў вайне з белафінамі. Сярод яго шматлікіх узнагарод – медаль «За адвагу», які каштаваў яму жыцця. Свой уклад у барацьбу з ворагам унесла таксама і маці нашага земляка – Лідзія Конанаўна: у 1941 г. разам з жанчынамі-паляшучкамі ратавала калгасную жывёлу ад пагібелі (пешшу яны гналі больш 500 кароў амаль да Варонежа). Цётка Ганна (родная бацькава сястра) – былая партызанка атрада Фёдарава – разам з маленькім сынам загінулі ад рук бандэраўцаў. Вось тыя мужныя і родныя вобразы, якія сталі прыкладам па жыцці для пакалення, атрымаўшага статус «дзеці вайны»…

Васіль і яго брат Міхась нарадзіліся ў першыя пасляваенныя гады. Пазней, у 50-х, – сястра Валянціна. Гады маленства былі цяжкія, дзеці спазналі нястачу і зразумелі, што ўсё пачынаецца з працы. Сельскім хлапчукам прыйшлося рана навучыцца трымаць у руках касу і сякеру, дапамагаць бацькам ва ўсіх справах. Радаваліся, калі бачылі ў вачах родных падзяку і задавальненне, што не растуць гультаямі. І тое, што ў аснове ўсяго дабрабыту – праца, Васіль засвоіў на ўсё будучае жыццё. Менавіта гэтая выснова стала аксіёмай падчас вучобы i ў школе, i ва ўніверсітэце, а потым і вайсковай службы… Таму ён зноў і зноў сцвярджае, што менавіта праца стала дамініруючай асновай яго жыцця ў розныя перыяды.

Старт у педагогіку

Азіраючыся на пройдзены шлях даўжынёю ў больш за сем з паловай дзясяткаў гадоў, Васіль Васільевіч лічыць, што правільны напрамак па жыцці, як і выбар прафесійнай дзейнасці, яму падказаў першы настаўнік Адам Дзмітрыевіч Машчыц. Афіцэр-франтавік меў вялікі аўтарытэт сярод вяскоўцаў, таму здолеў не толькі перад сельскім хлапчуком адчыніць акно ў краіну ведаў,
а і абудзіць прагу да літаратуры. Яго цікавыя ўрокі, дзе перавага надавалася чытанню і пісьму, пакідалі ў душы моцнае ўражанне. Хацелася чытаць залпам. Ужо з пачатковых класаў у Васіля Шура з’явілася моцная любоў да беларускага слова. Не па аднаму разу перачытваў творы Янкі Маўра, Якуба Коласа, Льва Талстога…

І не дзіва, што пасля заканчэння Стадоліцкай сярэдняй школы юнак без разважання паступіў на філалагічны факультэт Мазырскага педагагічнага інстытута. Падчас навучання адчуваў падтрымку ад Васіля Купрэенкі, які выкладаў дыялекталогію і гістарычную граматыку беларускай мовы. Падчас вучэбных экспедыцый сур’ёзна захапіўся зборам матэрыялаў, якія потым увайшлі ў дыялектычны атлас беларускай мовы. Некаторы час пасля заканчэння інстытута выкладаў геаграфію, беларускую і рускую мовы і літаратуру ў школе на радзіме. Потым прыйшоў час вайсковай службы. Служыць выпала у Вышэйшым авіяцыйным вучылішчы Паўночна-каўказскай ваеннай акругі. Гэты перыяд, па словах субяседніка, які быў звязаны з вялікай адказнасцю за небяспечнаць палётаў ваенных лайнераў, паспрыяў фарміраванню моцных мужчынскіх і грамадзянскіх рысаў яго характару. Пасля службы ў войску Васіль Шур не паспеў прыступіць да педагагічнай дзейнасці ў школе, таму што атрымаў прапанову ад прарэктара Мазырскага педінстытута В. Купрэенкі заняць пасаду асістэнта на кафедры мовазнаўства. Такім чынам праз год ён стаў аспірантам доктара філалагічных навук прафесара Фёдара Янкоўскага.

Дасягненні ў лінгвістычнай дзейнасці

Па вялікаму рахунку шлях Васіля Шура ў навуку пачаўся ў 70-я гг.: у 1974 г. ён паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю пасля заканчэння аспірантуры Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М. Горкага (зараз імя М. Танка). У Мазырскім педінстытуце імя Н. К. Крупскай, потым ва ўніверсітэце імя І. П. Шамякіна ён прайшоў усе ступені навуковага росту: асістэнт кафедры мовазнаўства, старшы выкладчык кафедры беларускай і замежных моў, дацэнт кафедры беларускай мовы, дэкан факультэта педагогікі і методыкі пачатковага навучання, доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры беларускага мовазнаўства, прафесар кафедры беларускай і рускай філалогіі.

Навуковая дзейнасць Васіля Шура даволі шматгранная, але ў першую чаргу яна звязана з даследаваннем праблем лексікалогіі, анамастыкі, дыялекталогіі, лексікаграфіі, методыкі выкладання беларускай мовы, лінгвістычнага краязнаўства. З канца 70-х гг. XX ст. ён актыўна пачаў займацца вывучэннем анамастычных адзінак: асабістых уласных імёнаў, мянушак, прозвішчаў, шматлікіх тапанімічных назваў. Вынікам гэтага стала доктарская дысертацыя «Анамастычная лексіка ў мове беларускай мастацкай літаратуры», паспяхова абароненая ў 2004 г. у Беларускім дзяржаўным універсітэце. Пад кіраўніцтвам прафесара В. В. Шура працягвалася даследаванне надзвычай актуальных у мовазнаўстве праблем тапанімікі і літаратурнай анамастыкі, а ў апошні час – анамастыкону Мазырска-Прыпяцкага Палесся як культуралагічнага і этнаграфічнага кампанента духоўнай культуры насельніцтва рэгіёну. Работы выконваліся ў рамках дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў.

