23 мая 2025 года ў 16.00 у выставачнай зале адкрые дзверы выстаўка выяўленчага мастацтва. Выстава – гэта заўжды адкрыццё света прыгажосці і дабраты. Уменне не толькі бачыць, але і тварыць, увасабляць свае фантазіі ў малюнках пад сілу толькі творчаму чалавеку.
Студыя выяўленчага мастацтва «Чысты ліст» створана ў 2015 годзе у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Навабеліцкага раёна г. Гомеля. У студыі штогод займаецца каля 60 навучэнцаў ва ўзросце ад 6-ці да 16 гадоў. Нягледзячы на свой малады ўзрост, студыя заваявала папулярнасць сярод дзяцей і іх бацькоў. Тут існуе група для дарослых, якія захапляюцца выяўленчым мастацтвам. Творы дарослых студыйцаў прадстаўлены на выставе «Натхненне».
Гэта выстаўка – дэбют дарослых удзельнікаў студыі. На выстаўцы паказаны творы розных жанраў – ад пейзажаў і нацюрмортаў да партрэтаў і абстракцый. Карціны выкананы ў такіх тэхніках, як алей, акрыл, акварэль, гуаш, каляровые алоўкі і іншых. У кожным творы закладзена часцінка душы аўтара. Атрымліваючы асалоду ад гэтай прыгажосці, па-новаму пачынаеш успрымаць свет. У гэтым і заключаецца магія мастацтва – адчыняецца свет ва ўсёй сваёй разнастайнасці колераў. У творах многа душэўнага цяпла, кахання, радасці і натхнення.
Выкладае ў студыі педагог дадатковай адукацыі, член Беларускага саюза мастакоў, член Беларускага саюза дызайнераў Іван Васільевіч Андрасюк.
«Чысты ліст» – гэта не толькі месца, дзе можна навучыцца маляванню і жывапісу, але і сапраўдны цэнтр творчасці і натхнення.
Выстаўка адкрыта з 23 мая па 14 чэрвеня 2025 года. Узроставая катэгорыя наведвальнікаў выставы 0+.
Уваход вольны! Месца правядзення: выставачная – зала «ГАЦНТ»
(вул. Ірынінская, 19). Час працы: аўт.–пт.: 9.30–18.30; сб.: 9.00–17:20; нд.–пн. – выходны. Кантактны тэлефон (80232) 33-90-54.