«Я быў шчаслівы, калі адкрываў чытачу нанова беларускае роднае слова з новага боку, нібы з самой глыбіні палесскае зямлі», – гаворыць Васіль Васільевіч.

На ніве роднага слова

Кажуць, што пра добры ўраджай судзяць па намалоту зерня. А якім жа атрымаўся ўмалот ў прафесара на ніве даследаванняў?

Навуковая спадчына прафесара Васіля Шура – больш за 350 навуковых прац, рэспубліканскіх праграм i падручнікаў, у тым ліку дзясяткі манаграфій.
Зараз яго навуковую справу актыўна працягваюць аспіранты, якія абаранілі пад кіраўніцтвам прафесара свае кандыдацкія дысертацыі: А. А. Валасенка (2003 г.), А. В. Кавалёва (2013 г.), Г. В. Юдзянкова (2014 г.),
В. Р. Слівец (2021 г.).

Каштоўныя парады i крытычныя заўвагі навуковага кіраўніка заўсёды дапамагалі ім знаходзіць адказы на любыя пытанні ў даследаванні беларускай літаратурнай анамастыкі i тапанімікі. Выхаваўча-пазнавальныя, філалагічныя вартасці кніг i артыкулаў В. Шура засведчаны ў шматлікіх рэцэнзіях, падрыхтаваных i апублікаваных М. Станкевічам, А. Карлюкевічам, А. Лаўрэнавым, Г. Мезенка, М. Прыгодзічам, М. Даніловічам, Б. Круком, С. Курашам, У. Сяргеем, А. Валасенка, А. Кавалёвай, В. Слівец, Г. Юдзянковай i іншымі. Праца Васіля Васільевіча Шура на ніве роднага слова адзначана медалём «За працоўныя заслугі». За шматгадовыя плённую працу і поспехі ў падрыхтоўцы кваліфікаваных педагагічных кадраў, значны ўклад у развіццё навукі і вучэбна-метадычнае забеспячэнне выкладання лінгвістычных дысцыплін, захаванне і творчае даследаванне культурна-гістарычных традыцый Палескага рэгіёна ён узнагароджаны знакам «Выдатнік народнай асветы», шматлікімі Граматамі Міністэрства асветы БССР, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскага аблвыканкама, Мазырскага гарсавета і гарвыканкама.

Безумоўна, асабістым скарбам прафесара Шура з’яўляецца сям’я, якую ён і яго жонка Валянціна Вячаславаўна шануюць на працягу больш за 50 гадоў, а сын Сяргей і дачка Ганна, унук і ўнучка – працяг іх жыцця!

А вось што кажуць пра В. В. Шура калегі і аднадумцы:

А. М. Мезенка, г. Віцебск: «…выдатны даследчык літаратурнай анамастыкі, пачынальнік гэтага напрамку навукі пра ўласныя імёны ў Беларусі, таленавіты навуковы кіраўнік, дзейнасць якога непарыўна звязана з падрыхтоўкай кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі».

Н. А. Даніловіч, г. Гродна: «…В. Шур паўстае не толькі як глыбокі вучоны, але і як асоба, для якой анамастыка не толькі матэрыял навуковага аналізу, але і штосьці большае, дарагое, самабытнае, вартае клопату і абароны».

С. Ф. Бут-Гусаім, г. Брэст: «…не могуць не ўражваць уласцівыя толькі працам прафесара Шура глыбіня, трываласць агульнагуманітарных і спецыяльных ведаў, уменне цікава іх прэзентаваць для вырашэння адукацыйных і выхаваўчых задач…».

В. Лякін, краязнаўца, г. Калінкавічы: «…велізарная заслуга ў навуковым развіцці краязнаўства і тапанімікі Мазырскага Палесся, дзе галоўнае месца займае лінгвістычнае краязнаўства, належыць прафесару В. В. Шуру. Знаёмства з яго навуковымі творамі аднойчы навяло мяне на думку напісаць нешта падобнае на калінкавіцкім матэрыяле…».

Замест пасляслоўя

Максім Танк гаварыў: «Нашу беларускую мову не раз спрабавалі знішчыць, але ж яе данеслі да нас продкі. Няма ніводнага вобраза, з’явы, пачуцця, якіх не змагла б перадаць нам наша мова. Яна самая звонкая, пявучая, жывая, непаўторная, ласкавая і самая дарагая для кожнага беларуса…».

А колькі створана легенд і паданняў – цэлае багацце!.. «Шануйце ж мову сваю», – прызывае нас доктар філалагічных навук, прафесар Васіль Шур, які справе захавання роднай мовы прысвяціў больш за паўстагоддзе. А што тычыцца любові да малой радзімы, то ён зазначае, што толькі там, на зямлі сваіх продкаў, і раны зацягнуцца і боль «устадоліцца». Пагадзіцеся, што ў сэрцы кожнага з нас жывуць свае Стадолічы. І гэта, бясспрэчна, так!

Наталля КАНОПЛІЧ.
Фотаздымак з архіва.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: